За ўсё, што маем, — бацькам удзячны

Разгледзеўшы прадстаўленыя пасялковым і сельскімі выканаўчымі камітэтамі матэрыялы па закупу малака ў насельніцтва за 2010 год, раённы выканаўчы камітэт прызнаў пераможцай сярод малаказдатчыкаў Ларысу Мікалаеўну Цівунчык з СВК “Малюшычы”, якая здала дзяржаве 13096 кг малака.
Жыве гэта працавітая жанчына з мужам Аляксандрам Мікалаевічам на ціхай вуліцы Зарэчнай у Малюшычах. Дом нумар дзевятнаццаць, двор, гаспадарчыя пабудовы, бадай, самыя дагледжаныя на ёй. Перад домам — прыгожы газон, кветнікі, аздобленыя малымі архітэктурнымі формамі.
Па ўсяму адчуваецца гаспадарская рука і на астатняй тэрыторыі і будынках.
Палудзень. На дойку з пашы пастух гоніць невялікі статак кароў. Як высветлілася пазней, у прыватным сектары Малюшыч іх усяго адзінаццаць. Дзве з іх па старой звычцы заходзяць на падворак Цівунчыкаў.
Неўзабаве ціха вурчыць матор скутэра і ў двор заязджае гаспадыня Ларыса Мікалаеўна, якая працуе кладаўшчыком у мясцовым сельгаскааператыве і, каб зручней і хутчэй было дабірацца на працу і дамоў, асядлала маладзіца двухколавага “каня”.
Дарэчы будзе сказаць, што гэта не адзіны механізм, асвоены Ларысай Мікалаеўнай. Даенне кароў на яе сядзібе таксама механізаванае. Чатыры гады назад больш як за 130 еўра прыдбалі даільны апарат і гора не ведаюць, не баляць больш рукі ад гэтай аперацыі ў гаспадыні.
Праўда, клопатаў менш не стала. Гаспадары трымаюць каня, авечак, свіней, а таксама птушку.
Цікаўлюся, як жа пракарміць усю гэту ферму?
— Вялікіх праблем з кармамі не маем. Здаем цялят, за кожнае з якіх праўленне СВК выдзяляе 10 сотак сена і 15 сотак сенажаці на карову. Зерне атрымліваем з разліку 12 кг за 1 кг жывой вагі цяляці. Ды і муж, які працуе лесніком у Карэліцкім лясніцтве, мае службовы надзел сенажаці ў памеры аднаго гектара. Нам хапае.
Для нарыхтоўкі кармоў маем уласны трактар і шлейф прычапных машын і агрэгатаў, сельскагаспадарчага інвентару.
Пакуль мы гутарылі з гаспадыняй, на палудзень прыехаў і Аляксандр Мікалаевіч. Даведаўшыся пра мэту журналісцкага візіту, гаспадар зазначыў, што ўсё, што маюць яны ў сям’і, гэта дзякуючы бацькам.
— Не ў сэнсе матэрыяльнай дапамогі, хаця і яна была, а ўдзячны за тое, што навучылі любіць сялянскую працу і мець ад яе рэальны матэрыяльны прыбытак, — зазначыў Аляксандр Мікалаевіч. — На вялікі жаль, маіх бацькоў рана не стала, але яны сваіх дзяцей, і мяне таксама, нічаму кепскаму не вучылі. Мы былі разам з дарослымі і ў полі, і на сенажаці, з хатняй жывёлай з маленства спраўляліся. Тое ж самае ўмее і Ларыса. Мяркую, што і наш сын Максім, выпускнік Ашмянскага каледжа, пасля звальнення ў запас з тэрміновай ваеннай службы не будзе саромецца сваім сялянскім паходжаннем і цурацца працы селяніна. Зараз для гэтага магчымасцей нямала.
Сям’я Цівунчыкаў здае штодзённа па 55-60 кг малака. Разлік за яго атрымліваюць праз кожныя 10 дзён. Акрамя таго, па даступнай цане забяспечваюць ім суседзяў-дачнікаў, пенсіянераў. Задаволены ўсе: і гаспадары сядзібы, і кіраўніцтва сельвыканкама, і суседзі з вуліцы Зарэчнай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.