Пяцігодка, год першы: працаваць эфектыўна, якасна, на перспектыву

Райвыканкам разгледзеў ход выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе 2011 года.
З дакладамі выступілі намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы І. Р. Лазарэвіч і першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С. В. Барычэўскі.
Адзначалася, што прамысловымі прадпрыемствамі за студзень-чэрвень 2011 года выраблена прадукцыі на 15 млрд руб., тэмп росту да адпаведнага перыяду 2010 г. склаў 110,6 % пры запланаваным у адпаведнасці з распрацаванымі і зацверджанымі бізнес-планамі на год — 110 % . На 1 ліпеня г. г. на складах прадпрыемстваў знаходзілася гатовай прадукцыі на суму 1,6 млрд руб., а яе ўдзельная вага ў сярэднямесячным аб’ёме вытворчасці склала 63 %.

Кантралююцца не толькі паказчыкі аб’ёмаў вытворчасці, але і тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал, зарплаты, экспарту і імпарту тавараў і паслуг, рэнтабельнасці продажу, прыбытку.
Мірскі філіял РВУП “Гродзенскі ЛГЗ “Неманофф” вырабіў прадукцыі на 2,7 млрд руб. Інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі 956 млн руб. Экспарт тавараў склаў 79,9 тыс. долараў ЗША пры заданні 75 тыс. Чысты прыбытак – 286 млн руб.
Варанчанскі філіял РВУП “Гродзенскі ЛГЗ “Неманофф” выпусціў прадукцыі на 3,5 млрд руб. Адгружана яе на экспарт на 67,8 тыс. долараў ЗША. Чысты прыбытак – 8 млн руб.
ААТ “Карэлічы-Лён” выпусціў прадукцыі на 2,7 млрд руб. Тут вядзецца будаўніцтва павеці для захоўвання льнотрасты на 2 тыс. тон. За 6 месяцаў аб’ём інвестыцый па гэтаму аб’екту склаў 1620,0 млн руб. За студзень-май г. г. прадпрыемства атрымала 3447,0 млн руб. выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. Рэнтабельнасць продажу склалася адмоўная — мінус 32,6 % пры запланаванай мінус 35 %.
УКП БАН вырабіў прадукцыі на 1,1 млрд руб. Рэнтабельнасць продажу склала 1,5 % пры плане мінус 0,1 %. Чысты прыбытак – 10 млн руб.
За першае паўгоддзе г. г. сельгасарганізацыямі раёна атрымана валавай прадукцыі на 61,3 млрд руб. Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі да 2010 года – 105,7 % пры сярэднеабласным паказчыку 102,9 %. Выканалі заданне па росту валавай прадукцыі СВК “Свіцязянка-2003”, “Жухавічы” і КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. Разам з тым па раёне і ў большасці гаспадарак “дасягненні” ў жывёлагадоўлі не дазволілі выканаць прагнозныя паказчыкі. Дапусцілі падзенне ўзроўню вытворчасці да 2010 года СВК імя Чарняхоўскага, “Малюшычы”, “Цырын-Агра”. Нізкай застаецца мясная прадуктыўнасць: сярэднясутачныя прывагі БРЖ – 687 г (+1), свіней 563 г – на ўзроўні 2010 года.
Прагнозны паказчык па дарошчванні мяса БРЖ выкананы толькі на 91,7 %. Асноўная прычына – змяншэнне выхаднога пагалоўя жывёлы (на 201 галаву).
Прагнозны паказчык па вытворчасці свініны выкананы толькі на 97,6 %, хоць да ўзроўню 2010 г прырост склаў 7,8 %. Аказваецца, прыбаўку забяспечыла закрытае акцыянернае таварыства “Біямакс”. Дапусцілі зніжэнне вытворчасці свініны СВК імя Чарняхоўскага, “Лукі-Агра”, “Маяк –Заполле”. Асноўная прычына – змяншэнне пагалоўя і адсутнасць канцэнтраваных кармоў у СВК імя Чарняхоўскага.
Непасрэдны ўплыў на вытворчасць малака і рост прадуктыўнасці дойнага статка аказвае стан спраў у арганізацыі аднаўлення.
За паўгоддзе 2011 г. атрымана цялят на 336 галоў менш. З асноўнага статка выбыла 2138 галоў (20 %). У цэлым па раёне валавая вытворчасць малака павялічылася да 2010 года на 5,2 % , але запланаваны ўзровень вытворчасці не забяспечаны. Тры гаспадаркі — СВК “Цырын-Агра”, “Малюшычы” і імя Чарняхоўскага — не атрымалі запланаваныя аб’ёмы і дапусцілі падзенне да 2010 года. Толькі СВК “Маяк-Заполле” і “Свіцязянка-2003” справіліся з задачай.
