Актывізаваць сумесную работу па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні

На восьмай выязной сесіі раённага  Савета дэпутатаў разгледжана пытанне «Аб сумеснай рабоце Жухавіцкага сельскага Савета дэпутатаў, суб’ектаў гаспадарання, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў».
Дэпутаты і ўдзельнікі сесіі пабывалі ў вёсках Трошчыцы, Уша, Кожава, Бурдзевічы. Прысутных прыемна ўразіла сучасная ферма «Вялікія Жухавічы» на 1000 галоў, умовы працы людзей і ўтрымання пагалоўя. Будучае за такімі фермамі. Высокія надоі малака будуць атрымліваць пры зладжанай рабоце ўсіх спецыялістаў жывёлагадоўлі: ад даяркі і загадчыка фермы да галоўнага ветурача і галоўнага заатэхніка. А эфектыўная і сумесная праца аплачваецца і будзе аплачвацца дастойна.

Удзельнікі сесіі азнаёміліся з жыццём, бытам, умовамі знаходжання насельнікаў мясцовага Дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, які  падпарадкаваны Гродзенскаму аблвыканкаму.
Па-суседску з канторай СВК «Жухавічы» знаходзіцца сярэдняя школа, якую наведалі прысутныя. Цудоўны пладовы сад пасадзілі і гадуюць настаўнікі і вучні пад гаспадарскім кіраўніцтвам дырэктара І. І. Мысліўца. Тут і навучальны працэс ідзе паспяхова.
Задаволены вяскоўцы тымі паслугамі, якія аказвае КПП і гандаль.
На пасяджэнні ў райвыканкаме была заслухана інфармацыя старшыні сельсавета А. У. Івашкі. Адзначалася, што на тэрыторыі Жухавіцкага сельсавета знаходзіцца 12 вёсак, у якіх пражывае 2162 чалавекі, з іх 997 працаздольнага ўзросту, 896 пенсіянераў, 303 непаўналетнія, 14 мнагадзетных сем’яў, 22 інваліды і ўдзельнікі Вялікай  Айчыннай вайны, 4 сям’і загінуўшых, 8 воінаў-інтэрнацыяналістаў, 53 адзінокія і 653 адзінока пражываючыя.
Сярод аб’ектаў сацыяльна-культурнага і эканамічнага развіцця — СВК «Жухавічы», СШ (156 вучняў), дзіцячы сад (45 дзяцей), школа мастацтваў, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі з дзённым стацыянарам на 6 ложкаў, ФАП у в. Уша, Дом-інтэрнат, ЦСДК, тры бібліятэкі, два аддзяленні паштовай сувязі, філіял Ашчадбанка, 9 магазінаў спажывецкага таварыства і 4 прыватныя, сталовая і дзве лазні.
На тэрыторыі СВК — 2 мехдвары, 4 малочнатаварныя фермы, два комплексы БРЖ і свінаферма.
Як вядома, адказнасць за арганізацыю работ па добраўпарадкаванні, забеспячэнні належнага санітарнага стану тэрыторый вёсак сельсавета ўскладваецца на сельвыканкам, а выкананне санітарных правіл і норм утрымання тэрыторый — на кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці, землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета.
Канкрэтную дапамогу ў вырашэнні пытанняў па добраўпарадкаванні вёсак, забеспячэнні палівам, навядзенні парадку на могілках (а іх 9) аказваюць дзесяць старастаў вёсак.
Штогод сельсавет распрацоўвае мерапрыемствы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, гэтыя важныя пытанні заўсёды на кантролі, заслухоўваюцца на сесіях сельсавета, пасяджэннях сельвыканкама. Сёлета дэталёва гаварылі аб ходзе выканання Указа Прэзідэнта № 70 ад 3.02.2006 г. «Аб мерах па ўпардкаванню і скарачэнню колькасці пустуючых і трухлявых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці» і аб сумеснай рабоце сельсавета, СВК, устаноў па добраўпарадкаванні прылягаючых тэрыторый, навядзенні належнага санітарнага парадку ў населеных пунктах сельсавета.
Тут ёсць 37 землекарыстальнікаў (буйнейшыя — СВК «Жухавічы», 9,6 тыс. га) і ГЛХУ «Навагрудскі лясгас». У сельсавеце — 1085 землеўладальнікаў, якім прадастаўлена 236 га ў палях севазвароту пад пасадку бульбы і сяўбу зерневых культур. Прысядзібныя землі сельсавета складаюць 454 га, ворыва — 325 га.
