Маладыя шчыруюць на роднай зямлі

Што можа быць даражэй за маленькую радзіму, дзе ты нарадзіўся, вырас, адкрыў першыя таямніцы жыцця ?.. І родную зямлю, якая з маленства вабіла да сябе і адорвала сваімі багаццямі, давала магчымасць дакрануцца да сябе і сазнаць асалоду сялянскай працы…
Такія думкі не раз авалодвалі Віталія, калі ехаў з вялікага горада ў родную вёску. Тут навокал усё роднае і блізкае, а ў сталіцы ён набывае будучую прафесію — вучыцца ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым каледжы. Вучоба не перашкаджае падтрымліваць сувязі з родным куточкам — вёскай Кайшоўка.
Ды і як можна ўсё гэта забыць? Не раз успамінаюцца школа і сябры, бацькоўскі дом. Узгадваецца і жытнёвае поле, дзе даводзілася бываць, калі бацька Вячаслаў Іванавіч працаваў памочнікам камбайнера. І хлапчука заўсёды цягнула да тэхнікі — так ужо падабаўся гэты сапраўдны волат!
І вось мара збылася: Віталій таксама шчыруе на збожжавых палетках. Працуе  памочнікам камбайнера і адчувае вялікую адказнасць за важную справу.
Пашанцавала і на камбайнера: поруч з ім на “Лідзе-1300” — Аляксандр Максімчык. У яго ўжо ёсць вопыт работы на жніве — працуе чацвёрты сезон. Аляксандр мясцовы, з вёскі Цырын. У родным куточку ўсё знаёма да драбніц, блізка сэрцу, тут душа адпачывае, калі бярэцца за любімую справу.
Вучыцца майстэрству было ў каго: бацька Сяргей Уладзіміравіч — вадзіцель СВК “Цырын-Агра”.
Аляксандр Максімчык любіць працаваць на роднай зямлі. Ён — механізатар, выконвае розныя сельскагаспадарчыя работы і задаволены сваёй справай, бо прыносіць карысць роднай гаспадарцы. А ўборка збожжавых — чарговая праверка здольнасцей на хлебаробскую годнасць.
…Маладзёжны экіпаж у складзе Аляксандра Максімчыка і Віталія Троскі прадаўжае шчыраваць на цырынскіх збожжавых палетках. “ Ужо намалацілі 618 тон “, — у голасе суразмоўцаў у час сустрэчы адчуваўся гонар за даручаную справу. Яно і зразумела: на бацькоўскай зямлі трэба працаваць годна, з пачуццём вялікай адказнасці. А да ўборкі збожжавых адносіны самыя паважлівыя, бо хлеб — наша святыня, яму пашана і паклон.

Добавить комментарий