Надой на карову склаў 2568 кг (+60 кг) і на 220 кг менш запланаванага ўзроўню.
Прычыны зніжэння прадуктыўнасці як дойнага статка, так і маладняку БРЖ, – незбалансаванае кармленне жывёлы, адсутнасць у поўным аб’ёме зернефуражу, скормліванне неўзбагачаных бялкова-мінеральнымі вітаміннымі дабаўкамі канцэнтраваных кармоў. Па выніках 5 месяцаў у цэлым па раёне выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі склала 60,2 млрд руб. (135,5 % да адпаведнага перыяду мінулага года).
Не ўдзяляецца ўвага якасці прадукцыі. За 6 месяцаў па раёне рэалізавана малака гатункам “Экстра” і вышэйшым гатункам 78,1 % (летась 63,4 %). Пра гэта не дбаюць у СВК імя Чарняхоўскага, “Малюшычы”. У выніку здачы малака нізкім гатункам у СВК імя Чарняхоўскага недаатрымана 79 млн руб., “Малюшычы” – 113,3 млн руб. грашовай выручкі.
*  *  *
У першым паўгоддзі стараліся і будаўнікі. Аб’ём будаўніча-мантажных работ, выкананых уласнымі сіламі ДП “Карэліцкая МПМК-152”, склаў 2793,0 млн руб. (101,7 %) да адпаведнага перыяду 2010 года, а па генпадраду – 3645 млн руб. (111,8 %). Узрасла прадукцыйнасць працы.
ААТ “РБП-12” выканала ўласнымі сіламі будаўніча-мантажных работ на 1691,0 млн руб., што склала толькі 96,8 % да ўзроўню мінулага года. Падсобнай гаспадаркай выпушчана прадукцыі на 192,4 млн руб. (116,4 %).
Шмат спраў на рахунку ДРБУ-158. Агульная сума выкананых работ за 6 месяцаў склала 3990,5 млн руб. За студзень-май г. г. прыбытак склаў 228,0 млн руб, а рэнтабельнасць – 10,4 %.
Вядуцца работы па капітальнаму і бягучаму рамонту і ўтрыманню дарог, а таксама па стварэнню дадатковай і развіццю дзеючай інфраструктуры вытворчых аб’ектаў АПК. Працягваюцца работы па аднаўленню другога асфальтабетоннага завода.
Рознічны тавараабарот   праз усе каналы рэалізацыі склаў 55015,2 млн руб. (113,5 %). Тэмп росту продажу харчовых тавараў — 113,7 %, нехарчовых – 121,3 %.
Рознічны тавараабарот спажыўкааперацыі павялічыўся на 10,1 %, тавараабарот грамадскага харчавання склаў 104,9 % да першага паўгоддзя 2010 г. Доля рознічнага тавараабароту спажыўкааперацыі ў тавараабароце гандлёвых арганізацый раёна знізілася і склала 44,1 %.
За 5 месяцаў г. г. насельніцтву раёна аказана платных паслуг праз усе каналы рэалізацыі на суму 9528,5 млн руб., што складае ў фактычных цэнах 132,7 % да адпаведнага перыяду 2010 г.
Аб’ём платных паслуг, аказаных насельніцтву за студзень-чэрвень г. г. установамі сацыяльнай сферы (медыцынскіх, адукацыі, культуры і сацыяльных паслуг) склаў 553,1 млн руб.
Аб’ём экспарту паслуг па арганізацыях, падпарадкаваных мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і без ведамаснай падпарадкаванасці за 5 месяцаў г. г. узрос і склаў 56,9 тыс. долараў ЗША. Імпарт паслуг па гэтых арганізацыях — 25,8 тыс. долараў. Станоўчае сальда знешнегандлёвага баланса паслуг склалася ў памеры 31,1 тыс. долараў.
За 6 месяцаў у цэлым па раёне прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал за кошт усіх крыніц фінансавання на суму 58719,0 млн руб. (108,5 % да 2010 г.).
Колькасць занятых у эканоміцы за 5 месяцаў г. г. склала 10067 чалавек (заданне на год – 10467 чалавек). У раёне створана 122 новыя рабочыя месцы (58 % ад гадавога задання). Працаўладкавана на пастаянную работу 313 чалавек (50 % гадавога задання), з іх 106 беспрацоўных.
