Сувязістам быў на фронце

У лютым гэтага года Анатолію Мікалаевічу Бусько споўнілася 85 гадоў. Шмат падзей і выпрабаванняў выпала на яго долю за гэты перыяд. А найбольш засталася ў памяці ветэрана вайна. Пагарэльскага хлопца прызвалі ў армію пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года. Навабранец Бусько пачатковую ваенную адукацыю атрымліваў у 44-ым запасным стралковым палку, які дыслацыраваўся ў Бранску, затым у вучэбным падраздзяленні ў Камень-Бялінску, што ў Пензенскай вобласці, а служыў тэлефаністам у 47 асобным артылерыйскім дывізіёне 120 мм мінамётаў.
Баявое хрышчэнне радавы Бусько атрымаў на Дунаі, дзе войскі 2-га Украінскага фронта вялі жорсткія баі з немцамі. Пасля фарсіравання гэтай сур’ёзна ўмацаванай воднай перашкоды артылерысты рушылі на вызваленне Браціславы, Брно і далей — на Прагу.
Як вядома, поспех любой баявой аперацыі залежыць ад надзейнай сувязі, якую і забяспечваў Анатолій Бусько, перадаючы загады камандзіра на батарэю.

Аператыўная абстаноўка змянялася хутка, а сувязь патрэбна была пастаянна і на кожным кроку чакала небяспека. Аднойчы Бусько пракладваў лінію непадалёку ад чыгункі, дзе стаяў разбіты паравоз і некалькі пашкоджаных вагонаў. Панавала падманлівая цішыня, якую парушыў адзінокі стрэл. Разрыўная куля варожага снайпера нейкім чынам прайшла праз рукаў шынелі салдата і разбіла тэлефонны апарат, які вісеў на плячы. Сам жа баец застаўся цэлы. А вось снайперу, які займаў пазіцыю пад паравозам, не пашанцавала. Залп батарэі знішчыў і рэшткі паравоза, і фашысцкага снайпера.
Аб капітуляцыі Германіі радавы Бусько даведаўся на пасту і тут жа адсалютаваў доўгачаканай навіне чаргою з аўтамата. Да яго далучылася і ўся батарэя, для якой вайна яшчэ не была закончана. Наперадзе была паўстаўшая Прага, на дапамогу якой спяшалася Чырвоная Армія.
Канчатковы разгром гітлераўцаў адбыўся для сувязіста Бусько і яго дывізіёна ў 20 км ад Прагі.
Аднак ваенная служба для Анатолія Бусько працягвалася. Цяпер ужо ў будаўнічым батальёне, дзе былы сувязіст займаўся цяслярскай справай на ўзвядзенні аэрадрома для рэактыўных самалётаў на Украіне.
Дэмабілізаваны баец вярнуўся ў 1950 годзе ў родную вёску на папялішча. Уладкаваўся трактарыстам у Вобрынскую МТС. Араў, сеяў, убіраў збажыну. А праз пэўны час стаў сямейным чалавекам, пачаў будаваць дом у Турцы, дзе і працаваў паштальёнам у мясцовым аддзяленні сувязі. 15 гадоў дастаўляў навіны людзям і быў у пашане вяскоўцаў і кіраўніцтва. Разам з жонкай, Рэгінай Фамінічнай, выгадаваў сына Станіслава і дачку Таццяну.
На заслужаным адпачынку гэтыя людзі не сядзелі без справы, трымалі гаспадарку, збіраліся 15 мая гэтага года адзначыць 60-годдзе сумеснага жыцця. Але лёс распарадзіўся іначай. У лютым Рэгіны Фамінічны раптоўна не стала.
Не пакінулі ветэрана аднаго ў бядзе дзеці, не забыліся пра яго былыя калегі, якія напярэдадні Дня Перамогі наведалі Анатолія Мікалаевіча Бусько, павіншавалі са святам, уручылі кветкі, паштоўку і падтрымалі маральна і матэрыяльна. І гэта найбольшая радасць для байца-пераможцы.
Станіслаў ЛУКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.