У дзіцячы сад — без слёз

Вы рашылі аддаць свайго малыша ў дзіцячы сад або яслі? Правільны выбар. Але паўстае пытанне: як дзіця ўспрымае тое, што мама, якая раней пастаянна была побач, зараз будзе з’яўляцца толькі вечарам, а замест яе цэлы дзень трэба будзе знаходзіцца з выхавальнікам і іншымі дзецьмі? Як увогуле адбываецца адаптацыя і што гэта такое?
З паступленнем дзіцяці ў дашкольную ўстанову ў яго жыцці адбываецца мноства змен: мяняецца парадак дня, бацькі адсутнічаюць 8 і больш гадзін, уводзяцца новыя патрабаванні да паводзін, прыходзіцца пастаянна кантактаваць з равеснікамі.


Усе гэтыя змены адбываюцца адначасова, ствараючы для дзіцяці стрэсавую сітуацыю, якая без спецыяльнай арганізацыі можа прывесці да неўратычных рэакцый, такіх, як капрызы, страхі, адмова ад ежы, частыя хваробы.
Маміна сэрца разрываецца пры гуках адчайнага плачу малыша, асабліва, калі гэты плач суправаджае яе кожную раніцу на працягу некалькіх тыдняў, а потым увесь дзень гучыць адгалоскам у яе памяці.
Праз гэта трэба прайсці, а таму, адыходзячы — адыходзьце, не мучце сабе душу, назіраючы за пляцоўкай з-за плоту, ці падслухоўваючы пад дзвярыма. Дарэчы, дзеці часта хутка супакойваюцца адразу пасля таго, як мама пайшла.
Першыя дні і нават тыдні могуць быць цяжкімі: дзіця можа адмаўляцца ад ежы ў дзіцячым садзе, дрэнна спаць днём, моцна стамляцца, шмат плакаць, мець вялы і падаўлены выгляд… Натуральна, што пачуцці любой маці: жаль, спачуванне і, магчыма, нават пачуццё віны за ўчыненыя дзіцяці перажыванні абвастраюцца тым, што мама мала чым можа дапамагчы свайму малышу, пакуль ён у садзіку.
Як справіцца з такім становішчам? Вось некалькі парад:
—будзьце цярплівымі і паслядоўнымі ў сваім рашэнні;
— не пераносьце на дзіця свой уласны дзіцячы негатыўны вопыт;
— не рабіце перапынкаў у наведванні дзіцячага сада — некалькі дзён дома не толькі не дапамогуць малышу адаптавацца да дашкольнай установы, але і пакажуць яму, што ёсць і іншы варыянт, якога можна ўсімі спосабамі дабівацца.
Збіраючыся ў дзіцячы сад:
1. Раскажыце дзіцяці, што гэта такое і чаго туды ходзяць дзеці.
2. У прысутнасці дзіцяці пазбягайце крытычных заўваг на адрас дашкольнай установы і яе супрацоўнікаў. Ніколі не палохайце малыша дзіцячым садам.
3. У перыяд адаптацыі падтрымлівайце яго эмацыянальна. Часцей абдымайце, кажыце, які ён малайчына, што вы ганарыцеся ім, што ў яго ўсё атрымаецца.
4. Распрацуйце з малышом сістэму развітальных знакаў увагі, і яму будзе лягчэй адпускаць вас.
Калі ваша дзіця яшчэ з цяжкасцю развітваецца з вамі раніцай і адчувае адмоўныя эмоцыі, прапануем некалькі парад, якія дапамогуць найбольш лагодна пакідаць малыша ў групе:
— Скажыце яму ўпэўненым і ласкавым тонам, што вам пара ісці.
— Пацалуйце яго і адыходзьце, не затрымліваючыся.
— Не абмяркоўвайце пры дзіцяці хвалюючыя вас праблемы, звязаныя з дзіцячым садам.
— Вучыце дома навыкам самаабслугоўвання.
— Увесь час напамінайце дзіцяці, што яно для вас, як і раней, дарагое і любімае.
— Пажадана, каб у першыя дні дзіця знаходзілася ў дзіцячым садзе не болей дзвюх гадзін, а потым паступова павялічвайце яго час.
У ДЦРД г. п. Карэлічы арганізавана адаптацыйная група кароткатэрміновага знаходжання для дзяцей, якія не наведваюць дзіцячы сад. Работа ў групе вядзецца ў трыядзе “педагог-бацькі-дзіця”. Асноўны напрамак работы — сацыялізацыя дзяцей ранняга ўзросту ў грамадстве равеснікаў, дарослых.
Групу наведваюць два разы ў тыдзень па адной гадзіне па наступнай мадэлі: прыём дзяцей; размеркаванне іх на падгрупы; занятак, свабодная гульнёвая дзейнасць па падгрупах.
Вопытныя педагогі-выхавальнікі праводзяць з дзецьмі заняткі, на якіх вядзецца развіццё вядучых відаў дзейнасці (лепка, маляванне).
Да гульнёвай работы ў адаптацыйнай групе падключаюцца кіраўнікі музычнага, фізічнага выхавання, педагог-псіхолаг.
Дзяцей разам з бацькамі запрашаюць на святы, забавы, прадстаўленні.
Бацькам аказваецца прафесійная педагагічная дапамога. З імі праводзяць групавыя кансультацыі настаўнік-дэфектолаг, медсястра, выхавальнікі.
Практыка паказвае, што дзеці, якія наведваюць адаптацыйную групу, лягчэй прывыкаюць да дзіцячага сада.
Наталля ЛОЖАЧНІК, педагог-псіхолаг ДЦРД г. п. Карэлічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.