Да зямлі — па-гаспадарску

Згодна з распараджэннем старшыні райвыканкама “Аб добраўпарадкаванні і санітарнай ачыстцы тэрыторый населеных пунктаў” з 3 кастрычніка 2011 года ў раёне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванню.
Ход выканання распараджэння разглядаўся на нарадзе з удзелам кіраўнікоў гаспадарак, пасялковага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, раённых службаў землеўпарадкавання, аховы прыроды і іншых.
Гутарка на нарадзе, якую адкрыў і вёў старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак, праходзіла ў святле патрабаванняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, выказаных на нарадзе па пытаннях адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў з сельскагаспадарчых земляў.
— Навядзенне парадку на зямлі было і застаецца актуальнай задачай для ўсіх яе карыстальнікаў, — гаварыў Віктар Леанідавіч. — У нас няма прычын хвалявацца і саромецца за стан пасеваў азімых культур. А вось на кожнай ферме, на кожным машынным двары і прылягаючых да іх тэрыторыях трэба навесці належны парадак. Гэтыя аб’екты павінны быць агароджаны.
Патрабуюць навядзення парадку склады для сельгаспрадукцыі, мінеральных угнаенняў, іншых матэрыяльных каштоўнасцей.
У належны санітарны стан трэба прывесці ўсе населеныя пункты, абкасіць прыдарожныя палосы, убраць уздоўж дарог таполі і некаторыя іншыя зялёныя насаджэнні. Для гэтага задзейнічаць дарожную і камунальную службы.
На ўсё гэта адводзіцца мала часу. За гэты кароткі тэрмін неабходна завяршыць палявыя работы, актывізаваць ворыва глебы.
Кіраўнік раённай “вертыкалі” даў канкрэтныя даручэнні адказным асобам па кожнай гаспадарцы, па кожным населеным пункце, вызначыў даты выканання і арганізацыі, якія абавязаны дапамагчы кіраўнікам гаспадарак справіцца з пастаўленымі            задачамі.
Фронт работ вызначаны і для кіраўнікоў пасялковага і сельвыканкамаў, раённых службаў, насельніцтва.
Былі абмеркаваны таксама некаторыя пытанні сельскагаспадарчай вытворчасці.
Аб навядзенні парадку на зямлі гаварыў на нарадзе і старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.