Чысты выток і скарбніца мудрасці

Вось ужо 10 год наша рэспубліка 15 верасня святкуе Дзень бібліятэк. Гэта — знамянальная падзея ў жыцці краіны, якая сведчыць пра ўвагу дзяржавы і грамадства да бібліятэк як да найважнейшага элемента інфармацыйнай прасторы. Свята бібліятэчнай культуры адзначаецца з 2001 года згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паводле якога быў прызначаны Дзень бібліятэк. Гэта дата была выбрана невыпадкова: 15 верасня 1922 года лічыцца днём заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая ўзначальвае бібліятэчную сістэму рэспублікі і з’яўляецца ўніверсальнай навуковай бібліятэкай, рэспубліканскім інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам. Бібліятэка — гэта старэйшы інстытут пісьменнасці, асветы, культуры, Палац ведаў, куды звяртаюцца людзі, каб атрымаць неабходную інфармацыю.
Карэліцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма аб’ядноўвае 24 бібліятэкі, якія штогод наведваюць звыш 19 тысяч чытачоў. Бібліятэкі сістэмы прапаноўваюць сваім карыстальнікам кніжныя фонды, якія налічваюць звыш 450 тысяч экзэмпляраў выданняў – кнігі, перыядычныя выданні, электронныя дакументы.
Цэнтральная раённая бібліятэка, якую штогод наведваюць больш 3800 чытачоў, з’яўляецца каардынуючым і арганізацыйным цэнтрам для бібліятэк раёна. Да  паслуг наведвальнікаў – чытальная зала, абанемент, публічны цэнтр прававой інфармацыі, камерцыйны фонд, фонд электронных дакументаў, створаны фонд літаратуры для слабабачачых карыстальнікаў на аўдыёкасетах.


Калектыў бібліятэкі працуе над стварэннем камфортных умоў для сваіх наведвальнікаў і імкнецца стаць універсальнай інфармацыйнай установай для жыхароў гарадскога пасёлка і раёна. Да паслуг чытачоў – фонды, якія змяшчаюць звыш 36 тысяч экзэмпляраў выданняў, з іх 26 найменняў часопісаў і 23 назвы газет.
Своеасаблівай візітнай карткай бібліятэчнай сістэмы раёна з’яўляецца аддзел бібліятэчнага маркетынгу (загадчык Казарэз Наталля Уладзіміраўна). Намаганні супрацоўнікаў аддзела накіраваны на павышэнне прафесійнага ўзроўню бібліятэкараў раёна, выхаванне творчых адносін да працы, стварэнне іміджу бібліятэк. Аддзел камплектавання і апрацоўкі кніжных фондаў (загадчык Кузьміч Ларыса Уладзіміраўна) асаблівую ўвагу надае якаснаму папаўненню кніжных фондаў бібліятэк сістэмы.
Развіццю творчага патэнцыялу, духоўнасці насельніцтва рэгіёна, павышэнню яго культуры, адукацыі і інфармаванасці па разнастайных пытаннях жыццядзейнасці садзейнічаюць сельскія бібліятэкі.  У раёне працуюць 13 бібліятэк аграгарадкоў. У асноўным яны  забяспечаны камп’ютарным абсталяваннем, ёсць выхад у Інтэрнэт, функцыянуе электронная пошта. Для аператыўнага забеспячэння дакументамі прававой тэматыкі ў 7 сельскіх бібліятэках створаны публічныя цэнтры прававой інфармацыі, абнаўленне якіх здзяйсняецца штоквартальна.
Аб узроўні культуры ў грамадстве можна меркаваць па адносінах да людзей сталага ўзросту. Бібліятэкарамі ажыццяўляецца індывідуальнае абслугоўванне на даму тых жыхароў, хто мае ў гэтым патрэбу. Месцам цікавых сустрэч сталі пасяджэнні аматарскіх аб’яднанняў “Надзея” (Цырынская СБ),  “Аднавяскоўцы” (Гарнаруцкая бібліятэка-цэнтр сацыяльна-культурнага абслугоўвання).
Бібліятэчныя ўстановы раёна імкнуцца садзейнічаць агульнаадукацыйнаму, культурнаму развіццю чытача, таму працуюць у добрым творчым кантакце са школамі, ладзяць сумесныя мерапрыемствы. Стала ўжо добрай традыцыяй святкаванне Дня беларускага пісьменства, Дня ведаў. Актыўна працуюць у гэтым накірунку  Карэліцкая цэнтральная раённая бібліятэка, Карэліцкая дзіцячая бібліятэка, Мірская гарпасялковая, Палужская, Красненская, Варанчанская сельскія бібліятэкі і іншыя.
Работа бібліятэк з дзецьмі прадугледжвае далучэнне іх да сусветных кніжных скарбаў, дапамогу ў педагагічным працэсе, арганізацыю змястоўнага вольнага часу.
Кожны супрацоўнік бібліятэкі імкнецца зрабіць сваю ўстанову прыгожай і прывабнай для наведвальнікаў. Шмат для гэтага яны робяць уласнымі рукамі.
Недарэмна кажуць, што ёсць тры святыя прафесіі: настаўнік, урач і бібліятэкар. Настаўнік вучыць, урач лечыць, а бібліятэкар  і вучыць, і лечыць.
Паважаныя калегі! Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам! Бібліятэка, як чысты выток і старажытная скарбніца мудрасці, дае магчымасць дакрануцца да сапраўдных ведаў, зберагчы для нашчадкаў тую ніць, якая звязвае з мінулым, дае ўпэўнены арыенцір на будучае. Творчы пошук, захапленне сваёй справай, працаздольнасць, адказнасць – характэрныя рысы работнікаў бібліятэк.
Жанна ДРАЗДОВА, намеснік дырэктара Карэліцкай ЦБС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.