Спартыўнае свята прайшло ў Карэлічах

На працягу двух дзён на стадыёне «Юнацтва» г. п. Карэлічы праходзіла традыцыйнае  трыццаць першае раённае спартыўнае свята, прысвечанае Дню  работнікаў фізічнай  культуры і спорту. У ім прымалі ўдзел зборныя каманды калектываў фізкультуры гаспадарак, прадпрыемстваў, арганізацый і  ўстаноў раёна і райцэнтра.
Свята пачалося з парада ўдзельнікаў спаборніцтваў. Парадную калону ўзначальвала зборная каманда КФК СПК «Маяк-Заполле», затым ішлі прадстаўнікі СВК «Свіцязянка-2003», «Цырын-Агра» і іншыя. А пакуль параднае шэсце пад гукі марша набліжалася да цэнтральнай трыбуны, над стадыёнам гучаў аповед начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Мікалая Барэйкі аб поспехах і дасягненнях фізкультурнікаў і спартсменаў раёна на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.
М. М. Барэйка падкрэсліў, што пастаянную ўвагу развіццю фізкультуры і спорту, умацаванню спартыўнай базы надае раённы выканаўчы камітэт, які выдаткаваў на гэтыя мэты каля 400 мільёнаў рублёў летась, а сёлета гэта сума перавысіць 500 мільёнаў рублёў.
З Днём работнікаў фізічнай культуры і спорту ўдзельнікаў свята віншаваў намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык.

Свята праходзіла па адпаведнай праграме. На валейбольных пляцоўках у суботу спаборнічалі мужчыны, за права называцца мацнейшымі змагаліся гіравікі, у спартыўнай зале — тэнісісткі, а на бегавой дарожцы адбыліся забегі на тэст Купера і ў эстафеце.
У нядзелю званне мацнейшых аспрэчвалі валейбалісткі, а ў мужчын адбыліся фінальныя паядынкі па валейболе і спаборніцтвы па настольным тэнісе.
Лёгкаатлеткі спаборнічалі ў бегу на дыстанцыях 100 і 400 метраў, мужчыны — на дыстанцыях 100 і 800 метраў і ў перацягванні каната.
Усяго ў спаборніцтвах удзельнічалі 18 каманд, але поспех спадарожнічаў зборнай СВК «Маяк-Заполле», якая заваявала першае месца, зборная СВК «Свіцязянка-2003» на другім месцы, а 3-е і 4-е месцы падзялілі зборныя СВК «Цырын-Агра» і імя Царука.
Агульнакаманднае першае месца па лёгкай атлетыцы ў спартсменаў СВК «Маяк-Заполле», на другім месцы Карэліцкі будаўнічы ліцэй, на трэцім СВК імя Царука.
У забегу на дыстанцыі 800 метраў лепшы вынік у Мікалая Капацэвіча з СВК «Маяк-Заполле», а прадстаўнікі СВК «Свіцязянка-2003» Дзмітрый Логіш і Аляксандр Сіроцін занялі, адпаведна, другое і трэцяе месцы.
У жанчын на дыстанцыі 400 метраў першай на фінішы была Кацярына Малушкевіч з галіновага ФСК «Буравеснік», на другім месцы лёгкаатлетка з СВК «Маяк-Заполле» Ірына Радзецкая, на трэцім — Вераніка Браніцкая з Карэліцкага будаўнічага ліцэя.
Стомятроўку хутчэй за ўсіх пераадолеў Аляксандр Сіроцін з СВК «Свіцязянка-2003», другім быў Дзмітрый Лазарэвіч з ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка”, трэцім прызёрам стаў Дзяніс Ганчар з СВК імя Царука.
У жанчын на гэтай жа дыстанцыі ўпэўненую перамогу атрымала Кацярына Малушкевіч (“Буравеснік”), на другім месцы Ларыса Бунчук (ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская»), на трэцім — Наталля Тананка з СВК імя Чарняхоўскага.
