Канструктыўная гутарка

Інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе першага намесніка начальніка дзяржаўнай установы па бытавому абслугоўванню насельніцтва “Гроднааблбыт” І. В. Пархамовіча, намесніка старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчыка, начальніка аддзела ідэалагічнай работы В. В. Куляка, начальніка цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Л. П. Трафімчык, інспектара па справах непаўналетніх РАУС Ю. І. Раудкатс сустрэлася з калектывам Карэліцкага філіяла ААТ “Навагрудскі масларобчы камбінат”.

Адкрыў сустрэчу Р. Ю. Абрамчык, распачаўшы размову пра правапарушэнні ў асяроддзі непаўналетніх. Сапраўды, тэма хвалюючая. Тым больш, што за прайшоўшы перыяд бягучага года 11 злачынстваў учынена менавіта падлеткамі. У асноўным яны носяць карыслівы характар (крадзяжы маёмасці), але зафіксаваны таксама і бойкі. Як адзначыў намеснік старшыні раённай “вертыкалі”, усе злачынствы адбыліся ў вячэрні або начны час, калі падлеткі павінны былі быць пад наглядам бацькоў. Да таго ж бацькі зусім не цікавіліся тым, адкуль у іх дзяцей раптам з’явіліся пэўныя каштоўныя рэчы. Так званае маўклівае саўдзельніцтва.  Яшчэ адна праблема, па словах  Р. Ю. Абрамчыка, гэта ўжыванне непаўналетнімі алкаголю. На дадзены момант у нарколага на прафілактычным уліку знаходзяцца 30 падлеткаў (гэта не хранічна залежныя, а тыя, хто хоць раз трапіўся праваахоўным органам у нецвярозым стане). Але тым не менш праблема застаецца хвалюючай, бо ўзрост тых, хто ўжывае алкаголь, пастаянна зніжаецца, і большасць правапарушэнняў здзяйсняецца менавіта ў стане алкагольнага ап’янення.
Яшчэ адна балючая праблема — парушэнне дзецьмі і падлеткамі правіл дарожнага руху. На жаль, элементарнае няведанне паводзін на дарозе часта прыводзіць да трагедыі. Таксама Руслан Юр’евіч закрануў тэму неблаганадзейных сем’яў. На сённяшні дзень у раёне 103 дзіцяці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным стане, прычынай чаму з’яўляецца алкагалізм бацькоў і антысанітарыя ў дамах. На жаль, Палужскі сацыяльны прытулак разлічаны на тое, каб прыняць 15 дзяцей, ніколі не пустуе.
Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася яшчэ адно не менш важнае і актуальнае пытанне — сацыяльная абарона насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. Наш раён, па словах Р. Ю. Абрамчыка, самы “стары” ў вобласці па свайму ўзроставаму складу. На вёсцы пражывае 40 % насельніцтва старэй працаздольнага ўзросту, у раёне — больш 34%. Гэта людзі, якім па іх статусе неабходна сацыяльная дапамога.  У раёне —  518 адзінокіх грамадзян, 5095 адзінока пражываючых (гэта каля 30 % насельніцтва). Таму работа па аказанню сацыяльнай дапамогі гэтай катэгорыі грамадзян вельмі сур’ёзная, маштабная.
Таксама слова трымала    Л. П. Трафімчык, якая расказвала аб падтрымцы сем’яў, маючых дзяцей. З 1 кастрычніка дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складае 4 423 600 руб., другога і наступных — 6193040 руб., а дапамога па догляду за дзецьмі да трох гадоў — 442 360 руб. Пры гэтым з лістапада чакаецца павышэнне гэтага віду дапамогі. Таксама Ларыса Паўлаўна гаварыла аб той катэгорыі грамадзян, якія  маюць права на атрыманне сацыяльнай адраснай дапамогі, а таксама падрабязна спынілася на механізме атрымання надомнага абслугоўвання для пажылых людзей. Хочацца адзначыць, што паслугі сацыяльнага работніка, які прынясе з крамы прадукты, вады з калодзежа, заплаціць за паслугі ЖКГ  і г. д., каштуюць усяго 20 000 руб. у месяц (ільготныя — 10 000). Па словах Ларысы Паўлаўны, гэтыя паслугі вельмі запатрабаваны ў нас: толькі за апошні месяц на надомнае абслугоўванне прынята 22 чалавекі.
Ігар Віктаравіч Пархамовіч спыніўся на рабоце ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва. Сярэднямесячная выручка на камбінаце трымае другое месца ў вобласці, і гэта вельмі добры паказчык. Дастойная заработная плата, высокая рэнтабельнасць продажу і рост чыстага прыбытку — так станоўча ахарактарызаваў работу УКП БАН І. В. Пархамовіч.
Р. Ю. Абрамчык пацікавіўся ў дырэктара УКП БАН   В. П. Сідо, наколькі запатрабавана сёння ў насельніцтва такая паслуга, як пракат бытавой тэхнікі. На што дырэктар прадпрыемства адказала, што асаблівай папулярнасцю карыстаюцца халадзільнікі, і, напэўна, хутка з’явіцца попыт і на тэлевізары. Таксама В. П. Сідо прапанавала паслугі цырульніка з выездам на месца работы, падзялілася планамі па далейшаму паляпшэнню работы ўзначальваемага ёю прадпрыемства.
Напрыканцы сустрэчы Р. Ю. Абрамчык засяродзіў увагу прысутных на якасці радыёвяшчання ў раёне. Цяпер паўсюдна адбываецца пераход з праваднога вяшчання на хвалевае. Час не стаіць на месцы, ідзе наперад, таму сучасныя тэхналогіі скіраваны на тое, каб зрабіць жыццё людзей больш зручным і камфортным.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.