Крокі да бездані… Час спыніцца!

Сумеснае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях” адбылося ў Ярэміцкім сельскім Савеце.
Адкрыў пасяджэнне намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык, нагадаўшы прысутным аб мэтах і задачах такіх мерапрыемстваў.
Па словах старшыні Ярэміцкага сельскага Савета            П. А. Наумовіча, на дадзены момант на тэрыторыі сельвыканкама пражываюць 4 неблаганадзейныя сям’і, яшчэ 11 патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі, гэта значыць адзін няправільны крок можа навесіць на іх ярлык неблаганадзейнасці. Асноўны біч гэтых сем’яў — п’янства і антысанітарыя. Нягледзячы на тое, што адпаведныя службы райвыканкама, сельвыканкама, грамадскасць трымаюць іх пад пільнай увагай, не заўсёды ў гора-бацькоў і гора-гаспадароў хапае сіл і часу на выхаванне сваіх дзяцей і навядзенне парадку ва ўласным доме, на падворку. Зразумела, што за кожным не замацуеш асабістага выхавальніка, які будзе ўвесь час нагадваць: “Трэба працаваць, удзяляць увагу сваім дзецям, а п’янства прывядзе да пазбаўлення бацькоўскіх правоў”. І ўсё ж час ад часу прыходзіцца ім нагадваць аб гэтым, расказваць аб перспектывах жыцця без уласных дзяцей і тых памерах выплат, якія ім трэба будзе штомесячна выплачваць дзяржаве за выхаванне сваіх крывінак.
Калі з тымі, хто злоўжывае, усё больш-менш зразумела, то паводзіны зусім яшчэ маладой і прыгожай мамы двухгадовага дзіцяці здзіўляюць. Яна пакідае малое на бабулю і прападае з дому на тыдні, а часам і месяцы. Няўжо мацярынскае сэрца не хвалюецца, не сумуе?..
Таксама перад грамадскім судом адказвалі абавязаныя асобы, якія павінны вяртаць дзяржаве расходы на ўтрыманне ўласных дзяцей. Такія грамадзяне абавязаны працаваць і частку заработнай платы аддаваць у дзяржказну. Толькі працаваць ім не вельмі хочацца, як не хацелася калісьці выхоўваць сваіх дзяцей. Частыя прагулы, безадказнасць у паводзінах дазваляюць вырастаць доўгу перад дзяржавай да астранамічных лічбаў.
Яшчэ некалькі чалавек, запрошаных на пасяджэнне, тлумачылі аб прычынах запазычанасці па паслугах ЖКГ. Члены камісіі давялі да ведама неплацельшчыкаў, што калі запазычанасці не будуць пагашаны, сям’і аўтаматычна будзе нададзены статус сацыяльна-небяспечнай. Калі адсутнічаюць сродкі на аплату жыллёва-камунальных паслуг, адкуль яны возьмуцца, напрыклад, на харчаванне і вопратку для дзяцей?
У рашэнні пасяджэння па дадзенаму пытанню было адзначана: у верасні камісія зноў збярэцца на тэрыторыі Ярэміцкага сельскага Савета, будуць заслуханы гэтыя ж людзі, і калі сітуацыя не зменіцца да лепшага, то прынятыя меры будуць кардынальнымі: гора-бацькоў пазбавяць правоў, а на абавязаных асоб, якія парушаюць працоўную дысцыпліну, будуць заведзены крымінальныя справы.
Па другому пытанню “Аб рабоце ідэалагічнага аддзела райвыканкама і прафсаюзных камітэтаў арганізацый і прадпрыемстваў па арганізацыі прафілактычнай і выхаваўчай работы з абавязанымі асобамі” слова трымалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В. В. Куляка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І. Л. Пянькоўская, якія прызналі праводзімую работу ў гэтым накірунку станоўчай.
Іна ЛЕЙКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.