Дорым людзям радасць і добры настрой

Сфера культуры і звязаная з ёй дзейнасць знаходзяцца ў цэнтры ўвагі дзяржавы і грамадства. Усё больш людзей у нашай краіне далучаецца да свету мастацтва, імкнецца да творчага самавыяўлення, у тым ліку ў сферы традыцыйнай культуры. Гэтаму садзейнічае паспяховая  рэалізацыя дзяржаўнай  палітыкі, накіраванай на новы якасны ўзровень развіцця культуры і мастацтва, падтрымку талентаў, лепшых прыкладаў прафесійнай і аматарскай творчасці, захаванне і адраджэнне багатай гісторыка-культурнай спадчыны, уключэнне здабыткаў беларускай культуры і мастацтва ў сусветную культурную прастору.

Сёння культура раёна аб’ядноўвае розныя накірункі дзейнасці – школы мастацтваў, Дамы культуры і эстэтычна-адукацыйныя цэнтры, Дамы народнай творчасці, дзе можна не толькі паглядзець добры канцэрт, але і самому пабыць у якасці артыста, спевака, танцора.
У сучасных бібліятэках   ёсць магчымасць не толькі пачытаць цікавую кнігу ці перыёдыку, але і карыстацца публічным цэнтрам прававой інфармацыі, мультымедыйнымі і інфармацыйна-адукацыйнымі цэнтрамі.  Найбольш зацікаўленыя наведвальнікі ўдзельнічаюць у рабоце аматарскіх аб’яднанняў.
Асаблівае месца ў працэсе захавання і зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны і народных традыцый належыць раённаму краязнаўчаму музею і Дамам рамёстваў, якія здольны зацікавіць як дзяцей, так і дарослых.
Але ўсё вышэйназванае немагчыма без таленавітых, самаадданых, творчых і сумленных людзей, якія натхнёна аддаюць усе свае сілы і намаганні, каб дарыць людзям радасць і добры настрой, прывіваць любоў да прыгажосці і духоўнай чысціні, даць магчымасць выявіць і развіць свае творчыя здольнасці. Менавіта работнікі сферы культуры забяспечваюць пераемнасць культурных традыцый, духоўнае і маральнае станаўленне асобы.
Самабытная і адметная культура раёна заўсёды была і застаецца неад’емнай часткай культурнага асяроддзя рэспублікі.
Нельга не сказаць слоў падзякі ў адрас творчых калектываў, якія даволі стабільна ўтрымліваюць і развіваюць свой выканальніцкі ўзровень, адстойваюць добрае імя нашага  раёна. Гэта дзіцячы духавы аркестр Цырынскай ДШМ,  добра вядомы харэаграфічны калектыў мажарэтак, народная вакальная група “Віланэла” і аркестр народных інструментаў “Жытніца”  Карэліцкай ДШМ, народны ансамбль народнай песні “Вечарынка”  Жухавіцкага ЦСДК, народны ансамбль народнай песні “Забава” Красненскага ЦСДК, народны ансамбль народнай музыкі і песні “Цырынскія музыкі” Цырынскага СДК-эстэтычна-адукацыйнага цэнтра, ансамбль “Гасцінец” Турэцкага ЦСДК і аматарскае аб’яднанне “Закрытыя твары” Ярэміцкага ЦСДК.
Паважаныя калегі! У сувязі з надыходзячым прафесійным святам  – Днём работнікаў культуры —  дазвольце ад усяго сэрца пажадаць вам здароўя, шчасця, дабра, натхнення і поспехаў у працы! Няхай вас не пакідае падтрымка калег, сяброў і родных, у сем’ях пануюць лад і дабрабыт!

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.