Адысея Алены Шымка

З гэтай маладой, энергічнай жанчынай мы сустрэліся ў райцэнтры, куды яна прыехала залатвіць неадкладныя асабістыя справы ў раённых установах.
У рэдакцыю Алена Аляксандраўна зайшла ўпэўненым крокам, з пачуццём уласнай годнасці. Аднак крыху разгубілася, калі пачула прычыну  цікавасці да сваёй асобы. А прычына была простая: рэдакцыя рыхтавала спецвыпуск газеты, прысвечаны Дню маці, і меркавала расказаць чытачам пра лепшых працаўніц, клапатлівых захавальніц сямейнага ачага і пяшчотных мамаў. З сялянак выбар спынілі на яе асобе.

Хаця Алена, па вялікаму рахунку, гараджанка. Нарадзілася ў Мінску. І толькі пазней акалічнасці паклікалі бацькоў у Загор’е, што за некалькі вёрст ад Карэліч. Мама, Вольга Вікенцьеўна, уладкавалася на працу поварам у мясцовую пачатковую школу, а бацька, Іван Кузьміч, электразваршчыкам у тагачасны калгас “Маяк”.
Але сталася так, што выхоўваў яе айчым, Андрэй Пятровіч Альшэўскі, у яго самога былі дзве дачкі. Вось і гадавалі Вольга з Андрэем Алену, Вераніку, Пятра і дваіх зводных іх сястрычак. З самага пачатку сумеснага жыцця вырашана было не дзяліць дзяцей у сям’і на маміных і татавых. І гэты прынцып захоўваецца да гэтых дзён. Адна сям’я, адны клопаты, адны радасці і смутак.
А тым часам наша гераіня закончыла Карэліцкую школу, Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча будаўнікоў. Са свабодным дыпломам вярнулася дамоў, але не знайшлося працы маладому маляру-тынкоўшчыку ў мясцовых будаўнічых арганізацыях. Крыўдна было, столькі надзей не спраўдзілася.
Але нядоўга сумавала Алена, бо любай стала яна Аляксею Шымка, за якога і пайшла замуж. Жылі ў Луках. Аляксей працаваў зваршчыкам, а Алена ўладкавалася на свінагадоўчы комплекс гаспадаркі. Там прайшла ўсе перыяды тэхналагічнага цыклу вытворчасці. Заваявала аўтарытэт і павагу калег па працы і кіраўніцтва гаспадаркі. Быццам усё ладзілася, але існавала праблема жылля. Не было яго і не прадбачылася. А тут на вочы аб’ява ў раённай газеце трапіла: “Калгасу імя Царука патрабуюцца работнікі”.
Скантактаваліся з праўленнем і перабраліся ў Ярэмічы.
— Вельмі ўдзячна я тагачаснаму старшыні гаспадаркі С. В. Барычэўскаму, — гаворыць Алена Аляксандраўна. — Ён дапамог нам падняцца, выдзеліў чатырохпакаёвую кватэру, даў работу.
Але праз сем гадоў сумеснага жыцця Аляксея не стала. Засталася Алена з дачушкай Кацяй адна. Працавала на свінагадоўчай ферме, дзе ўтрымлівалася тысяча галоў жывёлы. Яна і зараз там, з той толькі розніцай, што цяпер яна “ветэран вытворчасці”. Пачынала з дня адкрыцця фермы, а зараз працуе з надзейнымі жывёлаводамі Ірынай Самец і Міхаілам Ганчаром.
Без узаемавыручкі нельга. Работа цяжкая, ручная. Вось і засталіся самыя загартаваныя. Дзевяты год у адной запрэжцы.
А тут і сямейнае жыццё наладзілася. У Каці з’явіўся новы тата, а потым і сястрычка Оля. Сяргей Васільевіч Барычэўскі распарадзіўся выдзеліць сям’і дом сядзібнага тыпу.
— Мне вельмі пашанцавала, што мой муж Уладзімір непітушчы. Ад гарэлкі ўсе беды, я добра ведаю, — расказвае Алена Аляксандраўна. — А вось што па прафесіі ён электразваршчык, лічу нейкім знакам, хаця ў прымхі не веру. У нашай сям’і ўсе мужчыны зваршчыкі, і што тут скажаш.
У мяне падрасла добрая памочніца па хатняй гаспадарцы. Гэта Каця, якая вучыцца ў Карэліцкім прафесійна-тэхнічным будаўнічым ліцэі на прадаўца. Зараз праходзіць вытворчую практыку ў нашым магазіне “Ярэмічанка”. А пяцікласніца Вольга ў нас увогуле сур’ёзны чалавек. У дзвюх школах займаецца, агульнаадукацыйнай і музычнай. Баян асвойвае, значыць будзем мець сямейнага музыканта. А пакуль яе абавязак — трымаць у чысціні посуд.
Дзецьмі я задаволена і лічу, што чым больш іх, тым лепш. Мама мая пятая з васьмярых дзяцей у яе сям’і. Нарадзілася на Курылах у сям’і ваеннаслужачага. Гэта і абумовіла, што ў кожнага свая радзіма па ўсяму былому Савецкаму  Саюзу. Вось толькі як наведаць зараз сваю малую радзіму?
У мяне ёсць малодшая сястра Вераніка. Як і я, працуе ў сельскай гаспадарцы, даяркай на МТФ “Пагарэлка”. Праўленне выдзеліла ёй дом, у якім сястрычка гадуе трох дзяўчынак.
Самы малодшы ў нас брат Пеця. Жыве ў Стоўбцах, мае сваю сям’ю, гадуе маленькую дачушку. Але ўсё роўна ён для нас самы маленькі, самы любімы і патрабуе пяшчоты. Так лічым мы, старэйшыя. Дапамагаем, вядома, а ён і не адмаўляецца.
Бліжэй да сябе мы забралі і маму. Купілі ёй дом у Пагарэлцы. Наведваем і дапамагаем пастаянна.
Пастаянныя стасункі ўсталяваліся і падтрымліваюцца са зводнымі сёстрамі.
Што датычыць прадвызначэння мамы, то, на мой погляд, яна павінна быць мудрай, спакойнай, вытрыманай. Шчасце, што муж не п’е, дзеці дапамагаюць, ёсць жыллё і праца. Чаго яшчэ трэба?..
З нагоды Дня маці я жадаю ўсім жанчынам здароўя, добрабыту, ладу і спакою, удачы і быць каханымі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.