ІХ свята мастацтваў “Мірскі замак-2011”

Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчыка адбылося пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню ІХ свята мастацтваў “Мірскі замак—2011”.
Мастацкі шэдэўр і гонар айчыннай архітэктуры, помнік сусветнай значнасці, Мірскі замак з’яўляецца сімвалам узнаўлення мастацка-гістарычнай спадчыны Беларусі, якая ажывае ў розных іпастасях ды рэаліях, у тым ліку музычных. Менавіта яны ажываюць у асветніцкіх імпрэзах, што будзе ладзіць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і  Карэліцкага райвыканкама.
А яшчэ Мір, паяднаўшы сімволікай сваёй назвы розныя плыні, традыцыйна лучыць культурны свет у яго мастацкіх і навуковых увасабленнях, яднае многія віды творчасці — ад архітэктуры да жывапісу, музыкі розных жанраў і эпох. Таму невыпадкова, што на фэстах у Міры сёлета прагучаць і творы старадаўніх кампазітараў (ураджэнцаў Гродзенскай зямлі са слыннага роду Карловічаў), і духоўныя сачыненні мінулых стагоддзяў, і эстрадная музыка, якая ўвасабляе подых сённяшняга дня, яго маладзёжнага руху, разгорнутага ў будучыню беларускага мастацкага  жыцця.
Плануецца, што свята адбудзецца 28 мая. Тэма яго — “Мірскі замак — гонар ЮНЕСКА”.

У 10.30 ва ўнутраным дворыку замка будзе выступаць ансамбль “Інтрада” заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.
У абноўленых залах выступіць камерны хор, які выканае творы, прысвечаныя ветэранам вайны і працы Карэліцкага раёна.
Мяркуецца, што ў 13 гадзін у пасялковым Савеце збяруцца на прэс-канферэнцыю журналісты рэспубліканскіх і мясцовых сродкаў масавай інфармацыі.
У Доме культуры г. п. Мір таксама чакаецца шмат гасцей. У      14 гадзін адбудзецца прэм’ерная канцэртная праграма “Музычная спадчына Беларусі: песняры Гродзенскай зямлі Ян і Мечыслаў Карловічы”, а таксама выступяць ансамблі флейтыстаў, трубачоў, кларнетыстаў, салістаў на драўляных духавых інструментах, вакальны ансамбль і струнны аркестр.
Цікавая сустрэча чакаецца ў Мікалаеўскім касцёле гарпасёлка, дзе ў 15.30 будзе гучаць духоўная музыка Беларусі.
А ў 17.30 у Карэлічах у раённым Доме культуры пройдзе сустрэча народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга з творчымі калектывамі Карэліцкага раёна і адбудзецца гала-канцэрт, дзе выступяць лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў: Святлана Вежнавец, Таццяна Глазунова, Яна Старцава, Наталля Тамэла, Юрый Вашчук, Дзмітрый Качароўскі, Галіна Грамовіч, Руслан Мусвідас і многія іншыя вядомыя артысты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.