Работы шмат, а часу мала

У зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася чарговая нарада па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення ў Карэлічах абласных “Дажынак”, у якой удзельнічалі кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, прадстаўнікі малога бізнесу і рэлігійных абшчын.
Адкрыў і вёў яе старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак.
На парадак дня выносілася пытанне аб выкананні даручэнняў старшыні райвыканкама па рэканструкцыі, рамонце аб’ектаў і добраўпарадкаванні райцэнтра.
Адзначалася, што пэўная работа ў гэтым накірунку праведзена і прадаўжаецца. Але гэтага сёння мала, зазначыў кіраўнік раённай “вертыкалі”.
— Нам не ўдалося пакуль навесці належны парадак ні ў кварталах індывідуальнай, ні шматпавярховай забудовы. Гэта вынік недапрацовак некаторых раённых службаў, а таксама той факт, што ў значнай часткі жыхароў райцэнтра пераважае ўтрыманскі настрой, якія хочуць усё, адразу і за кошт дзяржавы.
Але рэчаіснасць такая, што ўлада не ў стане задаволіць у поўным аб’ёме ўсе запатрабаванні. Прычына банальная: недахоп фінансавых сродкаў. А наяўныя выдаткоўваюцца на самыя неадкладныя патрэбы.

Вітаючы ўдзельнікаў семінара, Руслан Юр’евіч расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і пажадаў ім плённай працы.
— У нас створана адпаведная структура ўлады — раённая “вертыкаль”. У адпаведнасці з гэтым кожны кіраўнік павінен усведамляць меру асабістай адказнасці за даручаны ўчастак работы, за вырашэнне тых праблем, якія мы акрэслілі і вызначаем, а не дзяліць работу на сваю і чужую, не спасылацца на матэрыяльныя цяжкасці, — гаварыў В. Л. Шайбак.
Старшыня райвыканкама даручыў адпаведным службам зрабіць падворны абход жыхароў райцэнтра і канкрэтна  пагаварыць з кожным домаўладальнікам для таго, каб зняць неабгрунтаваныя прэтэнзіі да ўлады і раённых арганізацый.
— Але калі мы паабяцалі дапамагчы чалавеку, то абавязаны выканаць абяцанне. Толькі ў кожным канкрэтным выпадку трэба памятаць і тлумачыць людзям, што ў нашым грамадстве заканадаўча замацаваны не толькі правы, але і абавязкі грамадзян. Яны ўзаемазвязаныя і патрабуюць крокаў насустрач уладзе, — зазначыў кіраўнік раёна.
Добраўпарадкаванне на гэтым не спыняецца. Яно будзе прадоўжана, але ў гэтай справе павінна быць сістэма і руплівая праца кожнага.
Далей нарада праходзіла ў форме справаздач кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў аб выкананні даручэнняў старшыні райвыканкама, вызначаліся наступныя задачы, аб’ёмы работ і тэрміны іх выканання.
Добраўпарадкаванне фінансуецца па сямнаццаці асноўных аб’ектах, на якіх асвоена 4 мільярды 185,5 мільёна рублёў. Практычна завершана добраўпарадкаванне тэрыторыі гімназіі № 1 г. п. Карэлічы з азеляненнем, завяршаецца гэта работа каля кінатэатра “Камсамолец”, працягваецца рамонт будынкаў: ЗАГСа, рэдакцыі газеты “Полымя”, універмага, магазіна “Галантарэя”, гасцініцы, вуліц райцэнтра”. Усяго да “Дажынак” новае аблічча атрымаюць 49 аб’ектаў. Работы шмат, а часу мала. Таму і акрэслены сціслыя тэрміны іх выканання і персанальная адказнасць за гэта кожнага выканаўцы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.