Сапраўдная чараўніца

Аднойчы я прачытала выраз, які падштурхнуў мяне да роздуму: “Прафесія             “настаўнік” — ад Бога, а ўсе астатнія прафесіі ад настаўніка”. Першая думка, якая ўзнікла: “Ці можна так гаварыць? У кожнай прафесіі знойдзеш людзей, пра якіх кажуць, што яны прафесіяналы ад Бога”. А потым, паразважаўшы, я канчаткова пагадзілася з выразам. Першы, хто дае чалавеку веды, — настаўнік. Ён закладвае падмурак будучага. І каб не яго прафесійнае майстэрства і маральныя якасці, не было б ні эканаміста, ні доктара, ні журналіста.
У гераіні гэтай замалёўкі прафесія ад Бога. Пасля заканчэння БДПУ імя М. Танка яна атрымала дыплом настаўніка геаграфіі. І хоць папрацаваць у гэтым накірунку ёй не давялося, прафесіі “выкладчык” яна не здрадзіла.
Людміла Антонаўна Ложачнік — настаўнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Мірскай дзіцячай школы мастацтваў.
У яе займаецца 25 дзяцей, а гэта нямала. Кожнаму з іх Людміла Антонаўна як маці.
— Ведаеце, усе мае выхаванцы — гэта маленькія неразгаданыя планеты, — з любоўю кажа Людміла Антонаўна. — Яны цікаўныя і дапытлівыя. Іх унутраны свет, быццам чысты ліст паперы. На мой погляд, да кожнага дзіцяці патрэбна і, я ўпэўнена, можна знайсці асабісты падыход, які дапаможа яму ў жыцці. На занятках па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву я вучу выхаванцаў не толькі працаваць з рознымі матэрыяламі, такімі, як саломка, бісер, батык, высушаныя кветкі і іншыя, але і выхоўваць у іх маральныя якасці: працалюбства, узаемадапамогу, павагу да людзей. У мяне займаецца і мой малодшы сын Дзмітрый. Так што я для яго не толькі матуля, але і настаўніца.
Дарэчы, у сям’і Ложачнікаў падрастае яшчэ адзін сын. Яўгеній — вучань 7-га класа Мірскай СШ. Муж, Ігар Мікалаевіч, працуе на заправачнай станцыі.
— Ніколі не думала, што буду жыць у сельскай мясцовасці, — прадаўжае размову Людміла Антонаўна. — Сама я нарадзілася і жыла ў Клецку. Але лёс распарадзіўся па-свойму. Гэта толькі ў казках усё заканчваецца вяселлем, а ў жыцці пасля вяселля ўсё толькі пачынаецца. На плечы жанчыны кладуцца выхаванне дзяцей, дамашнія клопаты, клопаты пра родных і блізкіх, працоўная дзейнасць. Толькі паспявай. Людміла Антонаўна спраўляецца з усім на “выдатна”. Яна дапамагае Дзіме і Яўгену рабіць хатнія заданні, а пры выкананні звяртае ўвагу не толькі на іх правільнасць, але і на творчы падыход. Як і кожная матуля стараецца прыгатаваць смачную страву. Маючы ўласны дом, з дапамогаю мужа і сыноў робіць яго адметным і непаўторным: на ўчастку размясціліся кветкі і дэкаратыўныя хмызнякі. А вось на справу для душы, па словах жанчыны, застаецца толькі ноч. Людміла Антонаўна — сапраўдная чараўніца. У яе руках ажывае любая рэч. Саламяная чарапаха, нібы жывая, хаваецца пад парасонам ад дажджу, высушаныя долькі апельсінаў ператвараюцца ў кветкі, сцябло ад злоснага баршчэўніка ў рамку для карціны і цудоўную вазу, а сурвэткі з паперы пры выкарыстанні іх у тэхніцы “дэкупаж” надаюць прывабны і незвычайны выгляд самым простым прадметам.  Калі творча і з любоўю падыходзіць да справы, то ўсё можна паспець зрабіць, — кажа Людміла Антонаўна, — а галоўныя сямейныя каштоўнасці: любоў, павага, узаемаразуменне, — нададуць сілы і дапамогуць здзяйсненню новых творчых задумак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.