Мікола БУСЬКО Вясковыя вышыні святасці

Заручаны з хараством

Самыя светлыя ўражанні застаюцца ў мяне ад вясковай сустрэчы з Нёманам, як з даўнім сябрам. Нёман! Табе няма канкурэнтаў па хараству краявідаў. Рай для творчасці — Нёман! Сяброўства з табою не разліць вадою, галоўнае без падману — жыві ды радуйся!
Хоць рака адышла ад маёй вёскі на вярсту, я ўсё роўна не магу заснуць, калі не адчую плёскат бягучай плыні, пошуму чаратоў і вербалозу, траскучага клёкату буслоў.
У шчырым яднанні з прыродай лёгка крочыцца па слядах маленства, па лясіста-верасовых кіламетрах Налібоцкай пушчы. Даспадобы глядзець на ўсё творчым позіркам, каб затым асвойтаць і занатаваць убачаную радасць, ператварыўшы яе ў сказ, паяднаць прыроду з пяром і пэндзлем дзеля будучыні.
Якая раскоша вачам! Напаўняюць грудзі пахі разнатраўя, духмянага водару чабору — я вырас у траве. Лісцікі, аздобленыя алмазнымі расінкамі, перакульваюцца, як матылькі. Праменьчык ружовы, як пальчык немаўляці, прасвечваецца, раскатурхаўшы птушак.Туманіцца імжа над роўняддзю ракі, шэрая хваля, нібы коцік, то падкіне трэсачку, то зловіць, гарэзячы, і так хочацца ісці, ісці па гэтай улюбёнай прасторы, захлынаючыся ад шчасця.
Вядома, што ад бацькоў майстэрскага досведу нарадзілася захапленне хараством, з гадамі яно мужнела, набірала моц, сталела, каб затым прачула асесці ў памяці, а памяць бывае толькі адна — незабыўная.
Насцярожаная душа, трывожнае біццё дзіцячага сэрца запомніла жахі вайны, і ўсё перажытае адлюстроўвалася ў світальнай творчасці юнака.

Стрэлы… выбухі… Пад кулямі
Паром
Закружыўся перакулены
Ля стром.
Конскі хвост служыў нам лодкаю
Тады.
Выплывалі мы сіроткамі
З бяды.
З гэтых слоў нарадзілася самая галоўная любоў майго жыцця — Нёманска-Карэліцкі край! А любоў да сваіх каранёў, да роднай Беларусі патрэбна нам, як паветра, як каханне ў маладосці, бо каханне не знікае, не ржавее, яно прывучае да сумлення, волі, справядлівасці, падказвае, як нельга жыць без павагі да свайго паходжання, што сталася святым веквечна. Родныя мясціны сталі аб’ектамі ўвагі для мяне, жаданне тварыць іншы раз паходзіць на ўтрапенне.
Удалечыні ад гарадскога тлуму пад лазуркавым налібоцкім небам на неахопнай прынёманскай разлегласці размясцілася дзівосная мастацкая галерэя. Хоць карціны не адзетыя ў пазалочаныя рамы, не пакрыты шклом, не схаваныя за браніраванымі дзвярыма — яны не баяцца залевы, не страшацца ўраганаў, не палохаюцца ні спёкі, ні маразоў. І ўсё-такі ўсёразбуральны час пакінуў свае сляды, але карціны захавалі сваё першапачатковае аблічча цягам многіх дзесяцігоддзяў.
Разуменне вечнасці, прыманне вартасцяў даўніны дае болей шанцаў уцяміць і зразумець складанасць нёманскай гісторыі. А не пабыць у гэтым музеі — гэта злачынства супраць мастацтва.
Аўтарства гэтых шэдэўраў належыць яму — селяніну. І гэта ўсё з таго, дзеля чаго варта адправіцца ў вандроўку.
Перад вачыма парваная на кадры фотаплёнка з рэчак, ручаін, азярын, лесу, маўчання і радасці. Яшчэ з сівой старасведчыны гэтая зямля авеяна легендамі. Казалі, што тут знаходзіўся цэнтр малавядомай цывілізацыі з высокаразвітай культурай і духоўным жыццём.