У спаборніцтвах на тэст Купера агульнакаманднае месца заваявала зборная СВК «Маяк-Заполле», другое — СВК «Свіцязянка-2003», трэцяе — СВК «Цырын-Агра».
Сярод мужчын у гэтым відзе спаборніцтваў лепшы вынік у Ягора Качана (СВК «Маяк-Заполле»), другое месца заняў Іван Траяновіч (СВК «Цырын-Агра»), на трэцім месцы Аляксандр Мохань з гэтай жа гаспадаркі.
У жанчын у гэтых спаборніцтвах поспех спадарожнічаў Тамары Несцер («Буравеснік»), Галіне Гуцавай (СВК «Свіцязанка-2003») і Святлане Рамановіч (СВК «Жухавічы»), якія занялі, адпаведна, першае, другое і трэцяе месцы.
У спаборніцтвах  па настольным тэнісе агульнакамандную перамогу атрымаў СВК імя Чарняхоўскага, на другім месцы РУП ЖКГ, на трэцім — дзяржустановы.
Сярод жанчын мацнейшай тэнісісткай стала Наталля Дубкова з СВК імя Чарняхоўскага, на другім месцы Наталля Чурыла («Буравеснік»), на трэцім — Вольга Есьман (СВК «Маяк-Заполле).
У мужчын майстрам ракеткі стаў Віталій Гомза з РУП ЖКГ, другі вынік у Віктара Аўдакушына (дзяржустановы), на трэцім месцы Міхаіл Сак з СВК «Свіцязянка-2003».
У эстафеце перамаглі лёгкаатлеты СВК «Лукі-Агра», другімі былі спартсмены СВК імя Царука, трэці вынік у зборнай Мірскага каледжа.
Традыцыйна многа балельшчыкаў было на месцы спаборніцтва гіравікоў. У гэтым відзе спорту агульнакамандная перамога за асілкамі СВК «Маяк-Заполле», другі вынік у СВК «Цырын-Агра», трэці ў каманды раёна электрычных сетак.
У вагавай катэгорыі 70 кг на першым месцы прадстаўнік СВК «Маяк-Заполле» Аляксандр Чужаўка, на другім — Мікалай Барыла з гэтай жа гаспадаркі, на трэцім Аляксандр Рамановіч з СВК «Жухавічы».
Пераможцам у вагавай катэгорыі 80 кг стаў Леанід Мохань (СВК «Цырын-Агра»), другі вынік у Дзмітрыя Янкоўскага (СВК «Маяк-Заполле»), на трэцім — Міхаіл Яўсей (СВК «Свіцязянка-2003»).
Аляксандр Бушма (дзяржустановы) перамог у вагавай катэгорыі 90 кг, другі вынік у Васілія Базара (РУП ЖКГ), трэці — у Міхаіла Карпача (СВК «Свіцязянка-2003»).
У вагавай катэгорыі звыш 90 кг пераможцам стаў Аляксандр Жыдко (дзяржустановы), другі вынік у Мікалая Маковіка (РЭС), на трэцім месцы Аляксандр Барысаў з СВК імя Царука.
У спаборніцтвах мужчын па валейболе перамогу ў напружанай барацьбе заваявала каманда СВК «Цырын-Агра», іх сапернік СВК «Свіцязянка-2003» на другім месцы, СВК «Маяк-Заполле» — на трэцім.
Прызавыя месцы ў валейбалістак размеркаваліся наступным чынам: першае месца — СВК «Маяк-Заполле», другое — ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская», трэцяе — СВК «Жухавічы».
У перацягванні каната каманда СВК імя Царука “вырвала”  перамогу ў зборнай СВК «Маяк-Заполле». Каманда «Буравеснік» на трэцім месцы.
Пераможцы заахвочаны маральна і матэрыяльна. Хацелася б толькі даведацца чаму не ўдзельнічалі ў спартыўным свяце каманды племзавода «Карэлічы», райспажыўтаварыства, ільнозавода, ДРБУ-158, АТП № 8.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.