У «Лясной казцы» мары збываюцца

Якая гэта радасць бачыць усмешкі дзяцей і чуць іх звонкі смех! А тым больш летам, калі сама прырода спрыяе гэтаму — свежае паветра ды яркае сонца, а знаходжанне ў дзіцячым аздараўленчым лагеры робіць адпачынак дзяўчынак і хлопчыкаў яшчэ больш цікавым. У гэтым і давялося пераканацца, прыехаўшы ў “Лясную казку”.
На другую змену сюды прыехалі 52 дзіцяці —19 дзяўчынак і 33 хлопчыкі. А таксама сабраўся творчы калектыў выхавальнікаў. Усе таленавітыя і ініцыятыўныя, яны імкнуцца наладзіць добры адпачынак.

Тэматыка мерапрыемстваў разнастайная: спартыўная, выхаваўчая, забаўляльная, а таксама вялікая колькасць конкурсаў, якія прыходзяцца даспадобы дзетвары.
— Адпачынак у лагеры, —адзначае старшы выхавальнік Н. С. Троска, — гэта сустрэча са старымі сябрамі, гэта і новыя знаёмствы. Гэта і ўмацаванне здароўя, і станоўчыя эмоцыі, і яркія ўражанні. І мы, дарослыя, імкнёмся зрабіць адпачынак дзяцей змястоўным.


Мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі саміх хлопчыкаў і дзяўчынак. Вось што яны расказалі.
Андрэй ТРОСКА, г. п. Мір:
— Вельмі тут падабаецца, бо шмат праводзіцца конкурсаў, імкнуся ўдзельнічаць ва ўсіх. Да адкрыцця лагернай змены падрыхтавалі сцэнку “Уральскія пельмені”. Самі склалі песню атрада “Мамкіны сынкі”. Цікава прайшло свята Купалле: спявалі песні ля кастра, танцавалі. Своеасаблівым быў Дзень банцікаў і вяснушак: іх трэба было насіць на працягу дня. У каго іх не было, таму неабходна было аддаць нейкую рэч, а вечарам яе “адваёўваць”.
Юрый ЮРЧЫК, г. п. Карэлічы:
— Спартыўныя мерапрыемствы праводзім на стадыёне. Гуляем у валейбол, футбол, піянербол. Цікава было ў футбол пагуляць з важатымі. Калі дрэннае надвор’е, гуляем у тэніс. Раніца пачынаецца з зарадкі, а тыя, хто правініўся, бегаюць “штрафныя” кругі. Ужо чатыры гады тут адпачываю і вельмі падабаецца: кожны дзень праводзяцца мерапрыемствы. Хочацца прыязджаць сюды зноў і зноў.
Кацярына ЛАЗАРЭВІЧ, г. п. Карэлічы:
— Мне падабаюцца выхавальнікі: вясёлыя, завадныя. У мяне — Таццяна Леанідаўна Лустач і Мая Сяргееўна Напорка. Яны як сяброўкі, у той жа час нас разумеюць і строгія. Цікавяцца нашымі справамі, рыхтуюць конкурсы, гульні, дапамагаюць праводзіць мерапрыемствы. Мы ім дапамагаем упраўляцца з малышамі. Шкада, што ідзе дождж. У такія хвіліны збіраемся ў пакоі і гуляем у гульні.
Я тут упершыню, сустрэла новых сяброў. Пазнаёмілася з Юліяй Пастуховай, Алай Кананок, і мы пасябравалі.
Юлія ПАСТУХОВА, г. п. Мір:
— У лагеры харчаванне разнастайнае. Гатуюць салаты з агуркоў, морквы, памідораў, кукурузы. Часта даюць сокі. Харчаванне пяціразовае. У асартыменце — супы, рыбныя і мясныя стравы, кефір і ёгурт. Адным словам, нам яно падабаецца. Мы ўжываем не толькі прыгатаваныя стравы, але і дзяжурым па сталовай — кожны домік па чарзе. Наводзім парадак, расстаўляем талеркі на сталы, запрашаем рабят у сталовую, жадаем: “Смачна есці!”
Валерыя ЛАЗАРЭВІЧ, г. п. Карэлічы:
— Люблю спяваць і спяваю на ўсіх канцэртах. А таму некалькі разоў у дзень хаджу на рэпетыцыі. Я скончыла першы клас эстраднага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў па класу вакала. Маім музычным кіраўніком з’яўляецца Сняжана Юр’еўна Абрамчык. Яе ведаю даўно. Тут выконваю папулярныя песні і развучваю новыя. Склалі папуры самых лепшых дзіцячых песень. Любімай усяго лагера стала песня “Если добрый ты”. Кожны дзень да нас прыходзяць спяваць новыя выканаўцы. Сняжана Юр’еўна паабяцала, што лепшыя з нас будуць спяваць з важатымі. З гэтай прапановай у нас з’явілася мара, і хочацца верыць, што яна збудзецца. У “Лясной казцы” мары збываюцца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.