Нездарма сюды, асабліва ўлетку, кіруюцца гараджане, каб знайсці душэўны спакой, аздаравіць цела, адчуць жывую энергію лесу, дзівосную сілу вады. Тады арганізм лягчэй рэагуе на знешнія негатыўныя моманты і служыць бездакорнаму цячэнню жыцця людзей. Прага сучасніка карыстацца плёнам цывілізацыі — гэта нармальна, але яна адрывае чалавека не толькі ад прыродных, але і ад крэўных родных каранёў. Але гэта не тычыцца вясковага жыхара, які ўсё сваё жыццё запаўняе карыснай справай і заўсёды захоўвае сваю прыстойнасць і павагу да сваёй зямелькі.
Я больш упэўнены ў гэтым, што ўсё адбываецца ў душы селяніна не інакш, як ад шчырага сэрца, высакароднага пачуцця любові і да свайго роду.
Сонейка стала рухомым, уражвае яго цеплыня, і далеч стала болей акрэсленай, там-сям яшчэ заўважаюцца плямкі аксаміту туману. А шэрая сцяжынка выкручваецца ўздоўж балота, яно часова напаўняе душу сумам: гэта яно, балота, не перастала зводзіць рахунак з меліярацыяй.
Позірк коўзаецца па зялёных загрыўках купін, іх лашчыць цяплом і святлом, а над усім гэтым хараством распасцерлася аблачына. Прысеў на пянёк, каб даць волю нагам, а вочы сягаюць у бездань нябёс.
— Які дзянёк! А вунь якія цікавыя сілуэты хмар! — звяртаю ўвагу на выпадковыя плямы. Вялікі палец аддзяліў выразны малюнак: белы конь ледзь цягне па жыцці турботамі нагружаны воз. А там — дзяўчынка з уплеценымі ў косы кветкамі падскоквае ў хмарах сваіх летуценняў. А там што? Паляўнічы сігае ў раскрытую зяпу дракона? Ты, мусіць, не паверыш, але паспрабуй засяродзіцца, прыглядзецца да хмар, упіцца зрокам у той навакольны свет, дзе ўсё рухаецца, змяняецца і пазірае на цябе. А што з гэтага вынікае?Чаму ў акаляючай нас прасторы з’яўляюцца такія мудрагелістыя постаці? Яшчэ калісьці слынны ў вяках Леанарда да Вінчы раіў звяртаць увагу на выпадковыя плямы, абрысы, сілуэты. Так і я раблю: цікаўнасць нараджае ідэі, а ідэя — творы. Кожная ідэя з чагосьці пачынаецца. На карысць гэтай ідэі я падхапіў падаючую паходню павагі да сваіх мясцін. А гэта спрыяе галоўнаму прынцыпу хрысціянства — ідэі любові, волі, роўнасці.
“Здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, святое”, — гаворыцца ў Бібліі. Так і я раблю, стоячы перад карцінай “Сіняўская Слабада”, а па-вясковаму прасцей — Сіняўка. Гляджу на карціну ва ўсе вочы, а яны напаўняюцца радасцю. Позірк упёрся ў высокі бераг, драўляны мост.
— Здарова, Нёман!
Па мосце, што колісь злучаў тагдышнія Віленскія і Мінскія губерні, упэўнена крочыць маладзіца з роварам. Яна цікнула на мяне і азарыла пяшчотнай усмешкай.
Не магу адарваць позірк ад бягучай плыні ракі. Тайніна дыхае ў патыліцу. Мутны асадак адплыўшых гадоў напаўняе душу. Яшчэ здавён менавіта над Сіняўкай кожны дзень узыходзіць сонейка, каб пачаць свой кругазварот, які і нас уцягвае ў свой рух, але кожны раз па-новаму.
