Развіваем творчыя здольнасці

У 1989 годзе пачаў сваю дзейнасць раённы метадычны цэнтр народнай творчасці (РМЦНТ). За гэты прамежак часу яго кіраўнікамі з’яўляліся Н.П.Жук і В.В.Струк. Зараз дырэктарам цэнтра працуе Н.М.Гароднік. Напярэдадні Дня работнікаў культуры карэспандэнт папрасіла адказаць яе на некалькі пытанняў.

— Наталля Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, пра асноўныя накірункі дзейнасці метадычнага цэнтра.
— Гэта актывізацыя работы сельскіх устаноў культуры па забеспячэнні высокага ўзроўню якасці арганізацыі вольнага часу насельніцтва, развіццё аматарскай мастацкай творчасці, адраджэнне традыцыйнай народнай культуры, рэалізацыя прыярытэтных задач дзяржаўнай культурнай палітыкі, падтрымка творчых ініцыятыў. Метадычная служба ажыццяўляе кантроль за творчай працай калектываў мастацкай самадзейнасці, уносіць прапановы па далейшаму паляпшэнню іх дзейнасці.
Сёння метадычная служба бачыць сваю задачу ў тым, каб удасканаліць работу сельскіх устаноў культуры, садзейнічаць павышэнню кваліфікацыі работнікаў, аказваць ім практычную дапамогу. З гэтай мэтай метадысты наведваюць установы культуры, удзельнічаюць у якасці выканаўцаў і вядучых розных мерапрыемстваў.

Спецыялістамі цэнтра вядзецца сур’ёзная работа па вывучэнню гісторыка-культурнай спадчыны. Зараз дзяржава надае вялікую ўвагу зберажэнню аб’ектаў гісторыі, архітэктуры, археалогіі, якія прадстаўляюць каштоўнасць і могуць у далейшым стаць турыстычнымі аб’ектамі. Шмат намаганняў прыкладзена спецыялістамі цэнтра, каб у Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў была занесена Тудараўская кадрыля. Дарэчы, цяпер у Карэліцкім раёне 22 аб’екты ўнесены ў гэты спіс. Па кожным такім аб’екце вядуцца ўліковая дакументацыя і строгі кантроль за іх станам.
— Накірункаў працы шмат, а хто за іх адказвае?
— У цэнтры працуе вядучы спецыяліст па аматарскіх аб’яднаннях Інга Уладзіміраўна Лазарэвіч, у сферы культуры з 2004 года. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва другі год метадыстам па рабоце з дзецьмі працуе Аксана Нічыпараўна Кайко. У 2005 годзе ў метадычным цэнтры была ўведзена адзінка метадыста па гісторыка-культурнай спадчыне. З 2008 года на гэтай пасадзе адказны спецыяліст Святлана Іванаўна Комар.
— Сёння да сферы культасветработы прад’яўляюць высокія патрабаванні, якія прымушаюць шукаць нетрадыцыйныя падыходы да распрацоўкі методыкі і арганізацыі дзейнасці ўстаноў культуры, асабліва сельскіх.
— Задачы ажыццяўлення дзяржаўнай культурнай палітыкі ў галіне народнай творчасці і культасветработы ў раёне выконвае 21 установа культуры клубнага тыпу, з іх 18 на вёсцы. Вызначаюцца новыя задачы ў сферы вольнага часу, якія ставяць перад сельскімі клубнымі ўстановамі шэраг задач. Галоўная — арганізацыя змястоўнага адпачынку розных катэгорый насельніцтва. У сувязі з гэтым асноўнае месца ў дзейнасці ўстаноў гэтага тыпу займае ўкараненне цікавых і перспектыўных форм работы, якія выклікаюць цікавасць у людзей. Плённа ў гэтым накірунку  працуюць Турэцкі, Красненскі, Жухавіцкі, Малюшыцкі ЦСДК.
У раёне даўно склалася сістэма правядзення фестываляў, конкурсаў, святаў, якія садзейнічаюць падтрымцы і развіццю дзеючых творчых калектываў, пошуку новых талентаў, а таксама стварэнню спрыяльных умоў для развіцця творчых здольнасцей насельніцтва. Штогод распрацоўваюцца графікі канцэртнага абслугоўвання жыхароў маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных клубных устаноў.
Наш гонар — 10 калектываў, якія носяць званні народны і ўзорны. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у вобласці. У сакавіку г. г. калектывы пацвердзілі свае ганаровыя званні. Задача спецыялістаў раённага метадычнага цэнтра і дырэктараў устаноў культуры не толькі ўтрымаць іх на належным узроўні, але і стварыць новыя.
Дарэчы, развіваць творчыя здольнасці культработніка, стымуляваць у ім жаданне не паўтарацца, шукаць новае, а галоўнае — навучыць выкарыстоўваць усю разнастайнасць правераных практыкай прыёмаў работы з людзьмі, умець вызначаць, як лепш прымяніць іх у канкрэтных умовах і пры канкрэтных абставінах даюць аптымальныя вынікі. А гэта, бадай, адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці спецыялістаў раённага метадычнага цэнтра.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.