Празвінеў апошні школьны званок

У школах раёна праведзены ўрачыстыя лінейкі, якія прысвячаліся традыцыйнаму апошняму званку. З самай раніцы мінулы аўторак быў у прадчуванні свята. Добрае надвор’е, кветкі, шчырыя ўсмешкі, выпускнікі гімназіі і школы ў строгіх касцюмах, школьнай форме і белых фартушках упрыгожылі райцэнтр.
Пад гукі фанфар і апладысменты бацькоў, настаўнікаў і вучняў іншых класаў на пляцоўку ля ўваходу ў родную “альма матэр” вучні двух адзінаццатых класаў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Аленай Валянцінаўнай Міхей і Ганнай Канстанцінаўнай Шклярж занялі на лінейцы самае пачэснае месца.
Свята апошняга званка адкрыла дырэктар гімназіі А. А. Вярбіцкая. — 42 выпускнікі выляцяць з-пад крыла роднай “альма-матэр” і пойдуць да вяршынь навукі, культуры, спорту, — гаворыць Алена Аляксандраўна. —Гэты выпуск асаблівы.  Упэўнена, што пра талент і поспех нашых вучняў ведаюць не толькі ў раёне і рэспубліцы, але і далёка за яе межамі, дзякуючы ўдзельнікам і прызёрам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый: Аліне Рэкун, Кацярыне Слесарэнка, Аксане Палуян, Дар’і Карчэўскай, удзельнікам абласных спартыўных спаборніцтваў: Аляксею Меляняку, Раману Асташэвічу, Яўгенію Бразоўскаму, Крысціне Чубрык, Альбіне Жылюс, а таксама пераможцам абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд Алене Бабко і Раману Пярэську.
Дарагія выпускнікі! Упэўненасці вам і няхай вашы мары — стаць студэнтамі — абавязкова збудуцца. У добры шлях, выпускнікі 2011 года!
Слова прадастаўляецца старшыні раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбаку:

 