— Якое яркае сонейка! — неба струменіць анёлава святло. На вадзе ўспыхваюць, трымцяць іскрыстыя блікі, жывыя агеньчыкі святла, хараства. На ўсыпаным дзьмухаўцамі беразе зумканне пчолкі будзіць ціхую палянку. Крыху ніжэй пахаджае бусел, ён з’явіўся перада мною ва ўсёй красе і сіле. Высокі, цыбаты з доўгай шыяй, метровым размахам чорна-белых крылаў разбегся на спружыністых нагах, падскочыў раз, другі, трэці і — ужо ў небе! Паляцеў, а куды? А вунь, у канцы вёскі буслянка.
Нечакана скамечыў цішыню рэзкі клёкат бусла, аздобіўшы прастору вёскі. Розгалас памножыў яго. узняў радасны голас на высокую гукавую хвалю. У мяне асаблівыя адносіны да гэтай боскай істоты, занятай у летні час клопатамі прадаўжэння роду, імкненнем двух сэрцаў да ўзаемнага злучэння.
Прыйдзе восень, і мой крылаты сваяк адштурхнецца ад зямлі, зробіць развітальны круг і ў нястрымным парыванні ірванецца ў азораныя святлом прасторы вечнасці.
Вось тут, за буслянкай, канчаецца вёска. Уперадзе віднеецца ўзгорачак. Падыходжу бліжэй і бачу: узвышак перакрэслены канаўкамі, затравелымі бугаркамі. “А можа гэта нерукатворная ахова былых таямніц?” — узнікла думка. Не кожнаму і не заўсёды адкрывае зямля свае тайны.
Вясковая ідылія схіляе да развагі і меркаванняў.
— Тут раней стаяў крыж, — разгадаўшы мой намер, падышла жанчына. — Можа тут калісьці была наша царква?
Мяне ўразіла шчырасць і цікаўнасць кабеты, хоць гэта былі звесткі з трэціх рук. Цікаўнасць пазнання, сялянская прастата і мудрасць, на якой выраслі мы, прыдае ўпэўненасці заглянуць у былое. Я схіляюся перад досведам селяніна, перад яго жыццём сярод прыроды, цаню яго адкрытасць, дабрыню, свядомасць. Вясковец ведае, што ўцяміць свой лёс складана, лепшым шляхам да шчасця ёсць жаданне жыць па-людску, па законах душы, а не ганяцца за прывідам шчасця, якое атаясамліваецца ў матэрыяльнасці і багацці.
— Паспрабуй тут, — рыдлёўка натрапіла на камень. — Можа тут была наша царква? А вы ж пісалі пра царкву ў Зарэччы, можа нешта ведаеце і пра Сіняўскую?..
Нялёгкая справа корпацца ў пыльных летапісах, але па просьбе сялян давялося заняцца гэтым. Пра былое распавядаць нялёгка, але гэта не бянтэжыць мяне. Маё пяро ні ў якім разе не можа быць зарукай дакладнасці фактаў, але яны ў значнай ступені супадаюць з тымі прынёманскімі падзеямі, што колісь адбываліся на гэтых землях.
На сённяшні дзень не-не ды і данясуцца з мінуўшчыны праўдзівыя чуткі пра тое, што і ў Сіняўцы была свая святыня. Гэта была прывілея і гонар, вялікая радасць мець свой храм, асабліва для адрэзаных ракой лясных вёсак. А царква была.
…1839 год. Сакавік. Вясковае разводдзе Нёмана. Націск вады такі дужы, што рацэ цесна, яна грувасціць ільдзіны на бераг, на вуліцу, ашаломленая рака атакуе прастору, хаваючы пад сабою кустоўе, займае і шырыцца навокал. Шуміць-гудзе скрутны вір разбуджанай ракі, поўны трывожных момантаў. Скачок вялікай вады, усё набракла вільгаццю да самага перавясла. Гэта бесчалавечна! За што нам такое пакаранне?
Вузлы імклівай вады, вырываючы дрэвы, шыраць берагі. Неўтаймаваная стыхія. Увесь вясковы люд, каб уратаваць жывёлу, спехам выганяе яе далей ад бяды. Сіняўка, набітая жыўнасцю, як Ноеў Каўчэг.
