Таматная моль — новы шкоднік

Сёлета ў маі ўпершыню ў Беларусі ў цяпліцы з таматамі КСУП «Брылёва» Гомельскага раёна была выяўлена таматная моль (Tuta absoluta), якая летась была ўключана ў спіс каранцінных аб’ектаў для Рэспублікі Беларусь. На дадзеную гаспадарку накладзены каранцін, праводзяцца мерапрыемствы па лакалізацыі і знішчэнні ачагу.
Таматная моль шырока распаўсюджана ў Паўднёвай Амерыцы. У Еўропе яна ўпершыню была выяўлена ў Іспаніі ў 2006 годзе. Цяпер яна шкодзіць, акрамя Паўднёвай Амерыкі, у большасці краін Паўночнай Афрыкі, у Еўропе, у тым ліку ў суседніх Літве, Украіне, Расіі.
Для таматнай молі асноўнаю кармавою раслінаю з’яўляюцца таматы, аднак яна можа пашкоджваць перац, баклажаны, бульбу і нават пустазелле сямейства паслёнавых. У гарачыя летнія месяцы могуць быць пашкоджаны паслёнавыя культуры і ў адкрытым грунце. Развіваецца моль на ўсіх надземных частках раслін, нават на непрыкрытых глебай клубнях бульбы ў перыяд вегетацыі.



Жыццёвы цыкл шкодніка, у залежнасці ад тэмпературы, цягнецца 30-40 дзён. Пры тэмпературы 25-30 градусаў таматная моль можа даваць 10-12 пакаленняў у год, можа пераносіць маразы да — 18 градусаў. Матылькі актыўныя пераважна ноччу, а большую частку дня праводзяць на ніжняй паверхні ліста. Днём іх можна заўважыць, калі патрэсці расліну. Самка адкладвае яйкі ў верхняй частцы раслін на сцябле або ніжняй частцы ліста. Праз 4-6 дзён з’яўляюцца лічынкі крэмавага колеру, дарослыя гусеніцы чырванаватыя, даўжынёй 8-9 мм, жывуць 10-15 дзён. Акукліванне адбываецца на працягу 10 дзён у глебе, або на паверхні лісця. Зімуе шкоднік у стадыі яек,
кукалкі або дарослага матылька.
Нягледзячы на малыя памеры за суткі адна гусеніца з’ядае да 4 кв. сантыметраў ліста. Харчуецца яна не толькі лісцямі, але і сцяблінамі, і пладамі, угрызаецца і робіць у іх хады. Вынікам жыццядзейнасці гусеніц з’яўляецца пагаршэнне таварнай якасці пладоў, пагаршэнне вегетацыі раслін. У Лацінскай Амерыцы таматная моль цяпер лічыцца галоўным ворагам агароднінаводаў. Шкодзячы на працягу ўсяго цыкла вырошчвання раслін, таматная моль пры вялікай колькасці можа знішчыць 1 га таматаў за два тыдні.
Весці барацьбу з гэтым шкоднікам вельмі цяжка і дорага. Развіваецца моль на ніжняй частцы лісця (дарослая) або ў лісце ці сцябле (лічынка). У выніку апрыскванне інсетыцыдамі не дае чакаемага эфекту. Па падліках еўрапейскіх спецыялістаў апрацоўка 1 га цяпліц пестыцыдамі абыходзіцца прыкладна ў 25 тысяч еўра. Для аховы раслін ад таматнай молі ужываюцца агратэхнічныя,
прафілактычныя (сезонная дызенфекцыя цяпліц, уборка раслінных рэшткаў, маскітныя сеткі на вокнах і вентыляцыйных адтулінах, двайныя дзверы на ўваходзе ў цяпліцу), хімічныя (сістэмнымі інсектыцыдамі), біялагічныя метады.
Каб не дапусціць далейшага распаўсюджання таматнай молі агранамічная службы гаспадарак, дзе ёсць цяпліцы з таматамі, агароднікі, фермеры павінны быць гатовы прыняць усе неабходныя меры для лакалізацыі і знішчэння ачагоў небяспечнага каранціннага шкодніка.
Франц РАДУКА,
вядучы аграном па каранціну раслін раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.