Пра тое, як высахлі дзіцячыя слёзы

Вось дзве жыццёвыя гісторыі аб дзвюх розных жанчынах, якія, напэўна, і не знаёмы адна з другой, але многае ў іх лёсах да болю падобнае. Абедзве пазналі шчасце мацярынства, а потым амаль што страцілі ганаровае права называцца матуляй, але змаглі, знайшлі ў сабе сілы вярнуцца да нармальнага жыцця, стаць ахоўніцамі дамашняга ачага, пабароўшы ў сабе цягу да бутэлькі.
Па зразумелых прычынах аўтар не будзе называць імёны, прозвішчы, месцы дзеяння.


Гісторыя першая
Таццяна, колькі сябе памятае, жыла ў дзіцячым доме, таму не зведала ні мацярынскай, ні бацькоўскай ласкі, затое там яе навучылі простаму правілу: правы той, хто дужэйшы. За сябе пастаяць яна ўмела, а вось любіць, паважаць, цаніць кожны пражыты дзень не навучылі. Было ў яе жыцці і шчаслівае замужжа, і нараджэнне дачкі. Толькі штосьці надламалася ўнутры, усплылі даўнія крыўды на лёс, на жыццё, і Таццяна забылася пра ўсё: сям’ю, дзіця, абавязкі. Цяпер мэтай яе жыцця стала чарговая доля алкаголю, ад якога яна з цягам часу адмовіцца ўжо не магла. Жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў, муж забраў дачку сабе… Таццяна спрабавала самастойна справіцца з хваробай, імкнулася вярнуць дачку, але былы муж і яго родныя не далі ёй другога шанцу. І яна перастала змагацца. Жыццё праходзіла як у тумане. Паходы ў магазін за новай бутэлькай, спадарожнікі жыцця мяняліся часта,бо часта прычынай сваркі была лішняя непадзеленая чарка… У 2005 г.  жанчына нарадзіла хлопчыка, а праз тры гады дзіця было змешчана ў сацыяльны прытулак. Гісторыя паўтарылася. І хто ведае, чым яна магла б закончыцца, каб не дапамога царквы, праваслаўнага сястрыцтва ў гонар Св. пакутніцы царыцы Аляксандры і зацікаўленых службаў райвыканкама. Яны хадзілі за Таццянай амаль па пятах, можна сказаць за руку прыводзілі да сябе і падоўгу гутарылі, нават вазілі на экскурсію ў наркалагічны дыспансер. Напэўна, менавіта такой увагі ад чужых людзей, спагады, разумення і чакала жанчына. Таццяна сама паехала на лячэнне, уладкавалася на працу. І ў яе паверылі. Сына вярнулі, і 1 верасня мама павядзе яго ў школу.
Гісторыя другая
Святлану і Мікалая многія палічылі б шчаслівай парай, калі б даведаліся, што лёс падарыў ім пяцёра дзяцей. Але каб зірнулі ў вочы іх малых, то паспачувалі б і дзецям, і бацькам. Жудасная антысанітарыя ў хаце, пусты халадзільнік, затое чаркі заўсёды былі поўныя да краёў. І калі ў 2004 г. у раёне ўпершыню адкрыўся сацыяльны прытулак, першымі яго выхаванцамі сталі трое непаўналетніх дзяцей Святланы і Мікалая. Старэйшы сын на той час ужо адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, а дачка бадзялася. Сям’я літаральна гінула на вачах. Адпаведныя службы райвыканкама, работнікі школы, дзіцячага сада, супрацоўнікі міліцыі кожны дзень наведваліся ў дом Святланы, імкнуліся дастукацца да яе сумлення, прабудзіць мацярынскія пачуцці… Праз паўгода і саму Святлану з мужам, іх хату і падворак было не пазнаць. Муж і жонка прайшлі курс лячэння, зрабілі рамонт у доме, уладкаваліся на работу. Цяпер і дзяцей можна было забраць дамоў. Але гэты цяжкі жыццёвы этап не стаў для Святланы апошнім. Старэйшая дачка Надзея нарадзіла сына, але займацца мацярынскімі абавязкамі катэгарычна не жадала.Святлана гадавала ўнука сама, але глядзець на тое, як дачка ідзе пратораным ёю шляхам, не магла. З дапамогай грамадскасці і адпаведных службаў яна здолела вярнуць Надзею да нармальнага жыцця. Цяпер у гэтай сям’і жывуць спакойна і размерана.
Вось дзве жыццёвыя гісторыі аб дзвюх розных жанчынах з падобнымі лёсамі. І хоць у народзе кажуць, што былых алкаголікаў не бывае, усё ж такі хочацца верыць у тое, што гэта гісторыі са шчаслівым канцом.
К. ІНІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.