На трэці дзень рака, нагуляўшыся ў волю, вымушана адступіць і перасялілася ў свежыя берагі. Шмат размоў вялося пра жахлівыя падзеі вясны, абмяркоўваліся розныя моманты жыцця вёскі; адсутнасць царквы магчыма была галоўнай прычынай нахлынуўшай бяды.
…1845 год. Нядоўга ахопліваў страх селяніна. Ён вясною пільна назіраў за паводзінамі ракі, аглядаючы свае будынкі. А яны раслі, здзіўляючы гаспадара падворка, асвятлялі яго будучае жыццё. У гэты час Сіняўка мае 44 двары, на іх гаспадарыць 179 мужчын, 155 жанчын. З кожным днём мацнела вёска, разам з гэтым, мацнела сям’я. А хто загадаў ужо даросламу чалавеку жыць аосбна? Нібыта нехта стаяў за плячыма і шаптаў: “Будуй сабе, сыну, дачцэ”.
…1859 год. Ідзём за часам. Серпавідны месяц і яго першая чвэрць. А што адгадваецца ў ім? Чалавек паглядае ў нябёсы, засяродзіўся, закрыў твар рукамі і, знерухомеўшы, як помнік, аддаўся нахлынуўшаму ўсведамленню надыходзячых перамен.
Неба, як быццам выпрабоўваючы селяніна, распазнаючы яго жаданні, праяўляючы клопат аб яго нашчадках, аб іх будучыні, рыхтавала Бог-помач.
У Сіняўцы налічваецца 52 хаты з гаспадарчымі пабудовамі, і пражывае 208 мужчын і 183 жанчыны. Вёска развіваецца ўдала, больш узмацняецца, рыхтуецца да істотных змен.
— Ах, Божа мой! — расчулілася жанчына. — Цябе, Сіняўка, чакае вольнасць і іншы шлях! А які?.. Час зменіць свет.
1861 год. Люты. 19 чысло. А што азначае гэтая дата, чытач ведае яшчэ са школьнай парты.
Адмена прыгоннага права не прынесла адчувальнага аблягчэння селяніну, а толькі перанесла яго з прыгонніцтва ў паншчыну. Але гэта была лёсавызначальная падзея, якая звязала Расійскую імперыю і ЗША ў шматцяжкай барацьбе за адмену прыгонніцтва. Тут варта адзначыць адначасовасць, аднадумства двух слынных лідэраў звышдзяржаў.
З сакавіка (па новаму стылю) 1861 года па загаду імператара Аляксандра ІІ быў усенародна агучаны Маніфест аб поўнай адмене прыгоннага права ў Расійскай імперыі. Крыху пазней, 1 студзеня 1863 года, набыла сілу закона пракламацыя Лінкольна аб вызваленні рабоў. Прэзідэнт ЗША Аўраам Лінкольн і імператар Аляксандр ІІ пайшлі на гэта, валодаючымі вялікімі магчымасцямі змяніць грамадскі лад, выконваючы свяшчэнны доўг перад сваімі народамі і перад усім чалавецтвам. “Я апярэдзіў вас на пяцьдзесят гадоў”, — падкрэсліў Аляксандр ІІ на сустрэчы з дваранскім саслоўем.
Забаронны віхор рабства набіраў моц і сілу і праз нейкі час дасягнуў французскіх, англійскіх, іспанскіх земляў. Але крушэнне рабаўладальніцкага ладу выклікала гнеў і нянавісць у ворагаў вызвалення, ворагаў свабоды, якія адважыліся зрабіць замах.
Так, імператару ўдалося адмяніць назаўсёды прыгоннае рабства, і пазбегнуць пры гэтым грамадзянскай вайны. Аналізуючы аддаленыя ў часе гістарычныя падзеі, настроі рабаўласнікаў, пануючага класа няцяжка было даўмецца, што далейшы лёс вызваліцеляў прыгонніцтва будзе трагічным.
