Да справы адносяцца старанна

Арганізавана і зладжана вядуць палявыя работы ў СВК “Маяк-Заполле”. А самая галоўная задача — клопат аб будучым ураджаі. А найперш — сяўба азімых культур. Як арганізавана гэта работа на другім вытворчым участку, расказвае яго загадчык, спецыяліст з багатым вопытам работы на зямлі Вячаслаў Аляксеевіч Трафімчык.
— Варта адзначыць, — гаворыць ён, — што бягучы год парадаваў нашых хлебаробаў багатым ураджаем. Так, сёлета валавы намалот зерня склаў 9111 тон, што на 1304 т больш, чым у папярэднім годзе. А найлепш урадзілі азімыя культуры. Вось чаму стаўку на іх робім і зараз.  Пад ураджай будучага года нам трэба пасеяць 400 гектараў азімай пшаніцы і 340 га азімага трыцікале. Пасеяны яны ўжо на плошчы 322 і 281 га.
Важнае значэнне мае выбар папярэднікаў пад гэтыя культуры. Таму сеем іх на палетках, дзе размяшчаліся лён і цукровыя буракі. Глебу пад азімыя  добра падсілкавалі мясцовымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Пад пшаніцу ўнеслі 900 т арганікі, па два цэнтнеры на гектар калійных угнаенняў у фізічнай вазе і па аднаму — фосфарных. Усё насенне падрыхтавана да сяўбы і пратручана.


На падрыхтоўцы глебы старанна папрацавалі механізатары Міхаіл Гуцько на МТЗ-1523 з шасціметровым культыватарам і Мікалай Капура на МТЗ-1221.
А на сяўбе шчыруе механізатар Анатолій Лапата, які трактарам МТЗ-3022 у агрэгаце з АПП-6 пасеяў 418 га азімых. Дзённая выпрацоўка ў гэтага спрактыкаванага сейбіта дасягае 49 гектараў.
Не менш старанна працуе і Анатолій Блашко на трактары “Атлес” у агрэгаце з камбайнавай сеялкай “Амазонэ”.
На падвозцы насення і загрузцы яго старанна працуюць сёлетні лідар спаборніцтва на адвозцы зерня ад камбайнаў, на рахунку якога больш  як дзве тысячы тон перавезенага збожжа, вадзіцель МАЗа Мікалай Друцька і Юрый Ярашук на аўтамабілі ГАЗ-53. Ільнаводы ўчастка ўбралі ўсе 80 га лёну і здалі на перапрацоўку 331 т ільнотрасты.
Буракаводы ўчастка збіраюць з кожнага гектара па 550 цэнтнераў караняплодаў. З плошчы 190 га буракі ўбраны на 80 гектарах і здадзены на перапрацоўку ў раннія тэрміны, што вельмі выгадна гаспадарцы.
Зараз механізатары Віктар Галавач і Міхаіл Сялецкі выкарыстоўваюць буракаўборачны камбайн у дзве змены.
Няма праблем і з вывазкай караняплодаў, на якой задзейнічаны аўтатранспарт гаспадаркі, аўтапарка № 8, сельгастэхнікі і прыватных вадзіцеляў.
Адначасова вядзецца ўборка кукурузы на сілас. З 380 пасеяных гектараў яна ўбрана ўжо з плошчы 98 га, нарыхтавана 4400 т сіласнай масы. Частку гэтай культуры мяркуецца абмалаціць на зерне.
На нарыхтоўцы кукурузнага корму высокіх паказчыкаў дабіваюцца машыніст кормаўборачнага комплексу “Ягуар-850” Аляксандр Шэўка, механізатары Мікалай Сялецкі, Валерый Шэўка з другога вытворчага ўчастка і Ігар Кохан, Валерый Ложачнік з першага.
На трамбоўцы сіласнай масы трактарам К-701 вызначаецца Вячаслаў Севасцяновіч.
З красавіка мінулага года працуе ў гаспадарцы выпускнік Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Андрэй Казлоўскі, а на пасадзе галоўнага агранома кааператыва — са студзеня 2011. Нягледзячы на гэта, малады спецыяліст паспеў добра зарэкамендаваць сябе і ў працы, і ва ўзаемаадносінах з людзьмі. Добра вывучыў дзелавыя якасці хлебаробаў і з павагай гаворыць аб руплівых, ініцыятыўных людзях.
— Вось насустрач нам, — гаворыць Андрэй Уладзіміравіч, — рухаецца на вялікагрузным КаМАзе лепшы вадзіцель Анатолій Рахманька. Гэта ўжо другі яго рэйс на Гарадзейскі цукровы завод, а вечарам яго чакае паездка ў пасёлак Краснасельскі за будматэрыяламі. Гэта нялёгка, але Анатолій выканае заданне бездакорна. Такі ў яго характар.
А вось наш спрактыкаваны машыніст пагрузчыка “Амкадор” Мікалай Малышчык. На гэтым участку летась пагрузіў усе буракі. Ён па-гаспадарску ўмее спланаваць пляцоўкі пад бурт, акуратна грузіць караняплоды.
Не спіць у шапку малады вадзіцель МАЗа Сяргей Пілько. Ён першы атрымлівае  пуцявы ліст на дзень, не спяшаецца паставіць машыну вечарам. Па чатыры паездкі на Гарадзейскі завод паспявае зрабіць за дзень.
— Такія людзі — наша надзея і апора, за што і пашана ім, і гонар, і высокія заробкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.