Шчасця многа не бывае

Самае вялікае шчасце — гэта дзеці. А шчасця, сцвярджаюць дасведчаныя людзі, многа не бывае. Падтрымлівае цалкам гэту думку і выхавальніца Карэліцкай дашкольнай установы з прыгожай і светлай назвай “Сонейка” Вольга Сяргееўна Жук. Каму, як не ёй, педагогу-майстру, які адправіў на жыццёвы прасцяг прыкладна 140 хлопчыкаў і дзяўчынак, ведаць гэту гуманную ісціну.
Сёння, Вольга Сяргееўна дзеліцца сваімі думкамі аб месцы і прызначэнні выхавальніка дзяцей з першых крокаў іх самастойнага жыцця ў калектыве ясляў-сада, а затым і грамадстве, якія каштоўнасці прывіваць хлопчыкам і дзяўчынкам і якім чынам, якімі метадамі і напрацоўкамі і г. д.

— Вольга Сяргееўна, ваша захапленне выхаваўчай дзейнасцю — гэта патомнае, ці выпадак лёсу?
— Не першае і не другое. З дзяцінства. У маёй роднай вёсцы Сачаўляны, што ў Дзятлаўскім раёне, быў вялікі дзіцячы сад. Частка яго і зараз функцыяніруе. Там, будучы старшакласніцай, я разам з сяброўкамі дапамагала выхавальнікам. Гэта ж так цудоўна: гуляць з імі, вучыць іх, назіраць за імі, дапамагаць. Гэта ж цэлы свет у іх дапытлівых вачанятах. І хіба ж не асалода напоўніць яго ведамі, дабрынёю, пяшчотай і ласкаю.
Таму і выбрала для далейшай вучобы дашкольнае аддзяленне Мінскага педінстытута імя М. Танка.
Пры размеркаванні скарыстала права выбару месца працы і паехала ў Карэлічы, хаця быў і Слонім. А з двух Карэліцкіх садкоў спыніла выбар на “Сонейку”, які ўзначальвала ў той час Я. А. Крэсла. Яна ветліва сустрэла мяне і накіравала ў другую малодшую групу. З той пары і думкі не было змяніць месца працы.
— Праз вашу душу і сэрца прайшлі 140 выхаванцаў. Ці застаюцца ў памяці іх імёны?
— Думаю, што навечна. Справа ў тым, што мае першыя выхаванкі Марына Харко, Каця Яхант, Ларыса Федаровіч (прозвішчы дзявочыя) прывялі да мяне ўжо сваіх дзяцей: Ягора, Ванечку і Ксюшу. Дзеткі знешне падобныя на бацькоў, а вось характары розныя. Яно і зразумела, гісторыя развіваецца па спіралі, а не ў замкнутым коле. Таму і ўзровень іншы.
— Ці шанцуе вам у жыцці і працы?
— Безумоўна. Мае калегі добрыя людзі, бацькі выхаванцаў чулыя, спагадлівыя, дзеці — разумныя, вясёлыя, энергічныя і вельмі цікаўныя. Педагагічны і дзіцячы калектыў — гэта не кангламерат выпадковых асоб, а згуртаванне аднадумцаў.
— Вы ведаеце як стаць сваёй сярод рабят, заваяваць аўтарытэт у хлопчыкаў і дзяўчынак?
— Дзяцей трэба ўспрымаць такімі, якімі яны ёсць, быць на іх узроўні, разам радавацца, разам суперажываць, адкрываць новае і замацоўваць набытае.
У гэтай справе важны і прафесіяналізм памочніка выхавальніка. У мяне сапраўднай памочніцай была В. М. Загорская, а зараз з’яўляецца Л. А. Саўко, якія ўмеюць не толькі чысціню і парадак навесці, але дагледзець дзетак, пагуляць з імі і г. д.
— Як вы ўспрымаеце новы кантынгент выхаванцаў?
— Кожны новы набор — гэта як чарговая маладосць. Але трэба трымаць руку на пульсе жыцця, самаразвівацца, самаўдасканальвацца ў духу патрабаванняў часу.
— Вольга Сяргееўна, вы педагог-майстар. Чаго патрабуе ад вас гэта ганаровае званне?
— Па-першае, такое званне маюць у нашай дашкольнай установе яшчэ дзве выхавальніцы. Гэта Н. Я. Скок і В. М. Дзяшкевіч. А ўкараняюць яны новае, перадавое ў практыку выхавання. Але спачатку выпрабоўваюць новыя тэхналогіі, а потым дзеляцца вопытам з калегамі.
Зараз, напрыклад, у рабоце з дзецьмі шырока выкарыстоўваю праектны метад, які дапамагае дзецям самастойна авалодваць ведамі, выкарыстоўваць іх на практыцы, думаць, працаваць у калектыве.
Важнае месца займае вывучэнне беларускай мовы, культуры і гісторыі нашага народа.
— Вы захоўваеце сувязі са сваімі выпускнікамі ў школе?
— Так, мы бываем на ўроках у 1-2-х класах. Сочым за дасягненнямі і пралікамі сваіх былых выхаванцаў і робім з гэтага адпаведныя вывады для ўдасканалення вучэбна-выхаваўчага працэсу.
Мне шанцуе з дзецьмі. Я не чырванею за іх.
— Вашы адносіны да тэхнічных сродкаў навучання, самаадукацыі?
— Станоўчыя. Дружу з камп’ютарам, шырока выкарыстоўваю сайт па дашкольнаму выхаванню дзяцей у Інтэрнэце. На ім мы абменьваемся вопытам. Бяру разумныя парады, выкладваю свае прапановы наконт заняткаў, правядзення святаў. Калегі заходзяць на сайт, карыстаюцца ім. Люблю чытаць, і не толькі мастацкую літаратуру, а і энцыклапедычныя выданні, бо інакш як адкажаш на шматлікія пытанні дзяцей.
— Вы не толькі вучыце іншых у Беларусі, але і самі вучыцеся. Сёння, напрыклад, вы здавалі залік на прадмет ведання палажэнняў Кодэкса аб адукацыі. Які вынік?
— Здала. За 13 хвілін адказала на 161 пытанне. 99 працэнтаў адказаў правільныя. Пакуль першая ў садку сярод калег.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.