Мэтавы паказчык па энергазберажэнню за 5 месяцаў г. г. па раёне склаў мінус 6,7 % (заданне на год – мінус 6,0 %). Не выканалі яго тры СВК, ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, Варанчанскі спіртзавод.
Удзельная вага мясцовых відаў паліва і другасных энергарэсурсаў у паліўным балансе раёна за 5 месяцаў г. г. склала 36,5 % (летась – 32,5 %) пры заданні 45 %.
За 5 месяцаў прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна атрымана 152,8 млрд руб. выручкі ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ, паслуг.
Атрымана 12,1 млрд руб. чыстага прыбытку (летась – 10 млрд руб.).
Райвыканкам прызнаў недастатковай работу праўленняў СВК імя Чарняхоўскага (Шуляк М. М.), “Малюшычы” (Белы Г. А.), “Цырын-Агра” (Кулініч М. М.), імя У. З. Царука (Сачко Р. М.), “Лукі-Агра” (Гавіна М. А.), дырэкцыі КСУП “Племзавод Карэлічы” (Чыжык В. К.), якія не выканалі у першым паўгоддзі прагнозныя паказчыкі па вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, а таксама Варанчанскага філіяла РВУП “Гродзенскі ЛГЗ “Неманофф”” (Тур С. І.), дзе ўтварыліся запасы гатовай прадукцыі, перасягнуўшыя сярэднямесячны аб’ём вытворчасці ў два разы, і ТАА “Вікас” (Сабец В. К.), дзе не выкананы прагнозны паказчык па сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі.
Звернута ўвага кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання раёна на недапушчэнне страт ад гаспадарчай дзейнасці, на выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнню, заказа па здачы лому і адходаў чорных металаў, на выкананне графіка па ўцягненню ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці.
Прадпрыемствы і арганізацыі раёна, якія ажыццяўляюць гандлёвую дзейнасць, абавязаны строга захоўваць устаноўленыя ўрадам гранічныя максімальныя гандлёвыя надбаўкі на сацыяльна-значныя тавары, прыняць меры па зніжэнню ўзроўню надбавак на тавары, цэны на якія фірміруюцца з улікам кан’юнктуры рынку, а райспажыўтаварыству (Міхайлоўская Г. Л.) неабходна забяспечыць належны гандаль таварамі школьнага асартыменту ў перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года; заключэнне дагавораў на пастаўку харчовых тавараў і выкананне заданняў па стварэнню стабілізацыйных фондаў на міжсезонны перыяд 2011-2012 гадоў; захаванне ў гандлёвых аб’ектах асартыменту, дастатковую таварную насычанасць, асабліва ў вёсцы, захаванне санітарных норм і правіл пры продажы тавараў.
Даручана дзяржаўнаму РУП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама” (Александроў В. В.) да 1 кастрычніка г. г. прыняць меры па забеспячэнні праектна-каштарыснай дакументацыяй аб’екты: дзіцячы яслі-сад на 130 месц з басейнам у г. п. Мір і вынас інжынерных сетак па 40-кватэрнаму дому па вул. Гастэлы ў райцэнтры; сумесна з РУП ЖКГ (Рудак А. І.) да 1 жніўня г. г. закончыць будаўніцтва каналізацыйнага калектара да 56-кватэрнага дома ў райцэнтры.
ДП “Карэліцкая МПМК-152” (Чычук Ю. В.) пастаўлена задача да 1 кастрычніка г. г. здаць будынак даільна-малочнага блоку на аб’екце “Малочнатаварная ферма на 777 дойных кароў пры в. Райца СВК “Свіцязянка-2003” пад мантаж абсталявання.
СВК імя Чарняхоўскага (Шуляк М. М.) і КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” (Янкоўскі А. М.) неабходна прыняць меры па разліках за выкананыя работы з абласным УП “Гроднасельбуд” па аб’ектах “Племянная ферма на 250 асноўных чыстапародных свінаматак з рэпрадуктарам на 950 асноўных свінаматак пры в. Тарасавічы для комплексу па дарошчванню 27 тысяч парасят у год пры в. Вялетава” і “Рэканструкцыя ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” ў г. п. Мір”.
Райвыканкам абавязаў прадпрыемствы, СВК, арганізацыі і ўстановы, размешчаныя на тэрыторыі раёна, забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на бягучы год і заданняў, зацверджаных бізнес-планамі развіцця арганізацый адпаведных сфер дзейнасці, актывізаваць работу па прыцягненню інвестыцый у асноўны капітал, у тым ліку замежных, адшукаць рэзервы па пастаўцы тавараў і паслуг на экспарт і мінімізаваць імпарт тавараў і паслуг.
Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на намеснікаў старшыні райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.