На тэрыторыі сельсавета праводзяцца праверкі мэтавага выкарыстання зямельных участкаў згодна з Указам Прэзідэнта краіны № 31 ад 17 студзеня 2006 г. «Аб узмацненні адказнасці за парушэнне заканадаўства аб ахове і выкарыстанні земляў, правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў».
Кожны грамадзянін можа звярнуцца ў сельвыканкам і вырашыць любое зямельнае пытанне. На тэрыторыі сельсавета землеўпарадкавальнай службай райвыканкама за 2009 год аформлены 104 землеўпарадкавальныя справы, летась — 64, а сёлета — 12 спраў. У асноўным гэта датычыцца пераафармлення правоў на жылыя дамы і газіфікацыі в. Радунь.
Па выкананню Указа № 70 за кожным работнікам сельвыканкама замацавана вёска, заведзены папкі, дзе ёсць матэрыялы па ўсіх дамах. Па стану на 1.01.2011 г. тут ёсць 542 пустуючыя дамы, з іх 264 аформлены ў спадчыну, 185 пустуючых яшчэ не аформлены ў спадчыну і 94 дачы.
З 2006 года знесена 39 дамоў, у тым ліку сёлета 5. Пахавана 16 фундаментаў. На месцы 4 знесеных дамоў летась узведзена тры. Сёлета на 8 пляцоўках на месцы 10 знесеных дамоў будуецца жыллё. Два дамы здадзены. У вёсках Жухавічы, Кожава, Трошчыцы, Уша, Пясочная, Радунь і Лемнікі няма безгаспадарчых дамоў.
Праводзяцца сустрэчы з насельніцтвам па навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях. Толькі ў маі г. г. сельвыканкам выдаў насельніцтву 860 актаў-прадпісанняў. У выніку сустрэч, сходаў грамадзян актыўна вырашаецца пытанне ўстаноўкі новых платоў каля ўласных дамоў з долевым удзелам. Ва ўстаноўцы жалезабетоннай агароджы дапамогу аказвае кааператыў. Такім чынам устаноўлена 3060 пагонных метраў агароджы ў вёсках В. Жухавічы, М. Жухавічы, Бурдзевічы (драўляны плот). Спілаваны ўсе аварыйныя дрэвы ў Малых і Вялікіх Жухавічах, Кожаве, Ушы, Трошчыцах, Пясочнай. Кожны год вясной і восенню наводзіцца парадак на могілках. Агароджваюцца могілкі ў М. Жухавічах за сродкі СВК, а насельніцтва сабрала грошы на афарбоўку плоту.
На прылягаючых тэрыторыях да адміністрацыйных будынкаў, устаноў культуры, адукацыі, аховы здароўя праводзяцца работы па азеляненні, разбіўцы клумб і кветнікаў. Школьнікі і культработнікі пастаянна падтрымліваюць парадак каля помнікаў і месц пахавання. Сёлетняй вясной у В. Жухавічы ўздоўж вуліцы Лугавой пасаджана алея «Выпуск-2011» з 75 бярозак.
Добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі ферм і мехдвароў. Наводзіцца парадак на зямлі ў кожным вытворчым участку.
Для збору і захоўвання цвёрдых бытавых адходаў ёсць міні-палігон і 4 пляцоўкі часовага складзіравання.
Аднак кіраўніцтву і актыву сельсавета неабходна яшчэ шмат папрацаваць па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сумесна з СВК «Жухавічы» і ўсімі суб’ектамі гаспадарання, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Работа ад выпадку да выпадку не можа згуртаваць людзей на актыўную працу на агульную карысць.
У выніку сесія раённага Савета дэпутатаў адзначыла недастатковую работу сельсавета і выканаўчага камітэта па разглядаемаму пытанню.
Сельскаму Савету дэпутатаў (А. У. Івашка) неабходна весці пастаянную работу па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў; актывізаваць работу па выкананні Указа Прэзідэнта краіны № 70; сумесна з РУП ЖКГ  (А. І. Рудак), ДРБУ-158 (Г. Я. Драздоў) арганізаваць вырубку аварыйных дрэў у вёсках Церабостынь, Юравічы, Бурдзевічы, уздоўж дарогі Бурдзевічы—Негнічы— Юравічы — паварот на М. Жухавічы; да снежня г. г. сумесна з СВК «Жухавічы» неабходна закончыць устаноўку ж/б плоту  на могілках у в. М. Жухавічы, вырашыць пытанне па агароджванні могілак в. Кожава, працягваць устаноўку платоў у Бурдзевічах і М. Жухавічах.
