Слова справай моцнае

Як і разлічвалі хлебаробы СВК “Цырын-Агра”, сяўбу азімых культур у гаспадарцы завяршылі 19 верасня. У лепшыя агратэхнічныя тэрміны пасеяна 500 гектараў пшаніцы і 400 га трыцікале. А пачэснае права прайсці апошнія гонкі было прадастаўлена ў гэты дзень механізатарам М. М. Шаламану і Л. К. Лазарчыку. Пасля пастаноўкі пасяўных агрэгатаў на захоўванне яны ўключаюцца ў нарыхтоўку кармоў з кукурузы, якой занята ў бягучым годзе ў кааператыве 360 гектараў. Урадзіла “каралева палёў” нядрэнна, з кожнага са 180 убраных гектараў атрымліваюць па 400 цэнтнераў зялёнай масы.

На кукурузных палетках шчыруе механізатар Іван Алексіевіч, які кормаздабываючым агрэгатам КВК-800 нарыхтаваў 4300 т зялёнай масы.
На адвозцы здробненай масы старанна працуюць механізатары Уладзімір Кастусік, Сяргей Міхей, Уладзімір Водчыц.
На трамбоўцы сіласнай масы добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі механізатары Мікалай Лук’яновіч і Вячаслаў Троска.
Асаблівая ўвага ў гэты перыяд надаецца высокапрыбытковай культуры — бульбе, якая займае сёлета 140 гектараў.
— Мы вырошчваем розныя сарты гэтай культуры па тэрмінах паспявання і мэтах прызначэння, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сасімовіч.  —Сярод іх — “Скарб”, “Журавінка”, “Молі”, “Уладар”, “Лілея”, “Янка”, “Атлант”, “Брыз”, “Жывіца”. Найбольшую ўраджайнасць даюць “Янка”, “Уладар”, “Лілея”, “Брыз” (ад 300 да 330 цэнтнераў з гектара). А ў цэлым з кожнага з 90 убраных гектараў накапана па 277 ц клубняў.
Садзілі, даглядалі, ахоўвалі ад хвароб і шкоднікаў, а зараз убіраюць “другі хлеб” дасведчаныя, спрактыкаваныя бульбаводы, механізатары Генадзій Буй, Аляксандр Троска і Сяргей Кажура. За дзень яны ўбіраюць клубні на плошчы 6-8 га. Працуе сартавальны пункт, бульбасховішча на 1,5 тысячы тон насеннага матэрыялу і на 2 тысячы тон харчовай бульбы.
Цяпер важна своечасова ўбраць, захаваць клубні і выгадна рэалізаваць вырашчаны ўраджай на рынках збыту.
А вось старшыня гаспадаркі Мікалай Кулініч заклапочаны становішчам на бурачных плантацыях, якія займаюць 260 гектараў. Выкапаны караняплоды больш чым на 80 га, ураджайнасць каля 500 цэнтнераў з гектара.
Па плане ў раннія тэрміны гаспадарка павінна паставіць на перапрацоўку 4000 т салодкага кораня. Адпраўлена 2000 тон, яшчэ 1000 т ляжыць у буртах. Праблема з транспартам. Няма чым вазіць на цукровы завод.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.