Моладзь пераймае вопыт ветэранаў

Неблагі ўраджай зерневых і зернебабовых вырашчаны на палетках СВК “Жухавічы”, якімі занята 2304 гектары. Уборка азімай пшаніцы і азімага трыцікале паказала: намалоты гэтых культур складаюць 47,6 і 56,8 цэнтнера з гектара.
Кожную спрыяльную гадзіну надвор’я выкарыстоўваюць члены ўборачнага атрада. Яны своечасова і надзейна адрамантавалі зернеўборачныя камбайны, папоўнілі іх парк двума новымі агрэгатамі КЗС-1218, прывялі ў парадак КЗСы, складскія памяшканні, сфарміравалі аўтатранспартнае звяно для адвозкі зерня ад камбайнаў, у якое ўваходзяць аўтамабілі МАЗ з прычэпамі і ГАЗ-53, а таксама звенні па ўборцы саломы, тэхнічнаму абслугоўванню, арганізацыі харчавання ўдзельнікаў жніва.


Нетрадыцыйна прайшлі ў гаспадарцы “Зажынкі”. Тут не сталі збіраць людзей у адным месцы, а члены праўлення, эканамічная служба, спецыялісты самі накіраваліся ў вытворчыя падраздзяленні, дзе яшчэ раз азнаёмілі хлебаробаў з вытворчымі заданнямі, нормамі выпрацоўкі, мерамі маральнага і матэрыяльнага заахвочвання.
Варта зазначыць, што сёлета шмат увагі надаецца ахове працы і захаванню правілаў бяспекі на жніве. І не толькі на словах, але і на практыцы. Члены ўборачных экіпажаў і дапаможных звенняў прайшлі адпаведны інструктаж, тэхніка забяспечана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, а хлебаробы — спецвопраткай. На жніўным полі, дзе працуюць камбайны, пастаянна дзяжураць пажарная машына і трактар з запоўненай вадою ёмістасцю.
Яшчэ адна адметнасць сёлетняга жніва — гэта маладзёжныя і сямейныя ўборачныя экіпажы, якія працуюць поруч са сталымі камбайнерамі, пераймаюць вопыт ветэранаў, вучацца даражыць хлебам, цаніць прафесію хлебароба.
Так, Уладзіслаў Дука ў свае 22 гады паспеў два гады адпрацаваць вадзіцелем у гаспадарцы, а сёлета сеў за штурвал магутнага камбайна “Лексіён—560”. Гэта яго першае жніво ў якасці камбайнера, якое Уладзіслаў праводзіць з малодшым братам, выпускніком Карэліцкага прафесійнага будаўнічага ліцэя Аляксеем.
Энергічна ўзяўся за адказную справу маладзёжны экіпаж у складзе Мікалая Варанко і Аляксандра Дубешкі, якія працуюць на камбайне “Ліда—1300”.
Актыўна ўключыліся ў жніво сямейныя экіпажы Міхаіла Печанко і яго сына Міхаіла на камбайне “Джон—Дзір”, Алега Ясевіча і яго сына Дзяніса на камбайне “Мега—208”, Сяргея Ходара і сына Дзяніса на камбайне “Ліда—1300”.
Не застаюцца абыякавымі да жніва падлеткі. На зернятоку ў Малых Жухавічах зараз працуюць восем вучняў мясцовай школы і навучэнцаў ліцэяў. Сярод іх адзінаццацікласнікі Эдуард Мартынчук і Юлія Коўзусь, навучэнец Баранавіцкага прафесійнага ліцэя машынабудавання Павел Навумчык і Андрэй Рогаў з Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання. Пасля вучобы юнак будзе поварам, а зараз ужо другія канікулы спазнае, якой працай дастаецца наш хлеб надзённы.
Загадчыца склада Л. А. Калала задаволена працай маладых памочнікаў.
— Іх на таку восем, — расказвае Лілія Аляксееўна, — працуюць у дзве змены па шэсць гадзін, у суботу—пяць, нядзеля — выхадны. Юнакі і дзяўчаты забяспечваюцца абедамі, цягнуцца да работы, не парушаюць дысцыпліну і тэхніку бяспекі, а самае галоўнае, што не лянуюцца, а самі шукаюць занятак, калі зерня паступае мала. Мяне гэта радуе. Сапраўдныя вырастуць людзі.
А пакуль моладзь асвойваецца ў хлебаробскай працы, старэйшыя шчыруюць на хлебнай ніве. Вынікі спаборніцтва падводзяцца штодзённа і даводзяцца да ведама ўсіх членаў уборачнага атрада.
Лідарамі спаборніцтва сярод камбайнераў з’яўляюцца У. М. Драткоўскі, які камбайнам “Лексіён—580” намалаціў 239 т насення траў, рапсу і зерневых, 224 тоны на рахунку С. У. Хіневіча, які працуе на камбайне КЗС—1218, а М. М. Печанко на “Джон—Дзіры” намалаціў 257 тон зерня.
На адвозцы зерня ад камбайнаў лідарам спаборніцтва з’яўляецца вадзіцель МАЗа В. Р. Камера, які перавёз 404 т. За перадавіком ідуць       І. К. Сайкоўскі, які аўтамабілем ГАЗ-53Б перавёз 225 т зерня, і механізатар А. М. Гірэйка. Ён на трактары МТЗ-1221 даставіў на зерняток        203 т збожжа.
Аляксандр Рамановіч, в. а. намесніка старшыні СВК “Жухавічы” па ідэалагічнай рабоце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.