Сесія райсавета дэпутатаў патрабавала ад СВК «Жухавічы» (Д. Д. Янкоўскі), праўлення райспажыўтаварыства (Г. Л. Міхайлоўская), аддзела культуры райвыканкама (І. М. Лазар) прыняць меры па прыцягненні ў гаспадарчы абарот, продажу, спісанні, разборцы і пахаванні невыкарыстоўваемых будынкаў.
СВК «Жухавічы» (Д. Д. Янкоўскі) абавязаны да 30 верасня г. г. на МТФ “М. Жухавічы” закончыць будаўнічыя  работы па рамонту даху будынкаў, абуладкаваць выгульную пляцоўку і зрабіць выцяжныя каналы; да 1 лістапада г. г. на МТФ «Кожава» забетаніраваць сянажныя траншэі і ўстанавіць за сродкі абласнога і раённага бюджэту жалезабетонныя платы па вул. Цэнтральнай у в. Пясочная.
У рабоце сесіі раённага Савета дэпутатаў прыняў удзел і выступіў з прамовай старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак.
Віктар Леанідавіч заклікаў кіраўнікоў сельсавета, СВК, усіх суб’ектаў гаспадарання да актывізацыі сумеснай работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні. «Трэба працаваць з людзьмі, ведаць іх праблемы, дапамагаць у іх вырашэнні і напамінаць пра абавязкі. Мы жывём у грамадстве і таму павінны клапаціцца пра многае: пра зямлю, на якой жывём, пра добраўпарадкаванне нашых паселішчаў, пра дабрабыт і, вядома, пра тое, каб Карэліцкі край прыгажэў, радаваў нас і гасцей. А для гэтага патрэбны ўклад кожнага, як у народзе кажуць, ад малога да старога, — дадаў кіраўнік раённай «вертыкалі».
Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на старшыню Жухавіцкага сельскага Савета дэпутатаў А. У. Івашку.
Восьмая сесія райсавета дэпутатаў, якую вёў яго старшыня А. В. Шкадаў, заслухала пытанне “Аб выкананні Праграмы развіцця сістэмы адукацыі ў Карэліцкім раёне на 2005-2010 гады”.
З інфармацыяй выступіла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В.      Асташэвіч.
Адзначалася, што плануемыя ў праграме мерапрыемствы выконваліся і мелі пэўную завершанасць па дынаміцы галоўных паказчыкаў развіцця адукацыі.
Вялася работа па рацыяналізацыі і аптымізацыі сеткі агульнаадукацыйных устаноў. Са снежня 2010 года ўсім такім установам нададзены статус юрыдычнай асобы.
Адукацыйная сетка раёна ў 2010/2011 навучальным годзе ўключае 30 падведамасных устаноў: гімназія, 7 дзіцячых садоў-школ, 6 сярэдніх, 4 базавыя школы, 8 дашкольных устаноў, Дом пазашкольнай работы, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам на 16 месцаў, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага  навучання і рэабілітацыі.
Забяспечаны 100 % падвоз вучняў агульнаадукацыйных устаноў і выхавацеляў дзіцячых садоў транспартам устаноў адукацыі (280) і СВК (200). Усе дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў сферы адукацыі выкананы. Агульны паказчык ахопу дашкольнай адукацыяй дзяцей ад 1 года да 6 гадоў — 81, 5 %, ад 3 да 6 гадоў — 96 %. Карэкцыйна-развіваючым навучаннем ахоплена 98 % дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця (452 дзіцяці).
Рэйтынг навучальных дасягненняў за апошнія 5 гадоў узрос на 0,27 і склаў 7,13.
За апошнія 5 гадоў паступленне выпускнікоў у ВНУ павялічылася на 16 % і склала ў 2010 годзе 66,5 %. Значна ўзрасла колькасць вучняў, якія прадоўжылі вучобу ў ПТВ (з 11,5 % у 2006 г. да 32 % летась).
Па выніках абласной алімпіяды ў 2010 і ў 2011 гадах 10 вучняў раёна ўдзельнічалі ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і паказалі дастойны вынік: адзін дыплом першай ступені па біялогіі, 4 дыпломы другой ступені па біялогіі і рускай мове, адзін — трэцяй ступені па гісторыі і Падзячнае пісьмо па матэматыцы.
Вядзецца работа па ўмацаванні матэрыяльнай базы навучальных устаноў сучаснай камп’ютарнай тэхнікай. За апошнія 5 гадоў на суму 298,1 млн руб. (за кошт бюджэту) і 10,1 млн руб. (за пазабюджэтныя сродкі) набыта інфармацыйнай і памнажальнай тэхнікі, у тым ліку летась на 151,1 млн руб.
У 2008-2010 гадах працавалі дзве інавацыйныя пляцоўкі Міністэрства адукацыі краіны (Мірская СШ, Цырынскі НВК дзіцячы сад-СШ).
