Умацоўваць бяспеку і дысцыпліну

Узровень злачыннасці зніжаецца
За першае паўгоддзе г. г. у раёне захоўваецца тэндэнцыя да зніжэння злачыннасці. На 10 тысяч насельніцтва ўзровень злачыннасці складае 39,2 (45,4), у сярэднім па Гродзеншчыне — 50,7, а найбольш злачынстваў зарэгістравана на адміністрацыйным участку Мірскага пассавета — 16, г. п. Карэлічы і Цырынскі сельскі Савет  — па 15, Малюшыцкі і Турэцкі сельсаветы — 12 і 10, Красненскі — 9, Лукскі, Жухавіцкі і Райцаўскі, адпаведна, — 6, 4 і 3 злачынствы, Ярэміцкі — 2 і Варанчанскі сельсаветы — адно злачынства.
Рост злачынстваў характэрны для  Цырынскага — 15 (+9) і Турэцкага — 10(+3) сельсаветаў. Знізілася колькасць злачынстваў у райцэнтры (-15), Жухавіцкім            (-10), Ярэміцкім (-7), Мірскім (-6) і Райцаўскім (-1) пассельвыканкамах.
У выніку злачынных замахаў пацярпелі 59 грамадзян, з якіх 8 непаўналетніх, 17 ва ўзросце ад 50 да 69 гадоў, 5 — старэй 70 гадоў, 9 пацярпелых — пенсіянеры, 4 знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, двое загінулі (забойства).
Разгледжаны 222 заявы і паведамленні аб злачынствах, узбуджана 87 крымінальных спраў. Адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальных спраў па 90 заявах і паведамленнях, па 84 з іх — за адсутнасцю складу злачынства.
Алкагалізацыя —асноўны фактар
У першым паўгоддзі г. г. алкагалізацыя  насельніцтва стала адным з асноўных фактараў, які паўплываў на крымінагенную абстаноўку на тэрыторыі раёна.
Супрацоўнікі РАУС праводзілі рэйдавыя, аператыўна-вышуковыя і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне ачагоў самагонаварэння, фактаў нелегальнага абароту спірту і спіртаўтрымліваючых вадкасцей, устанаўлення асоб, якія злоўжываюць алкаголем ці пакутуюць ад яго.
Выяўлена 296 правапарушэнняў, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць за распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, 218 — за здзяйсненне дробнага хуліганства, 144 правапарушэнні здзейснены ў сферы сямейна-бытавых адносін. Выяўлены 72 выпадкі знаходжання людзей на рабочым месцы ў рабочы час у нецвярозым стане.

Прафілактыка злачынстваў сярод непаўналетніх
З 6 да 8 павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі. Асноўны від правапарушэнняў — распіццё падлеткамі спіртных напіткаў ці з’яўленне ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе.
Затрымана за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства 18 падлеткаў, за дробнае хуліганства — 6. Ёсць выпадкі выяўлення дарослых, якія ўцягваюць у п’янства непаўналетніх. Выяўлены прадавец, які рэалізоўваў спіртное непаўналетнім.
Пастаянна супрацоўнікі міліцыі праводзяць мерапрыемствы па агульнай прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, здзяйсняемых непаўналетнімі. Сёлета ва  ўстановах адукацыі праваахоўнікі правялі 46 гутарак і выступленняў (летась 38), 36 (28) рэйдаў рознай накіраванасці па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў, здзяйсняемых непаўналетнімі, рэгулярна публікуюцца артыкулы ў раённай газеце “Полымя”, гучаць такія выступленні ў перадачах раённага радыё.

Ізаляваны ў ЛПП
За 6 месяцаў 2011 года асуджана ў лячэбна-працоўны прафілакторый 28 хранічных алкаголікаў і 20 ізалявана ў ЛПП (за 2008 г. — 12, 2009 г. — 20, 2010 г. — 33), з іх тры жанчыны, 5 асоб, якія абавязаны вяртаць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей. Праведзена 11 выязных судовых пасяджэнняў па накіраванні хранічных алкаголікаў у ЛПП. Узбуджана 5 крымінальных спраў за ўхіленне бацькоў ад утрымання дзяцей, трое бацькоў абмежаваны судом у дзеяздольнасці.
У ЛПП ізалявана 11 раней асуджаных (у 2010 г. — 4), 5 паднаглядных накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. За парушэнне прэвентыўнага нагляду асуджаны адзін  паднаглядны. Разам з тым, раней асуджанымі асобамі здзейснены 23 злачынствы (летась — 26).
На жаль, у раёне 5 грамадзян (летась — 7) загінулі ад атручвання алкаголем, зарэгістраваны таксама два  факты суіцыду (летась — 5).