Селянін, які ведае жыццё і глядзіць на яго сур’ёзна, дыхае на поўныя грудзі. Нарэшце воля, самастойнасць. Але ці тая воля, якая неабходна душы? Толькі вецер вольна ўздымае лютаўскія снягі, накручвае сумёты, завывае ў коміне, нібыта хаваючы прыгон.
Усё, што ў пакутах прыгнятала селяніна, мучыла і мроілася яму — раптоўна адбылося, чаго ён чакаў усё жыццё. Нарэшце я вольны!
Усвядоміўшы становішча падзей, упершыню на прынёманскай прасторы жыхары Сіняўскай Слабады і Антанёва, параіўшыся паміж сабою, вырашылі звярнуцца да ўласніка, каб аддзячыць Бога і пабудаваць сваю царкву.
— Ваша міласць, ваша міласць! — прасілі сяляне памешчыка Хандзінскага. — Мы не хочам вяртацца ў мінулае, зрабіце нам вялікую ласку будаўніцтвам свайго храма. — Бог помач!
— Вы задалі мне галаваломную ідэю, — са строгасцю хітравата працягнуў пан, не адводзячы погляду ад людзей.
Важны і самавіты пан усведамляў, што з будаўніцтвам царквы ён паступова будзе паварочваць душы сялян да сябе — гэта ж мае людзі і землі таксама.
Яшчэ гаспадарылі маразы, але ўжо там-сям віднеліся прыкметы вясны: на прыгрэве сумёты рабіліся бруднымі, наздраватымі, як сыр. Яшчэ чырванелася неба на ўсходзе, а ўжо на лясной дарозе скрыпелі палазы. Па сціснутай халадэчай пушчы разносіўся звон пілы і перастук сякеры… Эх-эх!
Вось і травень раскашуе свежай зелянінай, ды смольным пахам мядовага хвойніку.
— Тут месца для будучага храма, — падказала Евангелле.
Пан не мог затрымліваць абяцанні сялян і неўзабаве выпраўляецца на благаславенне ў Вільню. Ён вылучаўся сваёй бездакорнасцю, разважлівасцю, мог звесці так свае жаданні, што яны звычайна вырашаліся на яго карысць: перад яго настойлівасцю ніхто ўстаяць не мог, і яму рэдка адмаўлялі.
Ужо ў траўні паклалі першы вянок царквы вясковыя майстры. Святаром быў прызначаны Іван Рабцэвіч. Узростам і характарам ён быў блізкі да пана. Святар вылучаўся ўменнем весці адказную справу: адносіўся да ўсяго ўнікліва і патрабавальна.
1862 год. Верасень. Шыкоўная пара размаітых фарбаў. Нарэшце будоўля ідзе да завяршэння. Менавіта гэта надта прываблівае жыхароў навакольных вёсак, зачароўвае сваёй навіной, непасрэднай прыгажосцю. Правая рука святара, старшы прыказчык Мікола ставіцца да ўсяго надзвычай сур’ёзна. А вечарам, адыходзячы ад спраў, распавядае цікаўным аб тым, якім будзе пярэдні купал, са звонам вагой у шэсць пудоў.
— Вунь, аж туды, вышэй дуба ўзвысіцца званарня, — напружваючы позірк, тлумачыў Мікола, прымаючы паклоны сялян за дабрадзейнасць.
14 верасня. Па ўсім наваколлі разносіцца звон, запрашаючы людзей. Натоўп залівае вуліцу, цесна. Сіняўска-Слабодская Крыжа -Увазнясенская царква не ўмяшчае ўсіх прысутных. Ідуць старыя, маладыя, дзеці, усе погляды скіраваны на свежыя драўляныя сцены, званарню, сэрцы і душы людзей напоўнены любоўю да Госпада.
— Усёмагутны Божа! Ты спраўдзіў нашы спадзяванні! — удзячна адкрываліся сяляне.
— Божа мілы! Гэта цуд! — усклікнуў нехта ў шматлюдным натоўпе. — Слава табе, Гасподзь! — разносіліся палкія воклічы.
