ПАШТАЛЬЁН

Дзень выдаўся ясны. Сонца пасылала свае промні на зямлю, і ўсё навокал ажывала. Варанчанскія краявіды краналі Марыю Іосіфаўну да глыбіні душы, і ў дарозе яна магла паразважаць аб жыцці-быцці, успомніць мінулае, памарыць аб будучым.
Дваццаць першы год адмервае знаёмы шлях, а кожны раз ідзе як упершыню на сустрэчу з вяскоўцамі. Ведае, што чакаюць паштальёна як дарагога госця, і будуць адкрываць свае сакрэты. Яна не стане трымацца за клямку дзвярэй, а ўважліва выслухае і нікому не перадасць пачутага, а калі трэба — дапаможа. Людзі давяраюць ёй самае патаемнае са свайго жыцця.
Марыя Іосіфаўна Баранава абслугоўвае жыхароў вёсак Варонча, Горбатавічы і Куневічы. Носіць не толькі газеты і часопісы, але і неабходныя тавары, не адмаўляе і ў іншых просьбах.
— Паштальён — чалавек уважлівы да людзей, нераўнадушны да іх запытаў, — заўважае жанчына. — Прывыкаеш да людзей і, здаецца, што ў цябе самыя найлепшыя падпісчыкі.
Яна перабірала ў памяці перыядычныя выданні, якім вяскоўцы аддаюць перавагу: “Советская Белоруссия”, “Белорусская нива”, “Звязда”. У апошні час сталі ахвотна выпісваць “Женскую газету” і “Друга пенсионера”. Але з усяго гэтага спісу выдзеліла раённую газету “Полымя”, якая прыходзіць амаль у кожны дом. Раёнка — свая газета пра сваіх людзей. Акрамя навін, у ёй прачытаеш неабходную інфармацыю ў рэкламных звестках і самому можна даць аб’яву, а таксама павіншаваць родных ці сяброў з нагоды знамянальнай падзеі. І сельскія жыхары ахвотна яе выпісваюць.
Марыя Іосіфаўна палюбіла Карэліччыну. Сама з вёскі Суцін, што ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Закончыла Мінскае ПТВ № 93 і восем гадоў працавала ў сталіцы на фабрыцы імя                Н. К. Крупскай (цяпер вядомая “Элема”). Выйшла замуж і прыехала разам з мужам Сяргеем Платонавічам у Варончу, куды яго накіравалі на працу.
У мясцовых дзіцячым садзе і школе, дзе жанчыне пашчасціла працаваць, затрымалася нядоўга, а вось Варанчанскае аддзяленне паштовай сувязі аказалася месцам пастаяннай работы.
— Прыжылася я тут, — лічыць М. І. Баранава. — Як ні кажыце, усё ж такі 29 гадоў! А дома толькі 17, у Мінску — 9. Ёсць за што любіць Варончу: людзі шчырыя, мясціны прыгожыя і прафесія патрэбная. Чаго большага жадаць?
І жаночае шчасце не мінула: мае дзвюх цудоўных дачок Ірыну і Вольгу, якія атрымалі вышэйшую адукацыю, уладкаваліся ў жыцці і стварылі свае сем’і.
— У людзях цаню сумленнасць, — прызнаецца субяседніца. — Сама ніколі не хлусіла, гэтаму вучыла і дзяцей. Імкнулася, каб выраслі добрымі і спагадлівымі людзьмі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.