Самагонка, каноплі, мак…
У першым паўгоддзі г. г. выяўлена 6 ачагоў самагонаварэння. Канфіскавана                309 л спіртаўтрымліваючай вадкасці (42,7 л самагонкі, 43,5 л фальсіфікаваных спіртных напіткаў, 223 л брагі). Складзена 25 адміністрацыйных пратаколаў па арт. 12.43 і ч. 4 арт. 12.27 КоАП Рэспублікі Беларусь. 11 грамадзян прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Насельніцтва раёна аддае перавагу ўжыванню танных сертыфікаваных напіткаў, рэалізацыя якіх застаецца дастаткова вялікай.
Сёлета знішчана 60 кг дзікарослай каноплі, 20 кг алейнага маку. Складзены два адміністрацыйныя пратаколы па арт. 16.1.

“Тваё слова супраць п’янства і алкагалізму”
З мэтай стабілізацыі абстаноўкі, звязанай з алкагалізацыяй насельніцтва, РАУС сумесна з зацікаўленымі ведамствамі праведзены прафілактычныя мерапрыемствы і акцыі. Напрыклад, у сельскіх Саветах праведзена 12 выязных судовых пасяджэнняў па разгляду крымінальных і грамадзянскіх  спраў. Прайшлі пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў. У навучальных установах, працоўных калектывах, клубах штомесячна дэманстраваўся фільм “Святло ў канцы тунэля” па папярэджанні п’янства сярод розных катэгорый насельніцтва. Кожную трэцюю пятніцу месяца праводзілася абласная акцыя “Дзень цвярозасці”. А ў маі пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама праведзена прафілактычная акцыя “Тваё слова супраць п’янства і алкагалізму”, ход якой шырока асвятляўся ў раённай газеце “Полымя” і на раённым радыё.
Сёлета ў райцэнтры і г. п. Мір на сценах дамоў размешчаны тры стэнды на тэму прафілактыкі п’янства і здаровага ладу жыцця з указаннем тэлефонаў “гарачай лініі” па барацьбе з незаконным абаротам спіртаўтрымліваючай вадкасці.

“Сям’я без насілля”
Сумесна з супрацоўнікамі зацікаўленых ведамстваў у рамках праводзімай акцыі “Сям’я без насілля” праведзены рэйды па выяўленні неблаганадзейных  сем’яў і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
У сферы сямейна-бытавых адносін адзначаецца зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў з трох да нуля.
З пачатку года сумесна з медыкамі выяўлена і пастаўлена на ўлік да ўрача-нарколага 32 чалавекі.

Бяспека на транспарце
На тэрыторыі раёна за першае паўгоддзе 2011 года зарэгістраваны 2 дарожна-транспартныя здарэнні, а летась — 6, у якіх загінуў адзін чалавек і паранены адзін чалавек (летась — 5), па віне нецвярозага вадзіцеля здзейснена ДТЗ.
Агульная колькасць выяўленых супрацоўнікамі дАІ парушэнняў правіл дарожнага руху за 6  месяцаў г. г. у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізілася на 18,3 %  (з 2225 да 1818).
У стане алкагольнага  ап’янення кіравалі транспартам 63 вадзіцелі (летась — 72), павялічылася колькасць парушэнняў правіл абгону (з 6 да 46), праезду пешаходных пераходаў (з 18 да 21).
Адным з важнейшых фактараў уплыву на дарожную бяспеку з’яўляецца актыўная прафілактычная і прапагандысцкая работа з насельніцтвам. Колькасць выступленняў і гутарак супрацоўнікаў аддзялення ДАІ РАУС у дзіцячых калектывах значна павялічылася, такія матэрыялы пастаянна публікуюцца ў раённай газеце “Полымя” і гучаць у праграмах раённага радыё.
Нягледзячы на прымаемыя меры, п’янства ў розных яго праяўленнях яшчэ мае месца.
Аляксандр ГАЛУШКА, першы намеснік начальніка РАУС, падпалкоўнік міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.