Навука мацярынскага шчасця

Сустрэчы з такімі людзьмі, як Ала Адамаўна Цеслік, якая працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Варанчанскай СШ, не забываюцца. Прычынай гэтаму з’яўляецца дадзенае Богам рэдкае спалучэнне вытанчанай знешняй і ўнутранай прыгажосці, шчодра аздобленай душэўнай шчырасцю, далікатнасцю, інтэлігентнасцю. Іменна такая яна, Ала Адамаўна. “Чалавек залатога сэрца”, — так характарызуюць сваю калегу дырэктар школы Т. Д. Грыбок, настаўнікі, поплеч з якімі амаль 16 гадоў працуе А. А. Цеслік. А ў якасці пацвярджэння праўдзівасці сваіх слоў зазначаюць, што яна — таленавіты педагог. Служыць для ўсіх прыкладам неверагоднай любові да дзяцей, да людзей, імкнецца жыць у суладдзі з сумленнем, чысцінёю думак і ўчынкаў, сумяшчаючы пры гэтым найвышэйшыя якасці сапраўднай маці для сваіх дзяцей, ідэальнай жонкі, берагіні сямейнага ачага.
Ала Адамаўна не любіць публічнасці, лічыць, што яе біяграфія можа змясціцца ў некалькіх радках. Толькі ў гэтых радках ёсць тое, што можа стаць для кожнага з нас выратавальным жыццёвым дапаможнікам, калі ўзнікае пытанне: як, аднойчы сутыкнуўшыся з выпрабаваннямі, не паддацца адчаю, захаваць сілу і мяккасць характару, вытрымку, аптымізм, радаснае бачанне заўтрашняга дня. Калісьці такім вось дапаможнікам у пераадольванні праблем лёсу стала для яе самаахвярнасць бабулі, Рэгіны Казіміраўны Шастак, якую 41 год называе мамай. Дзве матулі розных узростаў вышывалі і вышываюць узор Шчасця для сваіх дзяцей, дзеля нас, каб мы спасцігалі навуку, як правільна жыць, навуку мацярынскага шчасця.

Рэгіна Казіміраўна забрала двухмесячную ўнучку з Пінску да сябе ў Варончу, каб дапамагчы дачцы і зяцю, бо раней жа не было такіх ільгот для маладых бацькоў, як цяпер. Вырашылі з мужам, Леанідам Міхайлавічам, што хопіць сіл і на сваіх дзяцей, і на Алечку. Гадавалі і радаваліся.
Бяда абрынулася нечакана. Калі дзяўчынцы споўніўся адзін год, трагічна загінула яе маці. Суд прыняў рашэнне аддаць немаўлятка на выхаванне дзядулі і бабулі, стаўшых для дзяўчынкі мамай і татам. Яна расла, успешчаная іх вялікай ласкай і пяшчотай, чуласцю, спагадай, не ведаючы адказу ні ў чым. Скончыла Варанчанскую сярэднюю школу, не паступіўшы ў медвучылішча (чаго не вельмі жадала, бо марыла стаць настаўніцай), вярнулася дамоў, уладкавалася на працу ў мясцовы дзіцячы садок; паступіўшы завочна на філалагічны  факультэт Мінскага педінстытута імя М. Танка, перайшла працаваць у родную школу настаўніцай рускай мовы і літаратуры. У 20 гадоў шчасліва выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачушак.
Вось тут і напаткала яе чарговае паспытанне: нямаведама па якой прычыне яны нарадзіліся  з парушэннем слыху. Адзін Бог ведае, колькі бяссонных начэй праведзена, колькі слёз выплакана ад адной думкі, што аднойчы прыйдзецца адарваць ад сэрца родных крывіначак, адправіць у спецшколу ў чужыя людзі! Але розум пераключаўся своечасова на навуку мацярынскага шчасця: “Дзяўчынкі растуць здаровенькія, змыслыя, хіба ж гэта не шчасце?”.  Пераадолець адчай дапамаглі любімы муж Валодзя, тата і мама, калегі па працы, аднавяскоўцы. Потым ужо, калі дзяўчынкі вучыліся ў Ждановічах, у школе для дзяцей з парушэннем слыху, супакоілася, бо ўбачыла, што для іх створаны ўсе ўмовы для пражывання, што педкалектыў стараецца, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі. І жыла сустрэчамі-развітаннямі, радуючыся поспехам дачушак.
Зараз Алёне ўжо 19, Валерыі — 18, у наступным годзе яны заканчваюць сярэднюю школу, захапляюцца маляваннем. Работы Алёны былі адзначаны  шматлікімі падарункамі, калі яна ўдзельнічала ў Санкт-Пецярбургу ў міжнародным конкурсе “Крок насустрач”. Магчыма, гэтае захапленне і вызначыць будучае самавызначэнне дзяўчат, якія выраслі прыгажунямі-працаўніцамі, добрымі, спагадлівымі, клапатлівымі. Дома яны — сапраўдныя гаспадыні, і прыбяруць, і згатуюць. Бачаць, як стараецца тата, каб у хаце быў дастатак, як ён разам з бабуляй аберагае маму, як падтрымлівае яе. Колькі радасці і шчасця жыве ў доме Цеслікаў, калі ўсе збіраюцца разам!
Ала Адамаўна ў час сустрэчы прызналася: “Каб не Валодзя, мама, любімыя мае настаўнікі, хіба ж справілася б я з жыццёвымі праблемамі? Я ў многім абавязана ім, не ведаю, як аддзячыць за ўсё. А мама… Хіба ёсць цана яе мацярынскаму подзвігу? Я не маю права падводзіць сваіх родных людзей…”.
Доўга потым перадумоўвала моманты нашай размовы. Хацелася аднаго: расказваючы пра Алу Адамаўну і яе сям’ю, дакрычацца да сэрцаў тых зязюль-маці, якія ганьбуюць мацярынствам, аддаючы перавагу сумніцельным кампаніям, п’янству, гульбішчам. Вось чаму напярэдадні Дня маці нізка схіляю галаву перад Вамі, Рэгіна Казіміраўна і Ала Адамаўна, перад вялікасцю Вашых сэрцаў, а віншаванні свае са святам дасылаю словамі А. А. Цеслік: “Будзьце сапраўднымі матулямі, пяшчотнымі, клапатлівымі, цярплівымі, жывіце ў згодзе, цаніце цеплыню сямейнага ачага, беражыце каханне, аддавайце святло сэрцаў дзецям, таму што яны — ваша сапраўднае шчасце”.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.