Суслік — добры сусед, а не вораг

Наш раён — тэрыторыя, на якой жывуць і растуць шэраг відаў жывёл і раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Выяўленнем гэтых мясцін эксперты займаюцца ўжо не першы год.
Мэта гэтай работы — захаваць біяразнастайнасць, улічыць патрабаванні па ахове відаў, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, пры распрацоўцы схемы землеўпарадкавання раёна.
Даследаванні выконваюць спецыялісты Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах і інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча з дапамогай Карэліцкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і дырэкцыі “Карэліцкай раённай арганізацыйнай структуры” РДГА “БТПР”.
Хто мае патрэбу ў абароне?
Для многіх гэта можа стаць сюрпрызам, але ў лік рэдкіх відаў, якія пражываюць на тэрыторыі Карэліцкага раёна, уваходзіць рабы суслік. Гэты невялікі звярок з сямейства вавёркавых доўгі час лічыўся шкоднікам, а сёння ўключаны з Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (аднесены да ІІІ катэгорыі аховы як від, падвержаны рызыцы вымірання), а таксама ў дадатак ІІ Бернскай Канвенцыі і Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды. Сусліка ахоўваюць таксама ў Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, Малдове, Украіне і шэрагу іншых краін.


Суслік трапіў у Беларусь у пасляледавіковы перыяд і замацаваўся на бязлесных раўнінах у рэгіёнах з інтэнсіўным земляробствам. Любімыя месцы пражывання — выганы і пашы працяглага выкарыстання, сухія межы, залежныя лугі. На ворыве ён сустракаецца толькі ў часовых пасяленнях.
Арэалы сусліка ў Карэліцкім раёне — самыя паўночныя ў Еўропе. Пагоркавая мясцовасць, урадлівая глеба, традыцыйныя формы вядзення сельскай гаспадаркі, пры якіх спалучаліся лугавыя і пашавыя ўгоддзі, дазволілі захавацца гэтаму віду на самым краі свайго арэала. Асабліва вабілі яго ваколіцы пасёлка Мір, дзе ў былыя стагоддзі значную частку насельніцтва складалі татары, а на прылугавых пагорках пасвіліся шматлікія статкі авечак, козаў, кароў і коней.
Па прыблізных ацэнках вучоных колькасць рабога сусліка ў Беларусі з 1960 года знізілася на 80-90 %.
Аднак у апошнія дзесяцігоддзі гэты від у нашай краіне і ў межах усяго арэала сустракаецца ўсё менш і менш. Прычынай зніжэння колькасці, як і ў большасці выпадкаў, стаў чалавек. Інтэнсіўная барацьба з рабым суслікам праводзілася з другой паловы ХІХ ст. Здача лапак сусліка — “евражковая повинность” — была абавязковай для большасці ўездаў Расійскай імперыі.
У ХХ стагоддзі сусліку была аб’яўлена “хімічная вайна”. Норы звяркоў апрацоўвалі сярністым вугляродам, хуткадзеючымі ядамі. Акрамя таго, гэты від служыў аб’ектам пушнога промыслу. Напрыклад, у Маскоўскай вобласці толькі ў 1934 годзе паляўнічымі-прамыславікамі здадзена 5 тысяч шкурак, а ў адной толькі Татарыі ў 1948 годзе было здадзена больш як 38,5 тысяч шкурак.
Прычына такога актыўнага знішчэння сусліка ў тым, што пры празмерным рассяленні ён можа стаць пагрозай для шэрагу зерневых культур. Такі падыход для Беларусі сёння з’яўляецца анахранізмам, тым больш, што рабы суслік уваходзіць у лік відаў, ахоўваемых на міжнародным узроўні.
Што мы можам паспець?
На вялікі жаль, рабы суслік знаходзіцца на мяжы знішчэння і ў Карэліцкім раёне. Глыбокае ворыва глебы, інтэнсіўнае прымяненне хімічных угнаенняў і ядахімікатаў, скарачэнне плошчаў традыцыйных выпасаў, разворванне прыдарожных палос прыводзяць да знікнення гэтага ўнікальнага звярка.
Нягледзячы на забарону, знішчаюць суслікаў і мясцовыя жыхары, заліваючы іх норы вадою.
Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь незаконная здабыча рабога сусліка і разбурэнне яго нораў караецца штрафам ад 20 да 50 (для фізічных асоб) і да 1000 (для юрыдычных) базавых велічынь.
Сёння пасяленні звярка ў Карэліцкім раёне, раней вядомыя спецыялістам, з’яўляюцца нежылымі. Гэта значыць, што суслік, які разам з Мірскім замкам доўгі час з’яўляўся сімвалам нашага краю, “пайшоў”, або амаль “пайшоў” з нашых зямель. Але спецыялісты не пакідаюць спробы знайсці калоніі сусліка, якія могуць стаць асновай для аднаўлення гэтага віду на тэрыторыі нашага раёна.
Для выратавання сусліка патрэбны ўдзел і нас з вамі. Нават данясенне інфармацыі аб неабходнасці аховы сусліка да землекарыстальнікаў, устаноўка агароджаў і інфармацыйных знакаў каля нораў — могуць стаць рашаючымі ў справе захавання звярка.
Калі вы знайшлі пасяленні рабога сусліка, сталі сведкамі яго здабычы або разбурэння нораў, паведаміце аб гэтым супрацоўнікам праекта ПРООН/ГЭФ “Интеграция вопросов сохранения биоразнообразия в политику и практику территориального планирования в Беларуси” по тел. 8(017)203-57-50*.
Рэдакцыя выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла Міхаілу Максіменкаву, галоўнаму эксперту па захаванні біяразнастайнасці, Ірыне Новак, спецыялісту па сувязях з грамадскасцю, праект ПРООН/ГЭФ “Биоразнообразие”, Васілію Шакуну, навуковаму супрацоўніку ГНПО “НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах”.
* Усім звярнуўшымся гарантуецца ананімнасць.

Добавить комментарий