Каля 82 % дзяцей ад агульнай колькасці ахоплена арганізацыйна-выхаваўчай работай у 6-ы дзень, з іх 32 % заняты ва ўстановах соцыуму. 89,1 % вучняў наведваюць факультатыўныя заняткі.
Узрасла колькасць школьнікаў, занятых гуртковай і секцыйнай работай, на 29 % і склала 92 % і 86,7 % адпаведна.
Ахоп вучняў, занятых у маладзёжных і дзіцячых грамадскіх арганізацыях і аб’яднаннях, павялічыўся на 7 % і склаў 96 %.
Колькасць вучняў, накіраваных у вучылішча алімпійскага рэзерву, пачынаючы з 2006 года, склала 15 чалавек. 18 школьнікаў уключаны ў склад нацыянальных зборных каманд.
Знізілася колькасць вучняў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, з 28 у 2006 г. да 14 у 2010 г.
Праводзіцца мэтанакіраваная комплексная работа па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта ад 24 лістапада 2006 г. № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях”. За 4 гады камісіяй па справах непаўналетніх прызнана маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне 119 дзяцей з 58 сем’яў. З гэтай катэгорыі вернута ў біялагічную сям’ю 70 (59 %) дзяцей, уладкавана на выхаванне ў замяшчальныя сем’і 21 (18 %) дзяцей, уладкаваны на дзяржаўнае забеспячэнне па месцы вучобы 3 (2 %) непаўналетнія, 4 (3 %) накіраваны ў школу-інтэрнат. З 17 дзяцей, зноў выяўленых у 2010 годзе, 9 (53 %) маюць новую сям’ю.
З 30 дзяцей, выбыўшых з сацыяльнага прытулку ў 2010 годзе, 20 (67 %) вярнуліся ў біялагічную сям’ю, 5 (16 %) дзяцей накіраваны ў замяшчальную сям’ю, 2 (7 %) непаўналетніх вучацца ў ПТВ, 3 (10 %) — у школе-інтэрнаце.
Праводзіцца пэўная работа па ахове здароўя дзяцей. За апошнія 5 гадоў зменшылася з 5,6 да 4,7 колькасць дзён, прапушчаных адным дзецем па хваробе, павялічана колькасць школьнікаў, якія маюць першую групу здароўя з 43,2 % да 51 %, зніжаны агульны паказчык хворых дзяцей з 47,8 % да 39,9 %.
На падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў зрасходавана 148 млн руб. Прайшлі аздараўленне 1120 дзяцей (44,7 % ад агульнай колькасці дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў), у тым ліку ў прышкольных лагерах з дзённым знаходжаннем — 513 (102,6 % ад запланаванай колькасці), у палатачных — 66 (147 %), у стацыянарных кругласутачных — 541    (97,5 %). Агульны план аздараўлення выкананы на 101,8 %.
99,4 % вучняў ахоплены гарачым харчаваннем (2006 г. — 95 %). Асігнаванні на ўтрыманне і развіццё ўстаноў адукацыі летась склалі 16,74 млрд руб. Прафінансавана 99,8 % ад гадавых назначэнняў.
На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна за апошнія 5 гадоў зрасходавана 4,5 млрд руб, у тым ліку ў 2010 годзе 863 млн руб.
Гадавое планавае заданне па пазабюджэтнай дзейнасці перавыканана — 145 млн руб (120,3 %).
Гадавы план дзяржаўнай Праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2010 год — 9,8 млрд руб. — выкананы.
Сесія райсавета дэпутатаў адзначыла паслядоўную работу аддзела адукацыі райвыканкама па выкананні Праграмы развіцця сістэмы адукацыі ў раёне на 2005-2010 гады.
Аддзелу адукацыі райвыканкама прапанавана прадоўжыць работу па ўмацаванні і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, аснашчэнні іх сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання; развіваць эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць па забеспячэнні новага зместу дашкольнай  і агульнай сярэдняй адукацыі; праводзіць далейшую дыферэнцыяцыю адукацыйнай сеткі з улікам абазначаных дзяржаўнымі стандартамі ўзроўняў вывучэння прадметаў, прадастаўлення адукацыйна матываваным вучням магчымасці забеспячэння адзінага падыходу і зместу падрыхтоўкі да алімпіядаў рознага ўзроўню і забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага  развіцця сістэмы адукацыі раёна.
Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на намесніка старшыні райвыканкама (Р. Ю. Абрамчык), пастаянную камісію  райсавета дэпутатаў па сацыяльных пытаннях і справах моладзі(І. В. Асташэвіч).

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.