Завершана абуладкаванне пляжа і створаны выратавальны пост

Няма, напэўна, нічога больш прыемнага, чым пакупацца спякотным летнім днём у чыстай, асвяжаючай вадзе. Гэта дае добры зарад бадзёрасці і энергіі. Праўда, пры ўмове, што адпачынак ля вады арганізаваны разумна.
— На вялікі жаль, — расказвае адказны супрацоўнік Таварыства выратавання на водах А. Я. Кандрусік, —  кожны год на вадаёмах гіне нямала людзей. І часцей за ўсё гэта адбываецца з-за празмернай самаўпэўненасці, неасцярожнасці, грэбавання элементарнымі правіламі паводзін на вадзе, знаходжання ў нецвярозым стане.

Так, у 2010 годзе на водах рэспублікі загінулі 1104 чалавекі, з якіх 65 працэнтаў знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Асаблівы боль выклікае гібель дзяцей. Летась пры купанні ў рэспубліцы патанулі 82 непаўналетнія, з якіх па недагляду бацькоў загінула 35.
У Гродзенскай вобласці патанула 11 дзяцей, у тым ліку адно дзіця загінула на возеры Юбілейнае ў г. п. Карэлічы. Усяго за мінулы год на тэрыторыі нашага раёна вада забрала жыцці пяці чалавек.
З мэтай павышэння бяспекі на возеры Юбілейнае ў райцэнтры завершана абуладкаванне пляжа і створаны выратавальны пост Таварыства выратавання на водах.
Але многае залежыць і ад адпачываючых, якім забараняецца купацца ў неадведзеных месцах, забруджваць і засмечваць вадаёмы, ужываць спіртныя напоі, заходзіць у ваду і купацца ў нецвярозым стане, заплываць за буі і іншыя знакі, абазначаную мяжу заплыву, скакаць у ваду з дамбаў, лодак і іншых збудаванняў, непрыстасаваных для гэтых мэтаў, а таксама ў месцах, дзе невядомая глыбіня і становішча дна, плаваць на дошках, лежаках, аўтакамерах, надзіманых матрацах і іншых прадметах.
Нельга таксама арганізоўваць гульні ў вадзе, звязаныя з ныраннем і захопам купаючыхся, а таксама не пакідаць у вадзе без нагляду малалетніх дзяцей.
Насуперак гэтаму з самага пачатку купальнага сезона на возеры Юбілейнае адзначаліся выпадкі з’яўлення малалетніх дзяцей без суправаджэння дарослых, навучэнцаў будаўнічага ліцэя без суправаджэння выкладчыкаў.
Нарадам міліцыі, які нясе службу па ахове грамадскага парадку на возеры, спынена некалькі выпадкаў распіцця спіртных напіткаў на яго берагах. Там жа супрацоўнікамі РАУС сумесна з выратавальнікамі 4 чэрвеня 2011 года ў 20 гадзін 15 хвілін быў затрыманы грамадзянін С., жыхар вёскі Загор’е, нідзе не працуючы, які ўжываў спіртныя напоі і ў нецвярозым стане спрабаваў даць нырца з дамбы, пры гэтым на заўвагі выратавальнікаў і адпачываючых не рэагаваў, брыдкасловіў, за што прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Грамадзяне! Будзьце абачлівымі і асцярожнымі на вадзе. Няхай яна прыносіць толькі радасць, а не бяду. Ніводнай ахвяры вадзе!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.