Паўстагоддзя разам

У сённяшні час вельмі цяжка захаваць сапраўдныя духоўныя каштоўнасці. Але ёсць людзі, якія ведаюць, што такое любоў, вернасць і падтрымка з боку другога чалавека. Яны сапраўды гэта ведаюць. Іх вопыт правераны часам. Пражыць разам 50 гадоў. Што можа быць большым выпрабаваннем для двух любячых людзей? Як прыемна, што гэтыя людзі жывуць побач і сёння. І ўдвая прыемней, што гэта мае бабуля і дзядуля, Астроўскія Аляксандр Фёдаравіч і Ганна Мікалаеўна. Здаецца, што яны заўсёды былі разам. Сталыя, але як і ранней любячыя адзін аднаго. У жыцці бывала ўсякае, але тое, што зараз вакол любячыя дзеці і ўнукі, гаворыць толькі пра адно: іх жыццё не прайшло марна.
14 кастрычніка ў Райцаўскім сельскім Доме культуры адбылося мерапрыемства, прысвечанае залатым і сярэбраным юбілярам. На яго былі запрошаны Аляксандр Фёдаравіч і Ганна Мікалаеўна. Усё было вельмі ўрачыста і прыгожа. Юбіляры падымаліся на сцэну, дзе іх віншавалі і дарылі падарункі. А яшчэ задавалі пытанне: што трэба рабіць, каб захаваць шчасце на доўгія гады?
Аляксандр Фёдаравіч 25 гадоў працаваў брыгадзірам, а Ганна Мікалаеўна працавала швачкай. Дзядуля многа часу праводзіў у полі з тэхнікай, і гэта не магло не адбіцца на яго здароўі.  Ён часткова страціў слых.
26 кастрычніка 1961 года Гурын Ганна Мікалаеўна стала жонкай Астроўскага Аляксандра Фёдаравіча. Прайшло 50 гадоў, але яны ніколі не пашкадавалі, што зрабілі гэты крок. Ды і як можна? Разам выгадавалі дзвюх дачок, чатырох унучак. Маюць дзвюх маленькіх праўнучак: Надзейку і Палінку.
Зараз ім за семдзесят, але яны, упартыя працаўнікі, трымаюць вялікую, па сённяшніх мерках, гаспадарку. Дапамагаюць ва ўсім сваім дзецям і ўнукам. Кожны з іх добра ведае, што такое нястача. Абодва бачылі вайну і пасляваенны перыяд. Менавіта таму выхоўвалі ў дзяцей любоў да працы.
Вось і прайшло 50 гадоў іх сумеснага жыцця. Гэта можна заўважыць хіба па невялікай колькасці маршчынак на твары ды па вялікай колікасці дзяцей і ўнукаў у хаце. А яшчэ па бязмежнаму шчасцю, якое свеціцца ў вачах двух гэтых людзей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.