Пад ляжачы камень вада не цячэ

Жыццё не раз пацвярджала гэту народную мудрасць. Неаспрэчнасць яе відавочная. Іншая справа, як кожны з нас прытрымліваецца гэтай аксіёмы, ажыццяўляе яе змест. Дабіцца матэрыяльнага дабрабыту можна праз сквапнасць, прагу да назапашвання багацця, але рэчавы фетыш глушыць у свядомасці духоўную складаючую і, нягледзячы на багацце, чалавек, па-сутнасці, застаецца духоўным бедняком, без маральных каштоўнасцяў і пачуцця міласэрнасці да бліжняга, а часта і членаў уласнай сям’і.
А можна, не маючы харомаў і ўсяго, што да іх дадаецца, быць чалавекам запатрабаваным у грамадстве, надзейным гаспадаром у сям’і, які сваімі рукамі забяспечвае дастойнае жыццё сабе і сваім дзецям.
Хцівыя людзі зайздросцяць апошнім, і як могуць, імкнуцца азмрочыць ім жыццё і мары на будучае.
Можа па гэтай прычыне Антаніна і Васілій Гуйван з Далматаўшчыны вымушаны былі пакінуць абжытую сядзібу і будавацца ў іншым месцы, далей ад “добразычліўцаў”.
Сёння іх камяніца знаходзіцца ў ціхім завулачку, да ганка якой вядзе прыгожая сцяжынка ў засені пладовых насаджэнняў. Прыгожа тут.
Можа, не так, як на радзіме Васіля Гуйвана, у яго родным Закарпацці. Але і Беларусь прыняла яго ў сваё маляўнічае ўлонне як свайго. Астатняе створана працавітымі рукамі гэтай сям’і.
Антаніна дваццаць гадоў працавала даяркай, потым шэсць гадоў на свінагадоўчым комплексе. Васілій — у цэху механізацыі. Быў спецыялістам шырокага профілю. Аднолькава ўмела працаваў на трактары, зернеўборачным камбайне, не цураўся ніякай работы.
Антаніна падарыла мужу трох сыноў і дачку. Бацькам вельмі хацелася падняць дзяцей, вывесці іх у людзі, а таму працавалі і дома не пакладаючы рук. Гаспадарка асабістая была немалая: дзве каровы, чатыры бычкі, восем свіней, не лічачы птушкі і іншага. Усё гэта прыносіла важкую прыбаўку ў сямейны бюджэт. А што працы ўкладзена неймаверна, то хто з гэтым лічыцца…
Не мінула гэту сям’ю і няшчасце. Загінуў сын. А пяць гадоў назад пайшоў з жыцця і гаспадар. Але час лечыць боль страт. Не дае замкнуцца ў роспачы. А галоўныя лекі — працоўныя будні.
— Не магу я сядзець склаўшы рукі, — гаворыць Антаніна Аляксандраўна. — Хоць і адна жыву, а гаспадарку трымаю. Балазе, праўленне СВК “Лукі-Агра” ідзе насустрач вяскоўцам. Дапамагае набыць маладняк буйной рагатай жывёлы, парасят. Былі б толькі жадаючыя. Сена гатовае на падворак прывозяць. Вось толькі ахвотнікаў гэтых усё менш. На ўсю вёску ўсяго чатыры каровы засталіся, у тым ліку і  мая Малышка, якую набыла ў гаспадарцы. Добрая кароўка, па 30 літраў малака ў дзень дае. А навошта мне столькі? Вось і здаю штодзённа дзяржаве па 20 літраў. За мінулы год прадала 6406 кілаграмаў. Добрая капейчына ў хату. А яна не лішняя, бо я багатая бабуля на ўнукаў. Восем іх у мяне. І кожнаму нейкі падарунак зрабіць хочацца.  Дасць Бог і праўнукаў дачакаюся. Для гэтага і жывём.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.