Падпольшчык, камісар, змагар за незалежнасць і лепшую долю

У беларускіх энцыклапедыях і даведніках пра Паўла Арсенцьевіча Жалезняковіча напісана няшмат. Але ў гэтыя скупыя афіцыйныя радкі ўціснута багатае і шматграннае жыццё чалавека.
П. А. Жалезняковіч нарадзіўся 10 кастрычніка 1906 года ў в. Лешня Копыльскага раёна. Але здарылася так, што з дзяцінства яму давялося жыць у Ярэмічах пры братавай сям’і. Каб дапамагчы брату, даводзілася шмат працаваць: біў палі на будаўніцтве панскага млына, касіў у панскім маёнтку, хадзіў па вёсках падручным печніка, працаваў паштальёнам.

 

Аднак маладосці хапала на ўсё — на цяжкую працу, на кнігі, на ўдзел у вясковай самадзейнасці і на галоўнае, што рабіла яго жыццё значным і патрэбным — на падпольную дзейнасць.
У 1920-ыя гады была створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Павел Жалезняковіч і яго сябар Уладзімір Царук сталі актыўнымі яе членамі, арганізатарамі Мірскага падпольнага райкама партыі. На працягу кароткага часу маладыя камуністы стварылі сетку падпольных гурткоў у навакольных вёсках: Сіняўскай Слабадзе, Вобрыне, Пагарэлцы. Яны вялі агітацыю сярод мясцовага насельніцтва, заклікалі весці непрымірымую барацьбу супраць белапольскіх акупантаў, змагацца за сваю незалежнасць.
Улетку 1926 года Павел Жалезняковіч першы раз трапіў у рукі польскай дэфензівы. Ён падвергся страшным катаванням, але маральна не зламаўся, нікога не выдаў і быў адпушчаны. Другі арышт праз два месяцы быў канцом падпольнай работы П. Жалезняковіча і яго сяброў У. Царука і С. Носа. За рэвалюцыйную дзейнасць у жніўні 1928 года польскія ўлады асудзілі іх на пажыццёвае зняволенне.
Пачалося жудаснае турэмнае жыццё. Спачатку была гродзенская турма з духатой і смуродам у перапоўненых камерах. Затым Полацк, а пазней, восенню 1928 года, Паўла перавялі ў Равічы, адну з самых цяжкіх турмаў Польшчы. Сюды збіралі “найбольш небяспечных” для польскіх уладаў вязняў, пазбаўленых правоў нават пасля выхаду на волю.
У сваіх успамінах пра той час Павел Арсенцьевіч расказваў: “Адзіночка — разведзенымі рукамі лёгка дастаеш да сцен. Прагулка — дваццаць пяць хвілін, пяць крокаў адзін за адным, не размаўляючы. Галодны нішчымны паёк. Толькі і думаеш, як бы гэта, якім лякарствам забіць малады апетыт. Магільны холад, ад якога ніяк не ратуюць казённыя рызманы. За кожную правіннасць, хоць бы якую спробу абараніць сваю чалавечую годнасць — карцэр — каменны мяшок, бруд пад нагамі, цемрадзь. Стаіш. Адпачываеш на кукішках. Дзень ці ноч? Праз два-тры дні вяртаешся ў камеру, як на волю… Праз краты часта бачыш труну пад экскортам двух стражнікаў, шэрага вязня з рыдлёўкай і чорнага ксяндза. А некаторыя вар’яцелі: толькі пачуеш дзікі крык або рогат, так і ведай — яшчэ адзін!..”
Праз некаторы час у Равічы перавялі У. Царука і С. Носа. Гэта аблегчыла цяжкае турэмнае жыццё. Падтрымка таварышаў, сумесная барацьба за свае правы прыдавалі сілы. У турэмных засценках ім аднойчы нават пашчасціла разам сфатаграфавацца.
Па 13 год у турэмных засценках правялі Павел Жалезняковіч і яго сябар Уладзімір Царук (Сямён Нос не вытрымаў цяжкіх катаванняў — памёр у турме). І толькі верасень 1939 года прынёс ім вызваленне.
Радасць будаўніцтва новага жыцця на вызваленых землях цалкам захапіла П. А. Жалезняковіча. Гэта не важна, дзе працаваць, абы працаваць з поўнай энергіяй, аддаючы ўсе свае сілы. І Павел Арсенцьевіч застаўся на сціплай пасадзе загадчыка турэцкага млына, потым узначальваў Турэцкі сельскі Савет. А хутка яго перавялі ў выканкам Мірскага раённага Савета дэпататаў працоўных, дзе працаваў сакратаром. Але фашысцкае нашэсце перарвала мірную стваральную працу людзей.
