Нішто ў жыцці не даецца без працы

Гэтую аксіёму ведае, бадай, кожны, асабліва ж вясковыя працаўнікі.  Праца прыносіць асалоду, сямейны дабрабыт, дае адпачынак душы. І цяпер нікога не здзіўляе, што ўсё часцей гарадскія жыхары пераязджаюць у вёску, далей ад шуму мегаполісаў, авалодваюць новымі прафесіямі, заводзяць падсобную гаспадарку.
Так здарылася і з сям’ёй Галіны Яўгеньеўны Вайніла, якая вось ужо 16 гадоў жыве і працуе ў вёсцы Паланая. Так атрымалася, што і нарадзілася яна на Карэліччыне (у в. Бушкі), і ў рэшце рэшт вярнулася сюды. Дзяцінства Галіны прайшло ў Лідзе, дзе тата быў ваеннаслужачым. Пасля вучобы ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы, атрымаўшы спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага швейнай вытворчасці, працавала ў сталіцы ў прафтэхвучылішчы майстрам вытворчага навучання, пасля швачкай на Лідскай абутковай фабрыцы. Работы Галіна ніколі не баялася, хоць у горадзе жыла, але ела хлеб з працы ўласных рук. І калі муж прапанаваў пераехаць на бацькаўшчыну, не адмовілася: сям’я была вялікая, дапамогі ні ад каго не чакалі ды і з трыма дзецьмі цеснавата было ў гарадской кватэры.
У “Маяку” выдзелілі дом, прапанавалі работу. Муж Васілій шчыраваў у гаспадарцы на трактары больш 10 гадоў, цяпер на малочнатаварнай ферме “Паланая” — механікам, а Галіна Яўгеньеўна 16 гадоў на гэтай жа ферме — аператар машыннага даення. Работа няпростая, амаль увесь час на нагах, але жанчына разумее, што без працы нічога не даецца, гэтаму яны з мужам і дзяцей вучылі з маленства.
—    Раней мне на работу прыходзілася вельмі рана ўставаць, — успамінае Галіна Яўгеньеўна, — і дзяцей на золку будзіла. Яны і карову даілі, на пашу гналі, і дапамагалі бацьку карміць гаспадарку. Дочкі і сын былі побач і на кухні, і ў агародзе. Калі прывучыш дзяцей да працы з самага маленства, то яны не будуць цурацца яе ўсё жыццё, а потым яшчэ і бацькам дапамогуць, дагледзяць, “дзякуй” за навуку скажуць.
Дзеці і сёння памятаюць, з якога боку да агарода або да хлява падысці — яны частыя госці ў бацькоўскім доме, хоць і гарадскія жыхары. Шумна і весела становіцца тады ў хаце: унучкі-гарэзы не даюць сумаваць дзядулі і бабулі. А ўвогуле Галіне Яўгеньеўне і Васілію Мікалаевічу сумаваць няма калі: днём — на рабоце, вечарам — па гаспадарцы, нават часу бракуе па ягады ці грыбы з’ездзіць. Але выкройваюць час і на гэта, ведаюць, чым парадаваць сваіх гараджан.
—    Выгадаваць дзяцей няпроста, — гаворыць Галіна, — але яшчэ складаней вырасціць іх любячымі і клапатлівымі. І галоўнае тут, я лічу, прыклад саміх бацькоў, бо менавіта нашы ўзаемаадносіны, стаўленне да жыцця, працы і закладваюць аснову  будучага жыцця і лёсу нашых дзяцей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.