Не даваць пустых абяцанняў

Адной з форм тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на вёсцы застаецца інстытут старастаў. І не трэба шукаць альтэрнатывы. Магчыма, будзе лепш, калі мы зменім падыходы і адносіны. Супрацоўніцтва павінна быць узаемнае, і гэтым неабходна кіравацца ўсім органам мясцовай улады любога звяна.
Калі мы будзем працаваць на перспектыву, тады паўсядзённыя пытанні грамадзян не будуць для нас нечаканасцю. А людзі пойдуць на кантакт з уладай тады, калі іх разумеюць і вырашаюць пытанні, а не займаюцца адгаворкамі і не даюць пустых абяцанняў. Праблем насельніцтва ўзнімае часам не вельмі шмат, і іх можна вырашыць на месцы. Трэба толькі больш з людзьмі гутарыць і бываць як у цэнтральных населеных пунктах, так і ў глыбінцы.

А вось як адбываецца гэта супрацоўніцтва, паказаў аб’езд тэрыторый сельскіх Саветаў. У Красненскім сельсавеце мы ўбачылі супрацоўніцтва ўсіх галін улады з насельніцтвам. Амаль ва ўсім парадак. Абкошаны пад’езды да вёсак. Каля платоў высаджваюцца кветкі. На могілках абкошана трава, ліквідаваны аварыйныя дрэвы. А вось тэрыторыя прыватных магазінаў патрабуе догляду і прыдання эстэтычнага выгляду.
Такога ж напрамку прытрымліваюцца ў Турэцкім сельскім Савеце. Знаходзяць час, не шукаюць адгаворак на адсутнасць грашовых сродкаў. Не шукаюць і прычын, а стараюцца дапамагчы людзям. Вынік бачны: сельскія жыхары дзякуюць мясцовай ўладзе за аказанне дапамогі па навядзенні належнага парадку на могілках вёсак Маласельцы і Чыжыноўцы.
Работа вядзецца па добраўпарадкаванню прыдамавых тэрыторый у Райцаўскім сельсавеце. Улада чуе людзей, і яны яе разумеюць. Але патрэбна паскорыць работы па агароджы могілак у в. Міратычы. Сельскі Савет вызначаецца асаблівасцю: праз яго тэрыторыю праязджаюць людзі не толькі з нашай мясцовасці, а з усёй рэспублікі, калі накіроўваюцца на возера Свіцязь, у аздараўленчы лагер.
Прыемнае ўражанне засталося пасля наведвання Цырынскага сельсавета. Вось што гавораць жыхары в. Аканавічы: “У нас ва ўсім парадак, і нам не трэба напамінаць. Кожную другую суботу выходзім яго наводзіць і добраўпарадкоўваць тэрыторыю”. Вось толькі ў в. Кайшоўка трэба дапамагчы ў барацьбе з баршчэўнікам.
Жывуць праблемамі вёскі ў Жухавіцкім сельсавеце. Ведаюць, што хвалюе чалавека і ў асабістым плане, і ў сацыяльным. Толькі трэба дапамагчы жыхарам в.Уша ў абуладкаванні прыпынку для грамадскага транспарту і аказаць дапамогу ў навядзенні парадку каля пустуючых дамоў у в. Церабостынь.
Далей шлях ляжаў у Мірскі пасялковы Савет. Старшыня І. У. Пятрушка гаворыць: “Калі на месцы з людзьмі гутарыш, праблемы бачыш інакш, чым у кабінеце”. Па свайму размяшчэнню вёскі ў гэтым пассавеце маюць перавагі і прыцягваюць дачнікаў. Там мы бачылі парадак, такі як у вёсцы Беражна. Дагледжаныя могілкі, арыгінальная агароджа, набытая на сродкі насельніцтва і гаспадаркі.
Падкошана тэрыторыя ў в. Аюцавічы, у в. Мядзвядка на такую вялікую плошчу мала адной газонакасілкі, а набыць другую — ёсць праблема. Жыхары просяць аказаць дапамогу ў падсыпцы дарогі да месца пахавання з боку вёсак Прылукі і Любна. Хацелася б, каб з вырашэннем вытворчых пытанняў вырашаліся і праблемы людзей. Тады і не ўзнікла б пытанне аб тым, што летам даехаць з в. Возерскае ў г. п. Мір няма на чым.
Заканчваўся маршрут у Ярэміцкім сельсавеце. Радуюць вочы сваёй дагледжанасцю і культурай земляробства палі. Тут убачылі парадак на могілках ва ўсіх вёсках. Прыгожыя агароджы, вызначаны месцы для смецця. Мясцовая ўлада не спасылаецца на адсутнасць часу, не ставіць праблемы вытворчасці на першае месца, а праблемы людзей — на другое. Не не абышлося і тут без пытанняў. Яны паступалі ад людзей, якія жывуць у дамах новай забудовы: ідзе поўнае затапленне падвалаў на працягу многіх гадоў у в. Ярэмічы. Не дапамагло вырашыць гэту праблему калектыўнае пісьмо, накіраванае жыхарамі ў Ярэміцкі сельсавет.
Крыху аб пустуючых дамах у цэлым. Адказныя (так мы іх называем) разабралі, але работа гэта да канца не даведзена. Стаяць дымаходы, ляжыць цэгла, участкі зараслі бур’яном. Абкасіць немагчыма, бо не ўбраны фундамент. Пустуючыя будынкі былых магазінаў і прылягаючыя да іх тэрыторыі ў запушчаным стане. Такіх па раёне каля 50. Трэба гэта пытанне ўзяць на кантроль прадстаўнікам аховы прыроды і санітарнай службы раёна.
Таму, гаворачы аб задачах, сакрэтаў ніякіх не адкрыю — неабходна актывізаваць работу з насельніцтвам, і перш за ўсё з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Каб яны своечасова інфармавалі прадстаўнікоў улады аб канкрэтных праблемах канкрэтнага чалавека, былі першымі памочнікамі на месцах.
У кожным населеным пункце такіх людзей яшчэ называюць не толькі гаспадарамі ў доме, але і вёскі. Для іх яна неабыякава, хвалюе больш грамадскае. Глядзіш на Марыю Сямёнаўну Кузьміч з в. Зарэчча Малюшыцкага сельскага Савета і дзіву даешся: адкуль у яе столькі энтузіязму і энергіі працаваць на карысць вёскі. Яна — стараста. А вось да ўтрыманцаў трэба падыходзіць уладзе строга і па-дзелавому.
Пытанні паставіць можа кожны, перакласці справу на плечы іншых вялікіх намаганняў не трэба. Ёсць яшчэ і “мастакі”, якія пішуць скаргі ва ўсе інстанцыі. Такім людзям хацелася б параіць: “Чым займацца словаблудствам, лепш прыняць актыўны ўдзел і зрабіць добрыя справы”. А спраў нямала, асабліва па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку.
Галоўнае, каб была сістэма, арганізаванасць і накіраванасць на дасягненне канкрэтнага выніку. А ўзнікшыя пытанні патрабуюць вырашэння. І трэба не адкладваць на заўтра.
Пётр МАЦУК,старшыня раённага савета стараст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.