Павел Арсенцьевіч быў эвакуіраваны ў савецкі тыл. Але нягледзячы на дрэннае здароўе, падарванае ў польскіх турмах, ён добраахвотнікам у сакавіку 1943 года ў ролі мінёра прыбыў у Стаўбцоўска-Мірскую партызанскую зону. А пазней па просьбе камандзіра партызанскага атрада “Першы Камсамольскі” яго пакінулі ў атрадзе інструктарам па дыверсійнай рабоце.
Смеласць і высокія чалавечыя якасці стварылі яму аўтарытэт сярод партызан. І, нягледзячы на тое, што ён юрыдычна быў беспартыйным, выбралі камісарам атрада. На гэтай пасадзе яго імя стала  сімвалам высокіх рэвалюцыйных традыцый. За сваю партызанскую дзейнасць камісар Жалезняковіч быў узнагароджаны  двума баявымі ордэнамі і медалём партызана Вялікай Айчыннай вайны.
Надышло доўгачаканае вызваленне нашай краіны ад фашысцкіх захопнікаў. Трэба было аднаўляць разбураную гаспадарку, адбудоўваць спаленыя вёскі, а ў хуткім часе прыйшла пара станаўлення калгаснага ладу ў заходніх абласцях Беларусі. І Павел Арсенцьевіч, як старшыня Мірскага райвыканкама, а неўзабаве — сакратар райкама партыі, цэлымі днямі, з раніцы да вечара, сустракаўся з людзьмі, пераконваў іх у перавазе новага ладу. Яго ўпэўненасць, што толькі супольна, калектыўна можна падняць з руін народную гаспадарку, перадалася людзям. І Мірскі раён адзін з першых у вобласці завяршыў калектывізацыю сельскай гаспадаркі.
З 1952 года Павел Арсенцьевіч працуе сакратаром Любчанскага, а з 1956 па 1963 — Карэліцкага райкама КПБ. І ўсюды ён пакінуў аб сабе добры ўспамін. Вось як успамінаў аб Паўлу Арсенцьевічу былы загадчык аддзела пісем рэдакцыі газеты “Полымя” В. А. Хілімонаў: “…І так пры кожнай сустрэчы — сяброўская размова, шчырая парада. І не толькі са мной. Я, бадай, ні разу не чуў ад іншых людзей скаргаў на яго. А пасады — старшыні Мірскага райвыканкама, потым першага сакратара Мірскага, Любчанскага і Карэліцкага райкамаў партыі — нярэдка патрабавалі строгасці. Ён рабіў людзям заўвагі і папрокі, але добразычліва. Ад яго папрокаў крыўды на душы не заставалася, проста хацелася працаваць лепш”.
Апошнія свае гады Павел Арсенцьевіч працаваў старшынёй выканкама Карэліцкага пасялковага Савета. Але здзекі і катаванні ў засценках польскай дэфензівы і доўгія гады турэмнага зняволення не прайшлі бясследна. Цяжкая хвароба падарвала яго здароўе. У лістападзе 1971 года Паўла Арсенцьевіча не стала. Але памяць аб ім, як аб чалавеку з вялікай літары, засталася ў нашых землякоў, якім пашчасціла працаваць з ім. Вось як успамінае аб Паўлу Арсенцьевічу былы старшыня калгаса “Ленінскі шлях” Іван Міхайлавіч Паўловіч: “…Пры мне ён адыходзіў у свет продкаў. Пры памяці яшчэ пакінуў ашчадную кніжку, аблігацыі, якія потым перадалі дзецям. А на ашчаднай кніжцы былі лічаныя рублі. Можа сотня-паўтары рублёў. Вось так жылі ў той час кіраўнікі раёнаў, высокія людзі. Высокія людзі, бо ў іх за душой былі сумленнасць, добразычлівасць і работа, работа, работа. Мы мелі шчасце, што ў нас кіраўнікамі былі такія людзі як Павел Арсенцьевіч Жалезняковіч. Мы былі шчаслівыя, бо жылі яго духам, яго сумленнем, жылі яго ведамі, жылі яго чалавечнасцю”.
Мінула 40 гадоў, як не стала Паўла Арсенцьевіча Жалезняковіча. Але ўдзячныя нашчадкі не забываюць. Імя Паўла Арсенцьевіча ўвекавечана ў назве адной з вуліц       г. п. Карэлічы. У 2006 годзе з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Паўла Арсенць-евіча, піянерская арганізацыя Карэліцкай СШ № 2 удастоена гонару  насіць яго імя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.