У памяці — ваеннае ліхалецце

У маляўнічай вёсцы з прыгожай назвай Зелянец жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Аляксандравіч Зайко.
Яму ўжо за восемдзесят, далягаюць хваробы, а ў памяці ўсё яшчэ застаецца ваеннае ліхалецце.


У 1941 годзе Мікалаю было васямнаццаць гадоў, і ён з-за беззямельнасці настойліва вучыўся сямейнаму рамяству муляра. Яго дзед, Людвік, мураваў сцены мясцовай царквы ў Райцы, бацька Аляксандр адмыслова клаў печы, гэтаму вучыўся і Мікалай.
Трывожна было ў свеце, неспакойна. У паветры патыхала вайною. І хаця вяскоўцы былі гатовы да такіх падзей, грымнула яна нечакана. З 22 чэрвеня пачаўся новы адлік часу, акупацыйны, з гітлераўскім “новым парадкам”, са зверствамі і грабяжамі людзей, расправамі над актывістамі савецкай улады, вывазам моладзі на прымусовыя работы ў Германію, краіны Балтыі.
Не абышла гэта бяда і сям’ю Зайко. Акупанты вывезлі на прымусовыя работы ў Эстонію малодшага брата Мікалая — Аляксандра. Шмат пакут выпала на яго долю, і толькі ў   канцы вайны давялося вярнуцца на радзіму.
З братам, праўда, сустрэўся пазней, бо ў гэты час радавы Мікалай Зайко мужна змагаўся з фашыстамі ў складзе 1-га Беларускага фронта. Стралок Зайко з баямі дайшоў да Одэра, дзе пры фарсіраванні гэтай воднай перашкоды быў кантужаны і пасля лячэння прызнаны непрыгодным да страявой службы і камісаваны.
Да стварэння калгасаў былы франтавік займаўся звыклай справай — дарыў людзям цяпло, у літаральным сэнсе гэтага слова. Паводле слоў ветэрана, у Райцаўскім сельсавеце няма ніводнага дома без складзенай ім печы, пліты ці ляжанкі.
А ў калгасе Мікалай Аляксандравіч працаваў у будаўнічай брыгадзе, узводзіў фермы, склады, канюшні і іншыя гаспадарчыя пабудовы.
Прайшоў час, зарубцаваліся раны, а ў памяці жывуць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, сямідзесяцігоддзе пачатку якой разам з усімі адзначае кавалер ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені і шматлікіх медалёў Мікалай Аляксандравіч Зайко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.