КАРЭЛІЦКІ КАЛЕЙДАСКОП

Вялікая Слабада
Для творчай дзейнасці мастака перашкод не існуе. Гэта яскрава бачна на прыкладзе самадзейнага мастака з Вялікай Слабады Міхаіла Сцяпанавіча Чачоткі.
Нядаўна ён занядужаў і лячыўся ў рэспубліканскім клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава. Там, у перапынках паміж працэдурамі, мастак браў пэндзаль, фарбы і ствараў новыя палотны.
За дваццаць адзін дзень знаходжання ў шпіталі  ён намаляваў сем карцін, на якіх адлюстраваны краявіды роднай Беларусі.
Шмат добрых слоў выказалі мастаку пацыенты і медперсанал шпіталя на прэзентацыі яго твораў. У прывітальным адрасе яму гаворыцца: “Паважаны Міхаіл Сцяпанавіч! Адміністрацыя дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі клінічны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава” ў знак удзячнасці за цудоўныя карціны дорыць Вам на памяць “Энцыклапедыю Перамогі”.
Жадаем, каб Ваш талент, Ваша творчасць радавалі людзей, дарылі ім добры настрой. Здароўя Вам, Вашай сям’і і новых поспехаў у стварэнні мастацкіх твораў”.
Свае карціны М. С. Чачотка падарыў музею шпіталя.
ЦЫРЫН
У ВПК “Цырынскі дзіцячы сад — сярэдняя школа” з 7 па 14 кастрычніка, як і ва ўсёй краіне, праходзіў Тыдзень маці.
У яго рамках адбыліся класныя выхаваўчыя гадзіны “Усё пачынаецца з сям’і”, конкурсы малюнкаў “Побач з мамай цёпла і ўтульна”, конкурс чытальнікаў вершаў “Пра добрую, мілую, любімую” і творчых работ “Мая песня аб маці”.
Завяршыўся Тыдзень агульнашкольным святам “З паклонам да маці”, дзе ўшаноўваліся мнагадзетныя сем’і. На свяце прысутнічалі старшыня Цырынскага сельскага выканаўчага камітэта Л. Ф. Атрашкевіч, намеснік старшыні “СВК “Цырын-Агра” па ідэалагічнай рабоце І. І. Стрэчань і настаяцель храма Святога архістраціга Міхаіла ў в. Цырын іерэй Алег Сушко.
ЯРЭМІЧЫ
МТФ “Вялікая Вобрына” СВК імя У. З. Царука атрымала за                        9 месяцаў бягучага года надой на карову 4 593 кг малака (да ўзроўню мінулага года +468 кг).
Самыя высокія надоі ў аператара машыннага даення Галіны Анатольеўны Гарон — 4817 кг (+297 кг да ўзроўню мінулага года).
Карэлічы
На рынку райспажыўтаварыства ў Карэлічах праходзяць традыцыйныя восеньскія кірмашы па продажу сельскагаспадарчай прадукцыі.
Свой тавар на іх прадставілі сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003”, імя Чарняхоўскага, імя Царука, “Малюшычы”, “Цырын-Агра”, “Лукі-Агра”, “Жухавічы”, ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” і райспажыўтаварыства.
Пакупнікам прапанавалі пшаніцу, трыцікале, ячмень, кукурузу, моркву, буракі, бульбу, капусту, цыбулю, мяса, яйкі, яблыкі і грушы.
Найбольшым попытам карыстаўся ячмень, прывезены з СВК імя Царука, свініна з СВК “Маяк-Заполле” і “Лукі-Агра”, жухавіцкія яблыкі, у меншай меры — мірскія яйкі, бульба, буракі.
Аб памеры выручкі можна меркаваць на прыкладзе райспажыўтаварыства, якое прадало садавіны і гародніны на 6 мільёнаў 200 тысяч рублёў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.