Каб было цёпла, утульна, камфортна

Не за гарамі зіма,  таму  кожны гаспадар імкнецца забяспечыць сваё жытло палівам, каб не баяцца марозу і сцюжы, каб жылося ў доме ўтульна і камфортна. У гэтым дапамагае жыхарам раёна Карэліцкі філіял КУП па забеспячэнню палівам “Гроднааблпаліва”.
— На сённяшні дзень, — расказвае дырэктар філіяла   А. М. Смаль, — згодна са спісамі, якія прадастаўлены сельскімі і пасялковым Саветамі дэпутатаў, а таксама г. п. Карэлічы, наша арганізацыя абавязана забяспечыць палівам 5 756 домаўладальнікаў, з якіх 1100 інвалідаў, у тым ліку 103 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.
Па стану на 1 кастрычніка 2011 года спажыўцам адгружана 2655 тон торфабрыкету і 1930 складаметраў дроў.
Каб набыць паліва, людзям няма патрэбы асабіста наведваць гарпалівазбыт. Адгрузку брыкету і дроў філіял ажыццяўляе згодна з графікам у вызначаныя дні. Наш прадавец выязджае на месца і прымае аплату за гэту паслугу.

Свабодная цана адной тоны торфабрыкету складае зараз 340 тысяч рублёў.  Фіксаваны кошт складае 105 тысяч рублёў за тону. Розніца кампенсуецца датацыяй з раённага бюджэту.
Трэба адзначыць, што пры планаванні раённага бюджэту ў пачатку года фіксаваная цана адной тоны брыкету як была 105 тысяч рублёў, такой жа і засталася. Пад яе была закладзена і датацыя ў суме 739,3 мільёна рублёў.
Зыходзячы з аб’ёму спажывання брыкету 4900 тон, на працягу года адпускныя цэны заводы-вытворцы павялічылі на 35 працэнтаў. Такім чынам, сума датацыі, закладзеная ў бюджэт, выкарыстана поўнасцю.
Аднак гэта не азначае, што льготная катэгорыя грамадзян без дапамогі не застанецца. Гэта датычыць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў, адзінокіх састарэлых грамадзян.
Больш заможным і маючым дзяцей трэба разлічваць на ўласныя сродкі і на свабодную цану.
Норма водпуску паліва па фіксаванай цане: торфабрыкету — 2,5 тоны; сечаных дроў, а яны адпускаюцца толькі раздзеланымі, — 4 складаметры коштам 44210 рублёў за складаметр.
Кошт дастаўкі паліва ад філіяла да спажыўца па раёне складае 2900 рублёў за кожны кіламетр прабегу аўтатранспарту.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.