Музычная спадчына Гродзеншчыны

Пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Карэліцкага райвыканкама, Мірскага пасялковага Савета дэпутатаў у гарадскім пасёлку Мір адбылося традыцыйнае свята мастацтваў «Мірскі замак — 2011» заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга.
Мерапрыемства адкрыў ва ўнутраным дворыку замка ансамбль «Інтрада» заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі».
А ў гэты час у партрэтнай зале замка перад ветэранамі вайны і працы Карэліцкага раёна выступіў камерны хор гэтага славутага мастацкага калектыву пад кіраўніцтвам дырыжора Наталлі Міхайлавай.
Там жа гучалі музычныя творы ў выкананні ансамбляў флейтыстаў і кларнетыстаў пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў, доктара навук, прафесара Уладзіміра Скараходава і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дацэнта Генадзя Забары.
Навуковы каментарый у ходзе канцэрта давала вядучая, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава.
— Калісьці нашу сінявокую Беларусь, — гаварыла Вольга Уладзіміраўна, — называлі краінай замкаў, якія велічна ўзвышаліся над палямі і лясамі. А адным з найпрыгажэйшых з’яўляецца наш Мірскі замак. Доўгі час яны былі маўклівым дакорам нам, і нарэшце ў іх загучала музыка, якая гучала даўней. Радзівілы, Агінскія і іншыя магнаты не толькі валадарылі, але і развівалі культуру, пісалі музыку. І наш канцэрт мы пачынаем паланэзам Агінскага.

У праграме канцэрта гучала музыка Манюшкі, беларускіх кампазітараў, беларускія народныя песні, да якіх звярталіся ў сваёй творчасці прафесійныя кампазітары, як да нашай музычнай спадчыны.
В. У. Дадзіёмава расказала аб той вялікай рабоце, якую правялі навукоўцы, адшукваючы старадаўнюю музыку нашых суайчыннікаў у архівах Еўропы. І гэтыя пошукі далі плён у архівах Польшчы, Літвы, Швецыі, Санкт-Пецярбурга і іншых мясцінах. Многія старадаўнія творы гучалі ў час музычнага дыялогу флейтыстаў і кларнетыстаў у Мірскім замку ўпершыню. У прыватнасці, музыка Напалеона Орды, Мечыслава Карловіча і іншых. Беларуская музычная спадчына складваецца няпроста, але гэты працэс не спыняецца, і самае цікавае, што да яе звярталіся сучасныя кампазітары, якія пераехалі ў Беларусь з Расіі і іншых краін.
Як заўсёды азначанае свята выклікала цікавасць у журналістаў. Таму ў 13 гадзін у зале пасяджэнняў Мірскага пасялковага Савета дэпутатаў адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Карэліцкага райвыканкама В. Л. Шайбака, яго намесніка Р. Ю. Абрамчыка і мастацкага кіраўніка свята, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара М. Я. Фінберга з удзелам рэспубліканскіх і мясцовых сродкаў масавай інфармацыі.
— Сёлета, гэта дзевятае свята пад агульнай назвай «Мірскі замак», — гаварыў Віктар Леанідавіч. — Няпроста было пачынаць і прадаўжаць гэту справу. Але нашы людзі ўжо добра ведаюць пра свята і з задавальненнем наведваюць усе канцэрты.
Сёння многія спасылаюцца на фінансава-эканамічны крызіс. Але гэта не павінна тычыцца адукацыі, аховы здароўя і культуры. У якім стане яны знаходзяцца, як мы выхоўваем дзяцей і адносімся да ветэранаў — гэта сёння самае дарагое і самае галоўнае. Гэта для нас прыярытэтны напрамак, тым больш, што на тэрыторыі раёна знаходзіцца ўнікальны помнік дойлідства Мірскі замак. Для нас гэта многа значыць і мы з задавальненнем прымаем гасцей, у тым ліку і М. Я. Фінберга з яго аркестрам, з якім склаліся добрыя сяброўскія адносіны і творчыя традыцыі. Гэта невыпадкова. Кліча ў наш край маэстра Фінберга і яго цудоўны калектыў, прыцягае да калектыву і нас, бо канцэрты яго праходзяць пад жывую музыку, пастаўлены на прафесійнай аснове і сапраўды гэта дарагога каштуе.
Я з першых дзён сваёй дзейнасці цаніў і цаню тых людзей, якія не шкадуюць ні сіл, ні сродкаў для развіцця адукацыі, аховы здароўя і культуры. Я шчыра прызнаюся, што хачу, каб гэтыя аб’екты былі лепшыя, чым у іншых. І гэта я бачу ў нашай цэнтральнай раённай бальніцы.
Захоўваць нашу глыбінную культуру, мараль, узровень інтэлекту і шчырасці мы закліканы цераз культуру і робім гэта праз традыцыйнае ўжо, дзевятае свята мастацтваў. Мы прывіваем людзям любоў і пашану да нашай культурнай і музычнай спадчыны самым сапраўдным і непасрэдным чынам.
