Золата шчасця хай сцелюць гады

Не раз у думках дзякую лёсу за тое, што падараваў аднойчы сустрэчы і знаёмства з людзьмі, якія потым ішлі поплеч па жыцці, з’яўляліся і з’яўляюцца прыкладам сумленнасці, чалавечай прыстойнасці і годнасці, апантанасці ў рабоце, духоўнага багацця, рэдкай адданасці сям’і, вернасці ў дружбе, умення заставацца нават у самых складаных сітуацыях мудрым аптымістам. Бывае, з імі не звязвае цеснае сяброўства, але іх прысутнасць адчуваеш пастаянна, святло іх бясхітраснай чуйнай душы выратавальным маячком заўсёды сагравае сэрца пры сустрэчы, і яшчэ раз дапамагае зразумець: якое гэта шчасце, калі ёсць побач чалавек, які ў любую хвіліну гатовы раздзяліць з табою радасць і гора, які праз гады не ачарсцвеў у пачуццях, не растраціў сваё “Я”, свае найвышэйшыя маральныя якасці, не пакрывіў ні ў чым душою. Сярод такой рэдкай кагорты людзей — Людміла Пятроўна Гоўша, загадчыца (у лістападзе будзе 20 гадоў як яна на гэтай пасадзе) дашкольнага Цэнтра развіцця дзіцяці г. п. Карэлічы (у мінулым дзіцячы сад-яслі № 2).
Мне даўно хацелася напісаць пра яе, але, ведаючы неймаверную сціпласць Людмілы Пятроўны, баялася пачуць адмоўны адказ, чакала зручнага выпадку. А тут такая нагода: 21 чэрвеня — юбілей, у што верыцца і не верыцца! Мы сустрэліся з Людмілай Пятроўнай у падначаленай ёй дашкольнай установе, і тры гадзіны размовы ў яе невялічкім утульным кабінеце праляцелі як адно імгненне. І я ў каторы ўжо раз па-новаму адкрывала для сябе гэтага чалавека, унутрана захапляючыся яе жаночай прыцягальнасцю, адкрытасцю, адзначаючы: не, не зніклі з гадамі шчырасць, патрабавальнасць да сябе, прынцыповасць, канкрэтнае бачанне поспехаў і недахопаў, імкненне зрабіць на займаемай пасадзе як мага больш дзеля любімай справы, жаданне быць вернай прынцыпу, выхаванага з дзяцінства татам-лесніком і маці-настаўніцай — захоўваць вернасць дадзенаму слову, пастаянна вучыцца ўменню ладзіць з людзьмі, жыць іх праблемамі і клопатамі, пастаянна самаразвівацца, не пасаваць перад цяжкасцямі.


Актыўная жыццёвая пазіцыя, — напэўна, галоўная рыса працоўнай біяграфіі Людмілы Пятроўны, якая пачалася яшчэ падчас вучобы ў Гродзенскім педагагічным інстытуце, дзе з’яўлялася намеснікам сакратара камітэта камсамола, дапамагала потым, калі пасля заканчэння інстытута прыехала працаваць сакратаром Карэліцкага раённага камітэта камсамола, узначаліўшы яго ў 23 гады. Я добра памятаю той адрэзак часу з 1977 па 1983 гады, калі лідарскія якасці Людмілы Пятроўны дапамаглі згуртаваць моладзь, наладзіць цікавейшую работу камсамольскіх арганізацый раёна. Нямала зрабіла яна, працуючы з 1983 па 1985 год загадчыкам аддзела вучнёўскай моладзі абкама камсамола, а потым, вярнуўшыся ў 1985 г. у Карэлічы, узначаліўшы аддзел агітацыі і прапаганды райкама партыі, а з 1988 па 1991 гады з’яўляючыся яго сакратаром, атрымаўшы за добрасумленную працу заслужаную ўзнагароду — медаль “За працоўную адзнаку”. Пасля развала СССР — круты паварот лёсу. Пачаўся новы адлік працоўнай дзейнасці: Л. П. Гоўша ўзначаліла дзіцячы сад-яслі № 2 г. п. Карэлічы. Многае перажыта за гэтыя 20 гадоў, галоўнае ж — дашкольная ўстанова дасягнула пэўных вяршынь, аб чым сведчыць тое, што па выніках мінулага года дашкольны Цэнтр развіцця дзіцяці заняў 3-е месца ў вобласці сярод дашкольных устаноў новага тыпу! “Гэты поспех — не мая заслуга, а заслуга незвычайна здольнага, творча накіраванага педкалектыву. Яны працуюць як пчолкі, не лічацца з часам, са здароўем. Мне пашчасціла з калегамі, такія кадры як у нас, у Цэнтры, — рэдкасць”, — гаворыць Людміла Пятроўна. І зазначае: “Без падтрымкі начальніка ўпраўлення адукацыі І. В. Асташэвіч і асабліва старшыні райвыканкама В. Л. Шайбака цяжка было б вырашыць пытанні паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы Цэнтра. Дзякуючы зацікаўленасці, гаспадарлівасці, павазе старшыні да нашай працы мы атрымалі 480 кв. м лінолеума, наутбук, камп’ютар, маем выхад у інтэрнэт. Мы заўсёды адчуваем яго падтрымку і заклапочанасць. Нізкі паклон яму за гэта! Планаў на будучае таксама нямала, але калі ёсць дзейсная падтрымка з боку мясцовай улады, упраўлення адукацыі, упэўнена: задуманае будзе вырашана”.
