У Луках усё ў надзейных руках

Дзень Лукскага сельсавета, удзел у якім бралі старшыня райсавета дэпутатаў А. В. Шкадаў, намеснікі старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык і І. Р. Лазарэвіч, кіраўнікі арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, старшыні пассельвыканкамаў раёна, насіў выязны характар. Напачатку мерапрыемства яго ўдзельнікі аб’ехалі вёскі Лукі, Асташын, Баяры, Далматаўшчына, Вышкава. Нельга не пагадзіцца з выказваннем Шкадава А. В. аб тым, што на тэрыторыі сельсавета пануе парадак: прыдарожныя палосы, прыдамавыя тэрыторыі старанна абкошаны, і робіцца гэта не толькі перад такімі вось выязнымі “агледзінамі”, але рэгулярна і своечасова. Праязджаючы праз вёскі, назіраем своеасаблівае лукскае “вынаходніцтва”: жалезабетонны плот з… драўляным верхам. Такую камбінацыю прыдумалі тут і прымяняюць на практыцы. Маем і прывабны  эстэтычны выгляд, і зніжэнне кошту амаль у два разы! Аб тым, што сельсавет перспектыўны, сведчаць і  наяўнасць фермерскай гаспадаркі, і развіццё агратурыстычнага бізнесу.

Выходзім з аўтобуса і кіруемся да сельмага в. Вышкава, дзе загадчыцай працуе стараста вёскі М. А. Непагода. Кіраўніка групы А. В. Шкадава цікавіць тавараабарот гандлёвай кропкі (за чэрвень ён склаў 12 млн руб., пры гэтым у вёсцы пражывае 67 чал.) і непакоіць пытанне, як разыходзіцца “тавар з верхніх паліц” (алкаголь).
—Няма ў нас такіх, каб злоўжывалі, — адказвае Марыя Андрэеўна, —  а вось прадукты бяруць добра. Заказы раблю хоць і не ў вялікай колькасці, але рэгулярна.
Наступны аб’ект — мехмайстэрні гаспадаркі. Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя райвыканкама А. І. Фалейчык засяроджвае ўвагу прысутных на кантэйнерах, прызначаных для розных відаў адходаў: металу, бытавога смецця. “Тут заўсёды парадак!” — зазначае ён.
—    У Доме механізатара, — расказвае старшыня СВК “Лукі-Агра” М. А. Гавіна, —  плануем работу на дзень, сюды ж прыходзяць механізатары для абавязковага ранішняга медыцынскага агляду. Пасля напружанага рабочага дня тут можна прыняць цёплы душ, а актавая зала абсталявана камінам, які стварае дамашнюю атмасферу.
На ганку Лукскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі нас сустракае яе загадчыца Н. Я. Куцко. “Амбулаторыя абслугоўвае 1600 чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі Лукскага  і дзвюх вёсак Турэцкага сельсаветаў”, — расказвае Ніна Яўгеньеўна. У мінулым годзе ў амбулаторыі зроблены капітальны рамонт, праведзена мадэрнізацыя будынку: поўнасцю заменена мэбля, набыта медабсталяванне і абсталяванне для харчблоку. Сапраўды, медустанова мае прывабны эстэтычны выгляд і поўнае аснашчэнне. Нездарма, па словах Н. Я. Куцко, у мінулым годзе прыехаўшая сюды на лецішча мінчанка пазайздросціла: “Гэта ж трэба, такое для калгаса пабудавалі!”. Лукская бальніца сястрынскага догляду, стаўшая прытулкам для хворых, адзінокіх састарэлых, разлічана на 27 ложкаў, якія, на жаль, ніколі не пустуюць…
—    Не здзіўляйцеся, што наступным пунктам нашага маршруту сталі могілкі, — гаворыць А. В. Шкадаў, стоячы каля варот апошняга прытулку нашых продкаў. — Бо ў тым, як мы шануем памяць пра нашых прашчураў, праяўляецца наша культура. На жаль, не ўсе пра гэта памятаюць…
Выгляд вясковых могілак аграгарадка сведчыць аб тым, што добраўпарадкаванне на іх тэрыторыі праводзіцца рэгулярна і сумесна з СВК, сельвыканкамам і мясцовымі жыхарамі. Сіламі гаспадаркі праведзены рамонт Свята-Уваскрасенскай царквы, што знаходзіцца на тэрыторыі могілак, устаноўлена сігналізацыя.
Наступны прыпынак — Лукскі дзіцячы сад,  у якім выхоўваецца 34 дзіцяці. Яго  загадчык М. В. Бучацкая праводзіць экскурсію па прылягаючай тэрыторыі, запрашае ў памяшканне. Амаль адразу дырэктар УКП БАН Л. Л. Пулко прымае заказ на пашыў 34 камплектаў пасцельнай бялізны і пакрывалаў на дзіцячыя ложкі.
Радуе вока і мясцовых жыхароў, і прыезджых новы будынак магазіна райспажыўтаварыства “Родны кут”. Кошт аб’екта складае 420 млн руб. Аднадзённы тавараабарот — 3 млн руб. Па словах старшыні райспажыўтаварыства Г. Л. Міхайлоўскай, у раёне плануецца пабудаваць яшчэ некалькі такіх гандлёвых кропак пад адной назвай. Такія магазіны ўжо ёсць у Райцы, Малюшычах, і яны стануць візітнай карткай райспажыўтаварыства нашага раёна.
Не абмінулі ўдзель-нікі мерапрыемства і магазін СВК “Лукі-Агра”, тавараабарот якога складае каля 60 млн руб. у месяц. Усяго ў Луках дзейнічаюць 5 гандлёвых кропак:  два магазіны райспажыўтаварыства, адзін — СВК, два прыватныя.
Заходзім у памяшканне комплексна-прыёмнага пункта. Па словах Л. Л. Пулко, аб’ём бытавых паслуг КПП вышэй, чым сярэдні па раёне і амаль у 2 разы вышэй, чым сярэдні па вобласці, пры гэтым павялічваецца з кожным месяцам. Лілія Лук’янаўна прадэманстравала трыкатаж, які вырабляецца на  прадпрыемстве. УКП БАН у гэтым годзе чакае маладых спецыялістаў, сярод якіх будзе дызайнер і 6 закройшчыкаў-краўцоў. Таму ў планах — пашыў сучаснага, моднага адзення.
У памяшканні адміністрацыйнага будынку сельсавета і праўлення СВК нас сустрэў участковы інспектар У. С. Наумовіч, які адзначыў, што трывалая падтрымка і практычная дапамога з боку кіраўніцтва сельгаскааператыва і сельвыканкама дазваляе выконваць службовыя абавязкі ў поўным аб’ёме. І гэта даказвае статыстыка: у сельсавеце самая спрыяльная аператыўная абстаноўка па раёне.
Для падвядзення вынікаў прысутныя сабраліся ў Лукскім ЦСДК. Слова трымалі старшыня Лукскага сельвыканкама Л. І. Ваўчок, старшыня СВК “Лукі-Агра” М. А. Гавіна, начальнік РАУС А. А. Нос і старшыня райсавета дэпутатаў  А. В. Шкадаў. Па словах Аляксандра Віктаравіча, менавіта цеснае супрацоўніцтва праўлення СВК і сельсавета, пануючае паміж імі ўзаемаразуменне дае такія станоўчыя, плённыя вынікі па ўсіх накірунках дзейнасці, стварае камфортныя ўмовы для пражывання людзей.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.