На сопках Манчжурыі

На сённяшні дзень у Карэліцкім раёне жывуць  107 удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам, на вялікі жаль, іх становіцца ўсё менш. Адыходзяць ад нас былыя франтавікі і народныя мсціўцы, працаўнікі тылу, чыя баявая маладосць была апалена полымем ва ўсенародным змаганні з гітлераўскім фашызмам, хто на заводах і фабрыках каваў перамогу над ворагам, забяспечваў франтавікоў усім неабходным.
Мала іх засталося ў жывых, таму гонар і пашана ім, гэта даніна памяці абаронцам за свабоду і незалежнасць нашай Айчыны. Жывым і загінуўшым.
Клопат улад пра ветэранаў праяўляецца пастаянна ва ўсіх сферах жыцця, сацыяльнай абароны.

Па традыцыі, напярэдадні Дня Перамогі ў абласным выканаўчым камітэце ладзіцца сустрэча ветэранаў з кіраўніцтвам аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Сёлета ветэранскую арганізацыю нашага раёна на прыёме ў губернатара прадстаўляў Іван Маркавіч Тур, які жыве ў Варончы.


Ніжэй мы публікуем расказ пра яго баявую маладосць.
У прыгожым куточку на ўскраіне Варончы жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы старшына Іван Маркавіч Тур. Ураджэнец Палтаўскай вобласці і падумаць не мог, што лёс прывядзе яго ў сінявокую Беларусь, а яшчэ больш, што шлях на Карэліччыну будзе цярністы, небяспечны, але пачэсны шлях пераможцы над мілітарысцкай Японіяй.
Сямнаццацігадовага ўкраінскага парубка прызвалі ў армію ў кастрычніку 1944 года і на працягу шасці месяцаў вучылі майстэрству ваяваць у вучэбным запасным палку. Навабранцаў меліся накіраваць на германскі фронт, але на той момант гітлераўцы капітулявалі і загад быў дадзены на Усход.
Спачатку па чыгунцы, а затым пешым маршрутам цераз пустыні Манголіі падраздзяленні трымалі курс на Манчжурыю, дзе адчайна змагалася Квантунская армія японцаў.
Можна сказаць, што ўсе “радасці пекла” чырвонаармейцы выпрабавалі яшчэ задоўга да пачатку баявых дзеянняў. Незвычайная спякота, адсутнасць вады валілі з ног.
Іван Тур, наводчык процітанкавага ружжа, вытрымаў пераход, а баявое хрышчэнне атрымаў у складзе 695 стралковага палка ў сутычцы з ворагам на маршы. А здарылася так, што адзін з савецкіх батальёнаў трапіў у акружэнне японцаў, і палку была пастаўлена задача з ходу атакаваць японцаў і прарваць акружэнне.
Змучаныя 50-кіламетровым маршам байцы і камандзіры з гонарам выканалі баявую задачу і таварышаў па зброі вызвалілі.
— Вось тады мы і ўбачылі, што самураі ў палон жывымі не здаюцца, а канчаюць жыццё ўласнымі рукамі, — успамінае Іван Маркавіч. — Пазней, праўда, ім часу на харакіры не хапала, а можа і жаданне да гэтага прапала, бо пайшлі ўжо і палонныя.
Пастаянныя сутычкі доўжыліся да верасня 1945 года. А потым працягваў службу на Далёкім Усходзе на ахове лагераў ваеннапалонных, затым служыў у Брэсце.
Пасля дэмабілізацыі ў 1951 годзе франтавіка накіравалі ў Баранавіцкую вобласць, а адтуль у Карэліцкі раённы аддзел міліцыі. Служыў участковым інспектарам міліцыі ў Цырынскім сельсавеце, а пазней у органах мясцовай улады.
Іван Маркавіч Тур узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй” і юбілейнымі медалямі.
Станіслаў ЛУКА.

Добавить комментарий