У гонар жанчын-маці

Стаўшая ўжо традыцыйнай сустрэча кіраўніцтва раёна з лепшымі працаўніцамі, любячымі мамамі, ахоўніцамі дамашняга ачага на Дзень маці адбылася ў гімназіі № 1 райцэнтра. На свята запрашаліся прадстаўніцы многіх прафесій: жывёлаводы, настаўнікі, медыкі, ветэраны працы. Усе яны —  увасабленне лепшых чалавечых якасцей: працалюбства, жаноцкасці, душэўнай вялікасці. Таму самыя лепшыя, самыя цёплыя і шчырыя словы віншаванняў у гэты дзень гучалі менавіта для іх.
—    Жанчына-маці — самы галоўны чалавек на зямлі, — звярнуўся да прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў. — Таму нездарма ў нашай краіне 13 гадоў назад Указам Прэзідэнта краіны было ўстаноўлена свята — Дзень маці. Вельмі слушным з’яўляецца выраз: ”Рука, якая гайдае калыску, кіруе светам”. Менавіта дзякуючы жанчыне жыццё на зямлі прадаўжаецца… І хаця дэмаграфічная сітуацыя ў раёне складаная, але на працягу 3-4 гадоў нараджальнасць расце. І гэта не можа не радаваць. Дзяржава клапоціцца пра тое, каб з кожным годам дзетак нараджалася больш.
Паважаныя жанчыны! У гэты цудоўны дзень віншую вас са святам і жадаю, каб ваша жыццё было доўгім і  цудоўным, а вы былі шчаслівымі ў вашых сем’ях і ў вашых дзецях.

Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык:
—    Жанчына нараджае, выхоўвае сваіх дзяцей, адпраўляе ў самастойнае жыццё. І шчасце ў тых бацькоў, якія змаглі закласці ў сваіх дзецях любоў да сям’і, роднага гнязда. У гэтай зале знаходзяцца цудоўныя маці, старанныя працаўніцы, якія прадстаўляюць большасць працоўных калектываў раёна. Дазвольце падзякаваць вам, мілыя жанчыны, за вашу бездакорную працу, бязмежную мацярынскую любоў. Дзяржава робіць усё для таго, каб вашы дзеці мелі магчымасць жыць і развівацца ў  камфортных умовах. У раёне шмат сродкаў укладзена ў капітальны рамонт акушэрска-гінекалагічнага аддзялення райбальніцы, ідзе рэканструкцыя дзіцячага сада № 1 райцэнтра.
Са святам вас, мілыя жанчыны! Жадаю вам, каб тое цяпло, якім вы шчодра дзеліцеся са сваімі дзецьмі, асвятляла ваш шчаслівы жыццёвы шлях!


Да слоў віншаванняў далучыліся старшыня райкама прафсаюза  работнікаў аграпрамысловага комплексу І. Л. Пянькоўская, ад імя запрошаных — Р. Я. Гайдук, якая выказала словы ўдзячнасці раённаму выканаўчаму камітэту і арганізатарам сустрэчы  за цудоўныя імгненні свята, і  начальнік упраўлення па працы, занятасці і  сацыяльнай абароне райвыканкама  І. А. Богуш — раённаму кіраўніцтву, якое штогод дапамагае ў арганізацыі свята, а таксама калектыву гімназіі №1 райцэнтра, райспажыўтаварыству, унітарнаму камунальнаму прадпрыемству бытавога абслугоўвання  насельніцтва, культработнікам.
Усе жанчыны, запрошаныя на ўрачыстасць, атрымалі памятныя падарункі і паглядзелі святочную канцэртную праграму.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.