— Самая галоўная радасць для кожнага з бацькоў і для мяне асабіста, — гаворыць Віктар Леанідавіч, — гэта наша будучыня, нашы дзеці. І вось ужо два гады, 2010 і 2011, самыя шчаслівыя ў маім жыцці. Бо карэліцкія дзеці атрымалі і сёлета самыя высокія балы на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах —адно першае і два другія месцы. Прыемна. І зараз Раман Пярэська будзе ўдзельнічаць у міжнароднай алімпіядзе па біялогіі і стане студэнтам адной з медыцынскіх навучальных устаноў нашай рэспублікі. Заўжды шчыра радуюся за такі поспех нашых дзяцей. Гэта — галоўнае. Умацоўваючы і развіваючы сістэму адукацыі ў нашым раёне, мы найперш робім акцэнт на тым, каб тая методыка вучэбна-выхаваўчага працэсу праз умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дала свой плён. І зараз мы бачым  добрыя веды і адзнакі, якія вы атрымліваеце, пацвярджаюцца нашымі выпускнікамі на працягу некалькіх гадоў у выніку здачы цэнтралізаванага тэсціравання.
Ад таго, як мы выхаваем маладога чалавека ў поўнай меры залежыць лёс і дабрабыт нашай дзяржавы і наша старасць. Таму сёння, укладваючы вялікія сродкі ў сістэму адукацыі раёна, мы забяспечваем сваю старасць і будучыню краіны.
Дарагія рабяты, выпускнікі! Жадаю, каб упэўненасць і веды, якія вы атрымалі ў нашай лепшай навучальнай установе — гімназіі г. п. Карэлічы, — вашы ўпартасць і мэтанакіраванасць былі разам з вамі і каб запаветныя мары здзейсніліся! Ведайце, вашы веды, добрая праца, вопыт вельмі неабходны роднай Беларусі і Карэліччыне. Вы заўжды тут запатрабаваны. У добры шлях, выпуск 2011 года!
Віктар Леанідавіч павіншаваў прысутных з заканчэннем навучальнага года, выказаў шчырую ўдзячнасць педагогам гімназіі. Школьнікам іншых класаў ён пажадаў, каб аздараўленне і летнія канікулы прайшлі дастойна, каб дзеці пабывалі ў цікавых месцах, адпачнулі, паўдзельнічалі ўлетку ў працоўным дэсанце на аб’ектах народнагаспадарчага комплексу, а 1 верасня здаровымі і ўзмужнелымі распачалі новы навучальны год.
Загад па гімназіі №1 г. п. Карэлічы аб допуску да здачы выпускных экзаменаў вучняў 9-х і 11-х класаў на ўзроўні базавай і сярэдняй адукацыі, пераводзе вучняў іншых класаў зачытала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н. П. Чычкан.
Дырэктар гімназіі А. А. Вярбіцкая ўзнагароджвае вучняў гімназіі: за высокія вынікі ў прадметных алімпіядах у пачатковай школе — Дзмітрыя Якаўца, Марыю Вырко, Паліну Урбан, Дар’ю Конюх, Таццяну Кур’ян, Антона Лецку, Данііла Лежаня. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гімназіі — Ульяну Крышэнь, Алёну Шах, Кацярыну Лазарэвіч, Сяргея Меляняку, Ігара Муху, Ірыну Балабановіч, Дар’ю Горбацко, Мікіту Крачкоўскага, Анастасію Коўжуць, Кацярыну Базар; за актыўны ўдзел у спартыўным жыцці гімназіі — Яўгенія Альбіноўскага і Дар’ю Брынкевіч, а таксама калектывы класаў — 1”В”, 2 “А”, 2 “В”, 3 “А”, 4 “А”, “4 “Б”, 5 “А”, 6 “А”, 8 “А” і гурткоў “Спадчына” (М.У. Белянова), “Церамок” (Е. Г. Васько), “Рытмы планеты” (А. А. Шурак).
Ад імя бацькоў сардэчна віншавала юнакоў і дзяўчат з заканчэннем школы, дзякавала настаўнікам Л. Д. Манкевіч.
Феерверкам звонкіх вершаваных радкоў, шчырымі словамі ляцелі ў гэты дзень наказы і віншаванні выпускнікам. А выпускнікі ўспомнілі сваіх першых настаўнікаў: С. Л. Комар, А. Г. Васько і М. М. Хіневіч. Аб тым як сённяшнія выпускнікі прыйшлі ў першы клас і акунуліся ў школьнае жыццё нагадала адна з першых настаўніц М. М. Хіневіч. Яна пажадала, каб выпускнікі зрабілі правільны і шчаслівы выбар, а ў вялікай кнізе жыцця было толькі светла і радасна. Быццам гартаючы старонкі школьнага жыцця, дзеткі з пачатковых класаў вясёлым танцам нагадалі ім аб шчаслівым дзяцінстве, пра бесклапотныя школьныя гады. А на добры ўспамін аб школе ў падарунак выпускнікам былі ўручаны сімвалічныя званочкі.
Шчыра віталі выпускнікоў першакласнікі, а выпускнікі гімназіі 2011 года ўручылі першакласнікам цацкі.
Па традыцыі, у дзень развітання з гімназіяй, выпускнікі развітваюцца з дзяцінствам і выпускаюць у майскае неба паветраныя шары. І кожны выпускнік пры гэтым задумаў сваё самае патаемнае жаданне.
Ад імя выпускнікоў слова трымала вучаніца 11 “А” класа Алена Бабко. Яе выступленне было прасякнута настальгіяй па школьнаму жыццю. Яна шчыра дзякавала настаўнікам, а гімназістам пажадала добрых поспехаў у вучобе, упэўненых перамог і дасягненняў.
Гучыць школьны вальс і выпускнікі закружыліся ў віхуры танца.
Вось і кульмінацыя свята — выпускнік 11 “А” Арцём Сакалоў і вучаніца 1 “А” класа Анастасія Вадап’ян “даюць” апошні школьны званок. Гэта першы званок у дарослае жыццё. Напісана яшчэ адна старонка ў гісторыі гімназіі, у гісторыі Карэліччыны.
У той жа самы дзень у храме св. апосталаў Пятра і Паўла райцэнтра быў адслужаны малебен. Айцец Максім Цыгель на памяць аб заканчэнні вучобы падарыў іконкі і блаславіў выпускнікоў школ на паспяховую здачу экзаменаў.
Пётр ЖЭБРАК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.