Дом, дзе заўсёды чакаюць і вераць

Дзень маці, які  святкаваўся па ўсёй краіне, адзначылі і выхаванцы ДУА “Карэліцкі сацыяльна-педагагічны цэнтр”. 9 рабят  — трое дзяўчынак і шасцёра хлопчыкаў — падрыхтавалі цудоўную канцэртную праграму, дзе ўсе песні і вершы былі прысвечаны самаму дарагому і лепшаму чалавеку на свеце — маме. У гэты дзень на свяце прысутнічалі і тыя бацькі, якія знайшлі ў сваіх дамах і сэрцах месца для чужых дзяцей, стаўшых сіротамі пры жывых бацьках. І яны не дзеляць дзяцей на сваіх і прыёмных, таму што сэрца маці такое вялікае і любоў такая бязмежная, што яе хапае на ўсіх.
Са словамі ўдзячнасці да прыёмных бацькоў і віншаванняў да ўдзельнікаў свята ад імя раённага выканаўчага камітэта і ГА “Белая Русь” звярнуліся старшыня раённага савета жанчын І. А. Богуш і намеснік галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя газеты “Полымя” І. І. Лейка.
І хаця на свяце знайшлося месца і для падарункаў, і гульняў, і канцэртных нумароў, падрыхтаваных калектывам раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, але не прыйшлі тыя, каго тут чакалі з асаблівай нецярплівасцю. Маці выхаванцаў цэнтра. І хоць кожная з іх атрымала запрашальны білет, не з’явілася ні адна. Чаму? Сорамна было паглядзець у вочы сваім дзецям, пазбаўленым мацярынскай ласкі, тым людзям, якія клапоцяцца пра іх кожны дзень, прыкладаючы ўсе намаганні, каб рабяты не адчувалі сябе забытымі і пакінутымі, тым матулям, якія падарылі малым сіротам шчасце жыць у сям’і і вымаўляць такое пяшчотнае і трапяткое слова “мама”? Калі так, то значыць не ўсё яшчэ страчана ў душах гэтых жанчын, што ў народзе клічуць зязюлямі, і ёсць надзея, што адумаюцца і зробяць правільны выбар у жыцці, вярнуўшы  самае дарагое, што ёсць у жанчыны — яе дзіця.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.