“Гэта не “паказуха”, а паўсядзённая праца”

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Расійскай Федэрацыі правялі ў Гродзенскай вобласці сумесны семінар на тэму “Вопыт рэгіёнаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і аказання сацыяльнай падтрымкі ветэранам, інвалідам, пажылым грамадзянам”.
У рабоце семінара прымалі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты Міністэрства працы і сацабароны Беларусі, камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, а таксама расійская дэлегацыя.
На мяжы Гродзенскай і Мінскай абласцей гасцей сустракалі хлебам-соллю намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык, спецыялісты камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, народны гурт народнай песні “Забава”.
Першым аб’ектам семінара на Гродзеншчыне быў Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, дзе тлумачэнні давала дырэктар гэтай сацыяльнай установы               Дзіяна Саўчук.

Госці з цікавасцю слухалі аповед кіраўніка дома-інтэрната аб гісторыі заснавання і развіцця яго, аб побыце забяспечваемых, аказанні ім паслуг, накіраваных на медыка-сацыяльную і працоўную рэабілітацыю.
Госці наведалі жылыя пакоі насельнікаў інтэрната, пакоі для прыняцця ежы, працэдурныя кабінеты,трэнажорную залу, азнаёміліся з добраўпарадкаваннем тэрыторыі і  экспазіцыяй выставы вырабаў аматараў народнай творчасці, пагутарылі з састарэлымі.
Пакідаючы Жухавіцкі дом-інтэрнат, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Вікенцьеўна Каралёва расказала журналістам аб мэтах мерапрыемства і падзялілася ўражаннямі ад убачанага.
— Падобнае мерапрыемства, — гаварыла яна, — па-традыцыі мы праводзім адзін раз у год. Сёлета нас ласкава згадзілася прыняць Гродзенская вобласць. У семінары ўдзельнічаюць таксама прадстаўнікі Смаленскай вобласці, і гэта павышае значнасць нашага мерапрыемства. Нашы калегі пацікавяцца, як жывецца людзям у такіх установах Навагрудскага, Іўеўскага і Лідскага раёнаў.
Вельмі важна, што ў нашай краіне надаецца такая вялікая ўвага рабоце з ветэранамі. Гэта галоўны паказчык клопату дзяржавы пра састарэлых, адзінокіх і інвалідаў. І думаецца мне, што калегам з усіх абласцей краіны, г. Мінска і замежным гасцям цікава, як пастаўлена гэта работа ў Гродзенскай              вобласці.
На пленарным пасяджэнні мы абмяняемся вопытам работы, у тым ліку і горада Мінска, дзе бюджэтныя магчымасці большыя. Думаю, гэты абмен будзе карысны, а ўсё лепшае стане здабыткам усіх рэгіёнаў.
Нашы калегі заўсёды шчырыя, і калі нешта не спадабаецца, то і пра гэта скажуць, а гродзенцам будзе цікава паслухаць аб сваёй дзейнасці.
Гэта важнае мерапрыемства. І мне хочацца пажадаць пажылым людзям бадзёрасці духу, здароўя і клопату блізкіх, таму што якім бы ні быў высокі ўзровень, клопату дзяржавы, для пажылога чалавека самая важная — увага сям’і, дзяцей, унукаў. Гэта традыцыйна. І ніякімі грашовымі сумамі не змерыш тую душэўную цеплыню і ласку, якія ідуць ад сям’і.
У Жухавіцкім доме-інтэрнаце я ўпершыню, і хачу сказаць, што ў цэлым вельмі спадабалася. Утульнасць, парадак, а пагутарыўшы з пражываючымі, я зразумела, што гэта не паказуха, а паўсядзённая праца. Так і павінна быць. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на гэта і нацэльвае. Нам не трэба прыхарошвання, а каб прыехаў у любы дзень і ўбачыў тое, што ёсць на самой справе. Тут работа вядзецца менавіта так.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.