Дзякуй вам, Міхаіл Якаўлевіч, за тое, што вы ёсць. Новых творчых здабыткаў вам і вашаму калектыву.
Маэстра Фінберг сказаў журналістам, што для яго і мастацкага калектыву вялікі гонар выступаць у Гродзенскай вобласці.
З Міра да абласнога цэнтра 200 км, а да сталіцы — 100. Гэта прыгожая, цудоўная зямля з яе працавітымі, таленавітымі людзьмі. Сёння мы ладзім ІХ фестываль. Кожны яго канцэрт, гэта новая праграма. А кожная новая праграма кожнага асобнага канцэрта мае глыбокую навуковую аснову, звязаную з Гродзенскай зямлёю. Сёння ўжо мала гістарычнага матэрыялу, складана гэта рабіць, але мы не спыняем пошукаў.
За мінулы перыяд былі гады, калі не было за што праводзіць фестываль і гэты просты, мужны чалавек, які сядзіць перад вамі, старшыня райвыканкама, ішоў на ўсё. Мы адмаўляліся ад грашовых сродкаў сёння і заўтра, чакалі, калі яны будуць, затое не сарвалі ніводнага фестывалю, таму што гэта выдатны раён не толькі ў гаспадарчым, а і ў творчым плане.
У гэтым раёне працуюць выдатныя кадры, якія хочуць, каб раён быў сапраўды лепшым.
І мы ў ім нечага кольвечы дабіліся. Першае, чаго няма ва ўсёй рэспубліцы — канцэрт у касцёле. Такога канцэрта нам не ўдалося зрабіць ні ў адным іншым горадзе. Тут удалося. Слухаючы гэтыя канцэрты, людзі становяцца дабрэйшымі адзін да аднаго, больш паважаюць уладу. Але рыхтаваць іх трэба вельмі акуратна. Рэлігію трэба ведаць, разумець і не дапускаць ніякіх памылак і пралікаў. Трэба рабіць гэта тонка. Пакуль у нас усё было добра, і спадзяюся, што і сёння канцэрт духоўнай музыкі Беларусі пройдзе на высокім узроўні.
Думку маэстра Фінберга прадоўжыў кіраўнік раённай «вертыкалі» В. Л. Шайбак, які і расказаў аб дзейнасці райвыканкама па рэканструкцыі касцёла, укладзе ксяндзоў Аляксандра і Ежы, аб тым духоўным уплыве на наведвальнікаў храмаў, які спрыяе працоўнай актыўнасці грамадзян, захаванню і ўмацаванню маральных каштоўнасцяў.
— Мне вельмі прыемна, — працягваў М. Я. Фінберг, — што мы сёння вярнуліся ў Мірскі замак са сваімі канцэртамі ў самім замку, а не побач з ім, як гэта было ў пачатку нашых фестываляў.
Мы вярнуліся туды, куды трэба вяртацца, каб выхоўваць маладое пакаленне.
Сёлета аблвыканкам аказаў нам фінансавую дапамогу, і я вельмі ўдзячны губернатару С. Б. Шапіру за гэта. А яшчэ прыемна, што публіка ў вашым горадзе сімпатычная і ні ў чым не ўступае сталічнай.
Сёння ўнікальны канцэрт. І на ім будзе гучаць музыка аўтараў розных пакаленняў. Важна, што такія мерапрыемствы ладзяцца ў малых гарадах.
Думаю, што задачу, пастаўленую перад нашымі высокаадукаванымі, таленавітымі музыкантамі, мы выканаем паспяхова. А яшчэ я за тое, каб адбыўся і дзесяты фестываль у наступным годзе.
У Мірскім ГДК адбылася прэм’ерная канцэртная праграма «Музычная спадчына Беларусі: песняры Гродзенскай зямлі Ян і Мечыслаў Карловічы» ў выкананні творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў, доктара навук, прафесара Уладзіміра Скараходава, кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара Мікалая Волкава, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дацэнта Генадзя Забары, дацэнта Івана Брычыкава, Наталлі Міхайлавай, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дацэнта Валерыя Сарокі.
Канцэрт «Духоўная музыка Беларусі» ў выкананні камернага хору пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай і Валерыя Сарокі адбыўся ў Мікалаеўскім касцёле г. п. Мір.
Завяршылася свята мастацтваў у раённым Доме культуры г. п. Карэлічы сустрэчай Міхаіла Фінберга з творчымі калектывамі раёна і гала-канцэртам заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”, у якім выступілі лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Святлана Вежнавец, Таццяна Глазунова, Галіна Грамовіч, Алеся Дзержавец, Яна Старцава, Наталля Тамэла, Юрый Вашчук, Дзмітрый Качароўскі, Руслан Мусвідас, Аляксандр Салаўёў, Юрый Селязнёў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.