Сяляне ўсё падыходзяць, людзей процьма: плечы каля плячэй, рукі каля рук.
Народ успрымае душой вялікую сілу ўрачыстасці, ідэальную прыгажосць створанай святыні. Усе дастаткова шчаслівыя.
Стральчаты купал храма ўзвышаецца ў нябёсы, шыкоўна набірае вышыню. Царква, узведзеная па праекту Юліяна Зелінскага ў стылі позняй готыкі, яна вылучалася звабнасцю, лёгкасцю формы, багаццем шматколерных шкляных тонаў. Шкло для яе дастаўлялася з налібоцкай мануфактуры. Адкрыццё царквы здзіўляла прысутных з аднолькава ўдзячным пачуццём і болей высокай ступенню творчай свабоды майстроў.
Галоўнай каштоўнасцю храма была ікона прарочыцы Святой Ганны. Штодня прыхаджане стаялі перад ёй, маліліся цудадзейнаму ліку багіні, знерухомеўшы ў чаканні Святла Яе Вачэй: Яна бачыць усё і ўсіх.
Згорбленая векавуха пакрысе прасоўваецца ўперад, абапіраючыся на два кіі, паволі апускаецца, застыла ў напружанай позе, прамаўляючы пацеры, каб вярнуць здароўе малітвай.
Прызнаюся, не мне, грэшніку, весці размову пра святы абраз.
… Бацькі маёй мамы жылі калісьці ў Вялікай Слабадзе, а калі пачалася Грамадзянская вайна, спехам з’ехалі ў Сіняўку, і, ўкленчыўшы перад святыняй, выпрошвалі выратаванне. І яно неўзабаве прыйшло. Але я не стану акцэнтаваць увагу на сабе, а прадоўжу аповед.
Царква мела толькі адзін прастол, іншых будынкаў пакуль не было, але яны існавалі ў жаданні святара. Меўся падвал глыбінёй з чалавека для гаспадарчых прылад.
Набажэнствы ў царкве праводзіліся ў Дзень Святой Ганны, на трэці дзень Сёмухі, 25 ліпеня, 1 верасня, а таксама па просьбе прыхаджан.
1869 год. Царкве была выдзелена толькі адна дзесяціна сенакосу, без ворыўная зямля. Яе абяцаў у будучым Хандзінскі, пакуль ягоную душу усцешвала царква, праяўляў клопаты аб пашырэнні царкоўнай прасторы, і неяк разважаючы, уцяміўшы: «Далібог, сюды не дастае толькі школы…» — паджывіў свой намер светлай думкаю. праз год царкоўнапрыходская школа прыняла першых навучэнцаў. Драўляная, светлая, цёплая. А будаваць тады ўмелі. Рыхтавалі лес толькі зімою. Мой бацька, вядомы ў наваколлі сталяр, тлумачыў, што бярвёны калі ў зруб паўночным бокам, дзе гадавыя кольцы танчэйшыя і болей шчыльныя. нават у лютыя маразы дрэва не прапускае холад, і будынак жыве стагоддзе.
Я ўяўляю Сіняўскую школу, якая нагадвае тую, маю, што ўпрыгожвала колішнюю Ярэміцкую вуліцу — Турэцкую сярэднюю школу.
Між тым, іншы раз пытаюся ў сябе: як і пры якіх абставінах знікла школа? Царква? Не вытрымала выпрабаванні часам, скажаце вы? Магчыма. Пастараўся ўсёразбуральны час? яму няма перашкод. А куды запрапасціўся звон? Набор пытанняў, як іх высветліць. А можа параіцца з Нёманам? скептык глядзіць на мяне і тыцкае пальцам у скронь. Не спяшайцеся з высновай: вада мае памяць і валодае сусветнай інфармацыяй.

