Панямонь прымала рыбалова

У камунальнай службе раёна нямала аматараў актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды. Асобнае месца сярод іх займаюць рыбаловы-аматары. І калі спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы сталі ўжо ў РУП ЖКГ традыцыйнымі, то на адкрытай вадзе Нёмана яны праводзіліся ўпершыню.
На жаль, не ўсім жадаючым давялося паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Яны былі задзейнічаны на ліквідацыі наступстваў урагана, які бушаваў напярэдадні над Карэлічамі.
Тым не менш спаборніцтва адбылося ў маляўнічых ваколіцах вёскі Панямонь. Па яго ўмовах лавіць рыбу дазвалялася адной вудай з адным кручком на працягу трох гадзін.
Адведзены тэрмін прайшоў непрыкметна і вось ужо вядомы найбольш спрытныя і спрактыкаваныя рыбаловы.
Першае месца заняў майстар ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак Мірскага ўчастка РУП ЖКГ Віктар Кот. Ён жа злавіў самую вялікую рыбу—ляшча вагою 950 грамаў. На другім месцы — трактарыст Мікалай Орсіч, на трэцім — токар прадпрыемства Алег Мамонька. Ён жа стаў уладальнікам прыза за самую маленькую злоўленую рыбку.
Пераможцы  адзначаны прызамі, а ў заключэнне мерапрыемства ўсе ўдзельнікі частаваліся наварыстай, духмянай юшкай.
Аляксандр Дземідовіч, старшыня прафкама РУП ЖКГ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.