Навучэнец ліцэя пабываў у Чэхіі

У горадзе Фрыдэк-Містэк Чэшскай Рэспублікі ў красавіку 2011 года праходзіў ХV міжнародны конкурс маладых зваршчыкаў, арганізаваны сярэдняй прафесійнай школай гэтага горада, афіцыйнымі партнёрамі міжнароднага конкурсу “Залаты кубак Linde” і нямецкім зварачным саюзам DVS.
У ім прымалі ўдзел нацыянальныя каманды Чэхіі, Славакіі, Беларусі, Украіны, Кітая і Германіі. У склад нашай каманды ўваходзілі навучэнец Мазырскага прафесійнага ліцэя, два прадстаўнікі Беларускага аўтамабільнага завода і навучэнец Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Артур Гладкоў з 215 групы, дзе пад кіраўніцтвам майстра Дзмітрыя Шырана юнакі асвойваюць спецыяльнасць мантажніка сантэхнічных сістэм і абсталявання, электразваршчыка ручной зваркі, газазваршчыка. Такога гонару Артур удастоены за добрую вучобу, дысцыплінаванасць і актыўнасць у жыцці ліцэя.
— Рабочую прафесію я выбіраў свядома, — расказвае Артур, — хаця бацькі ўспрынялі гэта неадназначна. Аднак апошняе слова засталося за мною.
Прапанова паўдзельнічаць у конкурсе такога ўзроўню застала знянацку, але і жаданне было паспытаць свае сілы і ўменне. Таму настойліва рыхтаваўся да спаборніцтва па адпаведнай праграме.
Прыбыўшы ў Фрыдэк-Містэк, пасля рэгістрацыі нас азнаёмілі з вытворчым участкам, зварачным абсталяваннем.

На наступны дзень пасля ўрачыстага адкрыцця конкурсу і жараб’ёўкі конкурсных зварваемых злучэнняў пачалася практычная частка — правядзенне конкурсных зварак ва ўсіх метадах.
Для ўдзельнікаў конкурсу была арганізавана прафесіянальная, культурная, пазнавальная і грамадская праграма.
У апошні дзень арганізавалі прэзентацыю вытворцаў і прадаўцоў зварачнай тэхнікі, уключаючы практычныя ўзоры фірм.
І вось урачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу. Перамаглі ў ім гаспадары мерапрыемства, другое месца занялі славакі, на трэцім месцы былі кітайцы. Беларуская каманда заняла чацвёртае месца.
— І хаця ў індывідуальным заліку вынікі конкурсу не падводзіліся, — расказвае дырэктар ліцэя Г. П. Бычко, — Артур дастойна прадставіў нашу навучальную ўстанову на гэтых спаборніцтвах. Але гэта паездка магла і не адбыцца, калі б не дапамога старшыні райвыканкама В. Л. Шайбака, дырэктара ТАА “Вівака” М. Я. Вырко, якія матэрыяльна забяспечылі праезд навучэнца на конкурс і дамоў, экіпіроўку прадаставіў дырэктар ААТ “Карэлічы-Лён”С. К. Лейка, практычную дапамогу і расходныя матэрыялы прадаставілі дырэктар ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” В. У. Марушка, галоўны інжынер С. В. Дрык і спецыяліст прадпрыемства І. І. Бурак. Дырэкцыя ліцэя шчыра ўдзячна за гэта мясцовай уладзе і кіраўнікам прадпрыемстваў.
А што датычыць Артура, партрэт якога змешчаны на Дошцы Пашаны ліцэя, то пры яго працавітасці і настойлівасці з юнака атрымаецца добры спецыяліст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.