Бліскучае сонца Прынёмання

Іду да лесу, як да радні, да сваіх, улюбёных пэндзлем мясцін, куды некалі спяшаўся з эцюднікам. Жаданне прайсціся сцяжынамі і маленства прывяло мяне ў пушчу. А хадзіць па лясных ды прырэчных прасторах — занятак духапад’ёмны.
Узбіраюся на касагор, трава хавае сцежку, пакручастыя карані, як гадзюкі, перашкаджаюць шлях. Але не прыціскае настрой, радасна і весела на душы. прысеў на пянёк, галава загружаецца думкамі, а яны светлыя, чыстыя — увасобіліся ў словы, «Радзіма, хата, бацькі…» А ў хаце цёпла, утульна, радасна ў сям’і любімай, здаецца, што тата і мама з’яўляюцца самымі лепшымі настаўнікамі, роднымі, людзьмі не параўнальнымі ні з кім. Галоўнае — так і павінна быць — не інакш.
— Ку-ку, ку-ку, — разносіцца тужлівы голас зязюлі з спелым бярэзніку.
Можа ёй самотна, але не адчувальна маркота птушка нічым не патрывожана і не наракае на недасканалае іншы раз устройства быцця.
— Ку-ку, дзень-дзень, — птушка падказвае мне, што кожны прыйшоўшы дзянёк трэба сустракаць, як госця — з удзячнасцю і настроем. А нашы дні насычанымі цэнамі, навінамі, якія патокамі абрынваюцца на нас. Абачлівы рух часу — мінаецца незваротна: яшчэ адзін дзянёчак праляцеў міма, час бясконцы, а мы — не. У нас значная частка залатога часу ўцякае ў пустыню, траціцца на неўсвядомленыя ўчынкі, шкодныя звычкі, бяздзелле. А ёсць яшчэ закон дабаўлення энергіі — наша сумленне.
І вось я на свяце лесу — вакол сосны, яліны, клёны. Задавальненне прыходзіць: крочу між лясін ужываю дух дрэў. Лес падобны на царкву: шматярусны. Сцякае з вяршынь лячэбная прыгажосць. Як лёгка дыхаецца! Мы дыхаем тым, што выдыхаюць дрэвы, а дрэвы дыхаюць тым, што выдыхае мы — і …тэхніка. А дзе наша ўдзячнасць?
Уверсе нечакана зашумела, загуло. Вецер парушыў царкоўную цішыню. Напэўна дрэвы абмяркоўваюць свае справы: чуецца нізкі голас неразборлівай малітвы. Лес жыве аднолькавым з нашым жыццём. Хоць наша жыццё не шакалад, але ж смакаваць яго трэба. Яшчэ трэба стрымліваць рукамі сённяшні дзень — меней будзем залежыць ад заўтрашняга. Але пакуль мы будзем думаць, адкладваць на заўтра, так можа і жыццё прамчацца незаўважна.
Вецярок апусціўся да мяне, сушыць праклеенае палатно, загрунтавана, напяты ветрам падрамнік. Углядаецца ў празрыстую далеч мастак Валодзя, наносячы першыя мазкі.
У гэтай чароўнай прыгажосці развіваецца неадольная прага да мастацтва і літаратуры, падуладная таленту. Але ён не лічыў сябе мастаком, а болей — аматарам. Мастацкія веды набыў толькі дзякуючы ўласнай энергіі і яго пэндзля.
— Жыць сярод такога хараства і не быць мастаком, — гэта недапушчальна, — казаў мне Уладзімір Калеснік.
Ён аўтар мноства кніг і выбраных твораў: «Час і песні», «Зорны спеў», «Пасланец Праметэя», шматлікіх літаратуразнаўчых, крытычных і дакументальных твораў.
Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Янка Брыль, Уладзімір Жылка, — Валянцін Таўлуй — да гэтага алмазнага сузор’я, названага мною часткова, з павагай і гонарам варта аднесці і цэлую кагорту пісьменнікаў, пра якіх пісаў творца.