А змяненні ў былым садку ўражваюць: сіламі работнікаў з удзелам бацькоў добраўпарадкавана і эстэтычна аформлена тэрыторыя, адрамантаваны ўсе групавыя блокі, раздзявалкі, туалетныя і ўмывальныя пакоі. Змянілася якасна і сама ўстанова: з верасня 1998 года тут навучаюцца два першыя класы, з 2000 г. адкрыты санаторныя групы для дзяцей, якія часта хварэюць прастуднымі захворваннямі. З гэтымі дзеткамі працуюць урач, медсястра-фізіятэрапеўт, інструктар ЛФК і медсястра-масажыст, для выхаванцаў арганізавана пяціразовае харчаванне. Калі ў 2006 г. садку быў нададзены статус Цэнтра, болей увагі сталі ўдзяляць развіццю здольнасцей дзяцей. Працуюць харэаграфічны, тэатральны, вакальны гурткі, гурток англійскай мовы, студыя выяўленчага мастацтва, выкарыстоўваецца методыка Зайцава для ранняга навучання дзяцей чытанню. Дзеці актыўна ўключаюцца ў навукова-даследчую работу, чаму спрыяе кабінет пазнавальна-практычнай дзейнасці. Дзейнічаюць міні-музеі Хлеба, Сусвету, Паветра, музей “Спадчына”. Дашкольная ўстанова можа пахваліцца абсталяванымі кабінетамі педагога-псіхолага, дэфектолага, фізіятэрапеўтычным і масажным кабінетамі, залай для заняткаў харэаграфіяй, тэатральнай дзейнасцю. За ўсім гэтым — вялікая праца дружнага калектыву Цэнтра і яго загадчыцы Л. П. Гоўша, хоць не любіць яна выдзяляць свае заслугі. А яны ацэнены шматлікімі Граматамі абласнога і раённага ўпраўленняў адукацыі, Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, тым, што яе партрэт нядаўна быў змешчаны на раённай Дошцы Гонару, што па выніках 2010 года яна прызнана лепшым кіраўніком года сярод устаноў сацыяльнай сферы і 9 мая 2011 года на ўрачыстасці, прысвечанай Дню Перамогі, старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак уручыў ёй спецыяльнае пасведчанне і каштоўны падарунак. Пагадзіцеся, такая ацэнка працы дарагога варта!
Што мяне (і не толькі мяне) здзіўляе ў гэтай жанчыне, якую шчыра паважаю і люблю? Аптымізм і зайздросная сіла волі, рэальнае бачанне заўтрашняга дня і сваіх магчымасцей, рэдкае спалучэнне патрабавальнасці і клапатлівасці ў адносінах да падначаленых, што дапамагае стварэнню цудоўнага мікраклімату ў калектыве.
Ведаю, як многа значыць у яе жыцці сям’я, як апантана любіць яна сына Сяргея, нявестку, унучка, дачку Алену, ганарыцца іх поспехамі, тым, што сталі сапраўднымі людзьмі. Сястра Галіна, якая жыве ў Маскве, яе сям’я, даўнія надзейныя сябры з’яўляюцца таксама незаменнай каштоўнасцю для Людмілы Пятроўны, цану якой у поўнай меры спазнала, калі ў мінулым годзе з іх падтрымкай перамагла цяжкую хваробу.
Сёння гэта светлая, шчырая жанчына жыве клопатамі роднай дашкольнай установы, клопатамі аб блізкіх людзях, умее радавацца жыццю, мае свае захапленні, поўніць сэрца былым камсамольскім духам, таму і не заўважаюцца гады!
З юбілеем Вас, родная! Ведаю, пад маім віншаваннем падпішуцца сотні ўдзячных Вам былых выхаванцаў і іх бацькоў. Няхай дзве жыццёвыя “пяцёркі” высцелюць Ваш лёс золатам Шчасця, Радасці, якіх вы спаўна заслужылі!
Галіна КАЛТУНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.