Са святам цябе, мой любы Карэліцкі край!

Сёлетняй зімою стала сведкай прыкрага выпадку. Два высакарослыя юнакі здзекліва смяяліся над бездапаможнасцю старэнькай жанчыны (як аказалася потым, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны), якая не магла адлічыць пакручанымі хваробай пальцамі грошы ля касы ў магазіне. У вачах хлопцаў было столькі няскрытага хамства, неверагоднай цынічнай жорсткасці, што стала па-сапраўднаму страшна. Страшна за невыхаванасць, за чысціню нашай маральнай існасці, за тое, што сярод нас жывуць такія бяздушныя асобы, якія словамі, учынкамі прыніжаюць нас, чыняць зло. І ў сэрцы, у думках усплылі кадры пасляваеннага дзяцінства, якія сёння даюць права сцвярджаць: вайна прыпаднесла кожнаму, каму выпала доля жыць у пасляваенны нялёгкі час, не толькі ўрокі мужнасці і гераізму, але і бясцэнныя ўрокі Дабрыні, Спачувальнасці, Супольнасці, Узаемавыручкі, Умення ў горы і радасці быць разам.
Заўсёды перад святам Дня Перамогі, ізноў вяртаюся памяццю ў сваё пасляваеннае дзяцінства ў родную вёску Падгайна. Было яно беднае, галоднае; амаль у кожным доме аплаквалі загінулых на фронце мужчын, гаспадароў. На плечы салдацкіх удоў леглі непасільныя, здавалася, клопаты: трэба было ўзнаўляць гаспадарку, даводзіць да парадку зямлю, гадаваць асірацелых дзяцей, будаваць новыя хаты. Не магу ва ўспамінах знайсці прыклады з тых часоў, якія б канстатавалі азлобленасць, варожасць, адчай, недавер, адчужальнасць. Не, помніцца неверагодная людская сардэчнасць, калі, сжаўшы сярпом сваю дзялку, вырваўшы лён, беглі жанчыны на дапамогу суседцы адной, другой, трэцяй. Не было такога, каб пакінулі з касою адзін на адзін салдацкую ўдаву на лузе, кідаліся дружнаю сям’ёю выручаць жанчыну. Свежыну ў  вёсцы дзялілі ў разліку на тыя сем’і, дзе не было бацькі. Можа, таму не ведаю больш смачнага хлеба, кусочка каўбасы і сала з далёкага, пасляваеннага дзяцінства, бо было яно аздоблена людской шчырасцю і светласцю душы.


Адпачывалі ж, святы спраўлялі таксама агулам. Пэўна, таму песні той пары грэюць істоту і сёння. Жылі дружна, хораша, можа, дзякуючы гэтаму і падрастала моладзь з адным жаданнем: апраўдаць намаганні людскія, умець перамагаць цяжкасці, імкнуцца дасягнуць у жыцці найбольшага, стаць Чалавекам, каб не сорамна было глядзець у вочы землякам. Не падвяло пасляваеннае пакаленне сваю вёсачку Падгайна (як і вялікай колькасці вёсак Беларусі), спасцігалі веды, атрымоўвалі вышэйшую адукацыю, набывалі патрэбныя прафесіі, спаўна аддавалі і сябе працы. Грымела працоўнай славай малочнатаварная ферма вёскі, прывяла да вяршынь даярку Зінаіду Паўлаўну Грыбок, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, цудоўнейшую жанчыну-маці. Лёс параскідаў па свеце ўраджэнцаў Падгайны, але па магчымасці едуць яны ў родныя мясціны, каб пакланіцца мілай сэрцу зямлі, аддзячыць за бясцэнныя ўрокі жыццёвай еднасці, маральнай прыгажосці. Едуць пасівелыя людзі, іх унукі, праўнукі, бо іх выхавалі ў пашане да зямлі, назва якой — Радзіма.
Мы дзеці той пары суровай,
Якую абяздоліла вайна,
Цанілі лёс не колькасцю абновак,
Была ў нас радасць на ўсіх адна:
Наліты колас ураджайнай нівы,
Людская шчодрасць, шчырасць, дабрата,
Вяртанне бацькі… Вось такіх шчаслівых,
Было нямнога… Словы ж “сірата”
Слыло “сваім” для кожнага другога,
А мы раслі, адводзячы бяду,
З нас кожны выбіраў сваю дарогу,
Жыцця праводзіў яркую вярсту.
Няхай гады адлічвае няўмольна
На шчасце прагны мой складаны век.
Скажу з палёгкай, на “выдатна” школе
Здалі залік на званне Чалавек.
Вось таму напярэдадні самага дарагога для ўсіх нас свята хачу звярнуцца да землякоў не толькі з віншаваннямі і шчырымі пажаданнямі зямнога дабрабыту, але і з заклікам да маладога пакалення, хто мацуе сёння нашу шчаслівую будучыню: мацуйце ў сэрцах незабыўныя ўрокі, якія прыпаднесла нам вайна. Не дайце магчымасці ўкараняцца злу і душэўнай чэрствасці, таму што без дабрыні і чуласці не прарастуць у нашай рэчаіснасці мужнасць і патрыятызм, прыгажосць думак і ўчынкаў. Мір мацуецца чалавечнасцю — гэта адвечная аксіёма жыцця, гэта залог нашага з вамі шчасця. Са святам цябе, мой любы Карэліцкі край!
Галіна КАЛТУНОВА.

Добавить комментарий