Супольна з А. Адамовічам і Я. Брылём паказаў трагічны лёс родных вёсак, барацьбу людзей супраць фашызму ў кнізе «Я з вогненнай вёскі…» Разам з кіраўнікамі раённага падполля стварыў цэлыя — а якія ваяўнічыя! — атрады і дружыны, паказаў сваіх землякоў-змагароў незвычайнай душэўнай сілы, зайздроснай мужнасці і бясконцай смеласці.
Замілаваная, святочная, ярка — як вясёлка, як сонечны сланечнік, апетая пісьменнікамі прынёманская прырода. Уладзімір Калеснік быў выключна назіральным мастаком.
— Ён і мяне неяк накідаў на паперы, — прызнаўся сусед і сябра Уладзімір Бандарык. — Для гэтага ён збудаваў на Добрачы дашчаты домік з выглядам на Нёман.
Уладзімір Калеснік выступаў, як вучоны: напісаныя ім такія таленавітыя кнігі «Лёсам пазнанне: Выбраныя літаратурныя партрэты», ён адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Гісторыі савецкай шматнацыянальнай літаратуры» і шматлікіх падручнікаў і дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў.
Пісьменнік быў цікавай асобай свайго часу, прайсці міма яго было немагчыма, ён заўсёды быў у эпіцэнтры жыцця і ў курсе ўсіх літаратурных працэсаў.
Менавіта ў мяне выклікаў Калеснік павагу да мастацтва, падтрымаў цягу да пяра, растлумачыў вартасці мяне самога.
Жывучы ў Сіняўскай Слабадзе схільнасці да літаратуры, да мастацтва будучы майстра ўсмактаў з малаком маці.
Удзячны чытач, пазнаючы імёны беларускіх пісьменнікаў, ці іншых творцаў, у лепшым выпадку ўяўляў іх вехамі-спадарожнікамі, якія круцяцца вакол бліскучага сонца прынёмання — Уладзіміра Калесніка. Яго літаратурныя вышыні знайшлі сваё адлюстраванне ў творчасці Берасцейскіх пісьменнікаў і не толькі.
— Наш Валодзік, — ласкава і з гонарам адкрываецца жанчына, — быў не толькі таленавіты, але і добры. — Бывала, папросіш яго, і касу наклепле — не адкажа.
нездарма людзі кажуць, што калі чалавек таленавіты, дык ён таленавіты ва ўсім. Так і ёсць.
— Уладзік, як адчувальны барометр, — паэтычна дадае дзядзька. — слухаў амаль усіх, адклікаўся. Вось мы сабяромся на лаўцы адвячоркам, ён падыйдзе да нас, мы разам пагамонім пра даўнейшае, цяперашняе, падзелімся пачутым, робіцца неяк лягчэй.
— Вось і я да вас, на лаўку, — падыйшла жанчына. — Сустракацца вечарам у нас стала завядзёнкай, тлумачыць мне. — Тут каля гэтага чырвонага трактара на лаўцы любім пагаманіць. А Валодзя наш быў харошы чалавек, адукаваны, і мусіць гэта нам дапамагае Нёман. Можа ў яго жылах цячэ наш Нёман, цякуць у ім сокі дрэў…
Усё гэта я пачуў на лаўцы: шчырыя, адкрытыя меркаванні.
Яшчэ калісьці тытан фізікі Эйнштэйн казаў, што чалавеку патрэбна лавачка, каб сесці і падумаць…
Але вернемся да Калесніка. дастаткова адкрыць яго кніжку, і са старонак чуецца плёскат бягучай плыні Нёмана-дабрадзея, які вырваўся з прыціскаючых яго прыбярэжных лясін на вонак за вёскай, разносіцца духмяны водар чабору, траскучы клёкат буслоў, звон касы пад мянташкай.
Шматгранная тэматыка твораў Уладзіміра Калесніка, народжаная тагдышнім і сучасным жыццём знітавана з Прыродай так высакародна і трывала, як налібоцкае дрэва — з роднай зямлі.
Так, мы разам з вамі наведалі музей, пабывалі ў царкве, прычыніліся душой да сваёй мінуўшчыны, яе я і цяпер выразна бачу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.