Прафесія выбірае мужных

Пажарны-выратавальнік — прафесія своеасаблівая, нават можна сказаць, неардынарная, прафесія для мужных і смелых, бо амаль кожны дзень прыходзіцца рызыкаваць сваім жыццём, каб выратаваць чужое… Нездарма яна — у дзесятцы самых небяспечных прафесій свету.

Напярэдадні прафесійнага свята журналіст “раёнкі” завітаў у Мірскую пажарную аварыйна-выратавальную часць № 2, дзе пагутарыў з яе начальнікам М. І. Лазарам:
—    Зазірнём у гісторыю стварэння Мірскай ПАВЧ. Пачалося ўсё ў красавіку 1887 года з заявы жыхароў мястэчка Мір на імя прыстава Навагрудскага павета: “…желаем учредить в м. Мир вольное пожарное общество… для охранения м. Мир от несчастных случаев…”. Такім чынам, на тэрыторыі Міра вогнеборцы дзейнічалі ўжо больш 120 гадоў назад.
Цяпер вернемся ў дзень сённяшні. У Мірскай ПАВЧ нясуць службу 19 чалавек, 4 з іх — афіцэры. Асноўная наша задача — ліквідацыя рознага кшталту надзвычайных сітуацый (у тым ліку і пажараў) і падрыхтоўка асабовага саставу. У вольны ад нясення службы час супрацоўнікі займаюцца прапагандысцкай дзейнасцю з насельніцтвам, у час сезонных работ выязджаюць на аб’екты гаспадарання. Цяпер, у перыяд жніва, суправаджаем камбайны ў СВК “Лукі-Агра” і ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. На полі звычайна знаходзіцца або наш спецаўтамабіль, або трактар з ёмістасцю вады. У час засухі з мэтай папярэджання і ранняга выяўлення пажараў патруліруем лясныя масівы і тарфянікі. Сёння на нашым узбраенні маецца дастатковая колькасць складанай аварыйна-выратавальнай тэхнікі вядучых сусветных вытворцаў: адзін аўтамабіль хуткага рэагавання, адзін аўтамабіль сярэдняга і два цяжкага тыпу, 8 адзінак аварыйна-выратавальнага абсталявання рознага накірунку. Пажарная часць № 2 абслугоўвае не толькі г. п. Мір, але і населеныя пункты Мірскага пасялковага, Жухавіцкага, часткова Турэцкага і Лукскага сельвыканкамаў. Улічваючы тое, што раён выездаў маштабны, немалую долю дапамогі нам аказваюць добраахвотныя пажарныя фарміраванні, у прыватнасці тыя, якія маюць на ўзбраенні пажарную тэхніку. Гэта добраахвотныя пажарныя фарміраванні СВК “Жухавічы” і “Лукі-Агра”. Штогод мы выконваем ад 16 да 22 выездаў, звязаных толькі з ліквідацыяй пажараў, у сваім раёне, столькі ж для аказання дапамогі ў суседніх раёнах Брэсцкай і Мінскай абласцей.
Значную ролю ў станаўленні пажарнага-выратавальніка як прафесіянала адыгрывае працоўны калектыў. Сёння вызначаць кагосьці асабіста не хочацца, таму што дастойныя яны ўсе. Назаву тых, хто працуе тут з моманту рэарганізацыі прафесійнай пажарнай аховы ў ваенізаваную (з 1994 года). Гэта С.Л. Бухавец, М.А. Коцік, І.І. Печанко, А.В. Гурыновіч, А.У. Пігульскі, В.А. Галаванаў, Д.П. Жук. Шмат гадоў сумленна працавалі П.З. Сініца, П.І. Бычко, М.М. Наско, Б.І. Галаванаў, Б.С. Янкоўскі і іншыя. На жаль, у радах пажарных-выратавальнікаў зараз няма былога камандзіра аддзялення А. А. Жука, які, нягледзячы на атрыманую падчас вучэбных заняткаў траўму, працягвае актыўна ўдзельнічаць у жыцці калектыву.
Напярэдадні прафесійнага свята хачу пажадаць тым сваім калегам, хто зараз нясе службу, “сухіх рукавоў”, а таксама мужнасці і адвагі ў такой нялёгкай, але патрэбнай і высакароднай справе.
Гутарыла Іна ЛЕЙКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.